Ашмяны — горад для сямейнага бізнесу і захавання культурнай спадчыны

События

Памяць пра мінулае — унёсак у будучыню.

Ашмяны, якім сёлета спаўняецца 675 гадоў, — месца з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. Пра гэты старажытны горад захавалася шмат цікавых звестак, фактаў. Багатая зямля Ашмяншчыны і на архітэктурныя помнікі. Нашчадкі не толькі ведаюць і шануюць гісторыю і традыцыі роднага краю, але імкнуцца захаваць і ўзбагаціць іх праз сучасныя мерапрыемствы.

Фото Светланы Муцянской
Фото Светланы Муцянской

Вядомым у краіне і за яе межамі культурным брэндам стаў фестываль «Гальшанскі замак», які спалучае ў сабе гістарычны пачатак і сучаснае яскравае дзейства. Сёлета ён прыняў больш як 2000 гасцей.

Распачаты праект па мадэрнізацыі замка, які ўключаны ў праграму «Замкі Беларусі». Летась расчысцілі падвалы, умацавалі сцены і закансервавалі паўночную вежу, дзе будзе створана музейная экспазіцыя. Наступны этап — уладкоўванне прылеглай тэрыторыі і аднаўленне паркава-сажалкавага ансамбля Сапегаў. Для рэалізацыі задумы створаны дабрачынны фонд.

Раз на два гады на Ашмяншчыне сумесна з Акадэміяй навук праводзяцца Гальшанскія чытанні. Вучоныя-энтузіясты і мясцовыя дзеці выступаюць з грунтоўнымі навуковымі працамі па гісторыі раёна, пасля чаго абавязкова выдаюцца зборнікі гэтых работ.

— Нашы дзеці бачаць, што прафесары і навукоўцы з імёнамі пішуць пра гісторыю іх роднага краю,347496 знакамітых людзей — ураджэнцаў гэтых мясцін, пра тое, што побач. І малыя яшчэ больш захапляюцца, уражваюцца, натхняюцца, — заўважыў Міраслаў САРАСЕК, старшыня Ашмянскага райвыканкама. — На гэтых чытаннях гучыць скрупулёзны аналіз гісторыі нашай зямлі ад старадаўніх часоў да сучаснасці. На базе ўсіх матэрыялаў мы плануем, магчыма да наступных чытанняў, падрыхтаваць грунтоўную кнігу «Ашмяны ў стагоддзях». Яе гістарычную значнасць можна будзе ацэньваць, пэўна, у маштабах краіны, а не раёна. Дарэчы, мы ўжо маем сур’ёзных новых навукоўцаў і гісторыкаў, якія выраслі на гэтых мерапрыемствах.

Камерцыйнае жыллё — па дэмакратычным кошце

Да нядаўняга часу Ашмяншчына лічылася рэгіёнам, які найбольш дынамічна забудоўваецца. Пры колькасці насельніцтва ў 31 тысячу цягам 3-4 гадоў тут штогод будавалася 25—26 тыс. м2 жылля ў шматпавярховіках. А ў асобныя гады з’яўлялася яшчэ і 10-11 тыс. м2 індывідуальных  будынкаў. На вуліцы Барунскай за тры гады вырас цэлы мікрараён з сучаснымі кватэрамі, у якія штогод засяляліся па 30—40 шматдзетных сем’яў.

Вытворчыя, гандлёвыя, спартыўныя аб’екты, дарогі, жыллё, шматузроўневая развязка — усё гэта выканана рукамі мясцовых будаўнікоў, у прыватнасці спецыялістамі ААТ «Будаўнік». Яны таксама збудавалі вучэбна-трэніровачны цэнтр на Астравецкай атамнай электрастанцыі. Зараз у цэнтры, праз які пройдуць усе супрацоўнікі будучай станцыі, адпрацоўваецца абсталяванне і магчымыя пазаштатныя сітуацыі.

Цяпер тэмпы будаўніцтва крыху зменшыліся. Сёлета здаецца толькі адзін 40-кватэрны дом па дзяржзаказе. Затое ААТ «Гроднажылбуд» упершыню збудавала ў Ашмянах камерцыйны дом на 130 кватэр з дэмакратычнымі цэнамі.

— Тым не менш чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (1200-1300 чалавек), амаль не зніжаецца, — зазначыў старшыня. — Для такіх людзей мы бясплатна даём для будаўніцтва зямельны ўчастак у 10-15 сотак з падведзенымі да яго сеткамі: газам, водаправодам, каналізацыяй. Толькі дарогі там будуць пракладвацца пазней. Кожны тыдзень мы выдаём некалькі такіх дазволаў. Участкі, дзе прысутнічае інфраструктура, мы прадаём пад жыллё па 100 мільёнаў рублёў.

Прыватны і замежны капітал — на агульную карысць

Ашмяны афіцыйна адзначаны як найлепшы горад для бізнесу. Такую пачэсную характарыстыку горад атрымаў па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва Гродна і раёнаў вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у розных сферах жыцця за 2015 год. У прамысловай галіне ён заняў першае месца.

— Аснова жыццядзейнасці Ашмянскага раёна — прамысловасць з яе знакавымі прадпрыемствамі. Дзякуючы ім ствараюцца працоўныя месцы, напаўняецца бюджэт і фарміруецца база для развіцця сацыяльнай сферы і інфраструктуры, — упэўнены Міраслаў Сарасек.

Сапраўды, шмат тутэйшых прадпрыемстваў маюць багатую гісторыю. Крухмальнаму заводу ўвосень споўніцца 120 гадоў, дражджавому — 135, сыраробнаму — 50. Летась 115-годдзе адзначыў мясакамбінат, 50 гадоў споўнілася льнозаводу.

5235— Дзякуючы дзяржаўнай праграме развіцця малых гарадоў нашы прадпрыемствы мадэрнізаваліся. Цяпер большасць з іх — сучасныя арганізацыі, што сталі для раёна прамысловымі лакаматывамі, — адзначыла Галіна ЛЮТКОЎСКАЯ, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама. — Нават спецыялісты, якія прыязджаюць з Еўропы, здзіўляюцца, як сур’ёзна ў нас развіваецца прамысловасць.

Аднак для паспяховай работы прадпрыемстваў патрэбна аптымізацыя, якая дасягаецца ў тым ліку і праз скарачэнне колькасці працуючых.

— Мы стараемся, каб гэты працэс насіў плаўны характар. Кагосьці пераводзім у іншыя сферы, пераглядаем нагрузкі, каб не пакідаць людзей на вуліцы, — пракаменціраваў Міраслаў Эдмундавіч. — Наша першасная задача — стварэнне працоўных месцаў і прадпрыемстваў, пашырэнне геаграфіі супрацоўніцтва.

Адметная асаблівасць прамысловасці Ашмян — практычна поўная адсутнасць дзяржаўнага гандлю. Нават магутны рэтэйлер Белкаапсаюз займае толькі 15% ад усяго аб’ёму тавараабароту. Асноўныя лічбы забяспечваюць прыватныя прадпрымальнікі. Гэта пераважна невялікія сямейныя крамы, а больш за 120 прыватнікаў працуюць у сферы аказання паслуг насельніцтву: ад будаўнічых да бытавых.

— Такі падыход выгадны ўсім. Гэта і працаўладкаванне, і падаткі, і заробак, і рэалізацыя айчыннага, таму што большай часткай у такіх крамах прадаецца беларуская прадукцыя, — адзначыў старшыня выканкама.

Зараз у раёне працуе 20 прадпрыемстваў з замежным капіталам. Гэта кампаніі, якія займаюцца прамысловай вытворчасцю. Напрыклад, ва «Унісон груп» напачатку працавалі 25 чалавек, зараз іх 100, а ў планах — расшырыцца да 150.

Рэалізаваны два інвестыцыйныя дагаворы. Ужо працуюць запраўка «Лукойл» і гандлёвы цэнтр у мікрараёне Заходні, пабудаваныя мясцовым ААТ «Будаўнік». Зімою адкрыецца прыдарожнае кафэ 3-га ўзроўню ПГПП «Туалсан». Яшчэ сем інвестыцыйных праектаў у сферах гандлю, паслуг, вытворчасці, энергетыкі плануюцца да рэалізацыі. Напрыклад, будуецца прыватны адміністрацыйны будынак з гасцініцай на 40 месцаў.

Існуе 10 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з рэгіёнамі Польшчы, Літвы, Украіны, Італіі, Расіі, Азербайджана. Днямі плануецца да падпісання мемарандум з буйным польскім рэгіёнам.

— Замежныя прадпрыемствы зацікаўлены прыйсці на наш агульны рынак і размясціць тут сваю вытворчасць, — заўважыла намеснік старшыні. — Пры гэтым мы актыўна пашыраем геаграфію расійскага экспартнага рынку. Ёсць напрацоўкі па Яраслаўскай вобласці, дзе летам, думаю, мы таксама знойдзем свае нішы.

Ірына Сідарок

Па матэрыялах газеты «Звязда»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *