“Гальшанскія чытанні”: праца ў секцыях

События

Трымаю ў руках грунтоўнае выданне “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: _MG_6969Ашмяны і Ашмянскі рэгіён”. Чарговы, трэці па ліку зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаных розным аспектам гісторыі Ашмянскага павета, стаў вынікам работы V і VI міжнародных навукова-практычных канферэнцый “Гальшанскія чытанні”. Гэта важкі дадатак да даследаванняў, што ляглі ў аснову папярэдніх выданняў “Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына” і “Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.

Звыш ста артыкулаў, падрыхтаваных да Гальшанскіх чытанняў краязнаўцамі і гісторыкамі, археолагамі і мастацтвазнаўцамі, архітэктарамі і літаратарамі, школьнікамі і іх настаўнікамі, паднімаюць глыбокі пласт гісторыі Ашмянскага краю і даюць магчымасць больш шырока і ўсебакова папулярызаваць нашу гісторыка-культурную спадчыну, раскрываючы непаўторнае гістарычнае багацце беларускага народа.

_MG_5727

Сістэматызацыя ўжо набытых звестак пра наш край, новыя адкрыцці і знаходкі, укараненне навуковых даследаванняў у сферы адукацыі, прапаганда нашай спадчыны – усё гэта стала магчымым дзякуючы высілкам намесніка старшыні райвыканкама Валянціны Лузінай. Менавіта па яе ініцыятыве ў 2006 годзе Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук арганізаваў на Ашмяншчыне I Гальшанскія чытанні. На мінулым тыдні Ашмяны прымалі сёмую па ліку міжнародную навукова-практычную канферэнцыю.

Па словах дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Вячаслава Даніловіча, мэта такіх мерапрыемстваў – данесці да грамадскасці краіны, суседніх дзяржаў і ўсёй сусветнай супольнасці багацце беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, якой мы маем усе падставы ганарыцца.

_MG_5731

— Вывучэнне рэгіянальнай гісторыі Беларусі доўгі час было полем дзейнасці мясцовых краязнаўцаў. Гісторыкі калі і звярталі ўвагу на вёскі, сёлы, мястэчкі, то толькі ў межах фундаментальных даследаванняў, — адзначыў навуковец. — На сённяшні дзень распачатае па ініцыятыве вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі правядзенне навуковых семінараў і канферэнцый, круглых сталоў стала традыцыйным. Гэта пацвярджаюць і Гальшанскія чытанні, скіраваныя на фарміраванне патрыятызму, захаванне культурна-гістарычнай пераемнасці і нацыянальнага гонару.

Найбольшую ўвагу даследчыкаў прыцягнула асноўная тэма “Ашмяншчына – рэгіянальныя асаблівасці развіцця X-XX стст.». Пасяджэнні прайшлі адначасова ў трох секцыях. У першай, якая размяшчалася ў памяшканні райвыканкама, пра вынікі новых археалагічных даследаванняў гальшанскіх гарадзішча і селішча распавёў гаворку навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Кенька. З археалагічнымі знаходкамі падчас чарговай экспедыцыі на Ашмяншчыну пазнаёміў прысутных малодшы навуковы супрацоўнік інстытута Яўген Уласавец, які даследаваў грунтовы могільнік паблізу в. Роўнае Поле.

Ашмяншчыне ў розныя гістарычныя перыяды былі прысвечаны выступленні Алега Дзярновіча, Усевалада Юргенсона, Валянціна Голубева і Аляксандра Ерашэвіча. Выклікаў цікавасць даклад Уладзіміра Пашкевіча “Люстрацыя млыноў Ашмянскага павета 1777 года”, а таксама выступленне Рагнеды Аляхновіч па тэме “Шлюбныя сувязі Гаштольдаў і Гальшанскіх”. Дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Віталь Галубовіч прааналізаваў пасольскую інструкцыю Ашмянскага сойміка на надзвычайны сойм 1642 года. Што ўяўлялі сабой Жупраны, а таксама населеныя пункты, якія ўваходзілі ў жупранскі двор у 1701 годзе, распавёў Андрэй Мяцельскі.

Мясцовыя юныя даследчыкі – вучні школ раёна закранулі падзеі паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Пра аднаго з кіраўнікоў гэтага паўстання — Якуба Ясінскага падрыхтаваў паведамленне вучань СШ №3 Арцём Снарскі. А вось вучаніца СШ №2 Таццяна Вайгяніца сабрала інфармацыю пра шляхецкія сядзібы Барунскага тракту, куды ўвайшлі ўладанні ў Агародніках, Алянах, Гейстунах, Бянюнах…

_MG_5755

Другая секцыя, аб’яднаная тэмай “Новы і навейшы час на Ашмяншчыне”, працавала ў СШ №2. Значную цікавасць у аўдыторыі выклікала выступленне дацэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Таццяны Вароніч, якая падрыхтавала даклад па тэме: “Свет здарэнняў Ашмянскага павета ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў: па матэрыялах губернатарскіх справаздач”. Аб канфесійным становішчы Ашмяншчыны на мяжы XIX–XX стст. распавяла гаворку загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі Валянціна Яноўская. Тэму канфесійных зносін працягнула кандыдат гістарычных навук (Інстытут гісторыі НАН Беларусі) Раіса Зянюк. Аляксандр Радзюк з Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта на прыкладзе Ашмянскага рэгіёна раскрыў падзеі паўстання 1831 года. Прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Эмануіл Іофе падрыхтаваў паведамленне аб партызанскім руху ў нашым раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наш зямляк, гісторык-краязнаўца Васіль Юрша выступіў з дакладам аб Юршанах і юршанскай шляхце ў XVI-XIX стст. Цікавыя паведамленні падрыхтавалі вучні. Данііл Цімановіч з Дакурнішскага ВПК раскрыў гісторыю і сённяшні дзень станцыі Ашмяны. Пра Першую сусветную вайну сабрала ўспаміны сваіх родных вучаніца Гальшанскай СШ Дзіяна Гагілайце. Вучань СШ №3 Уладзіслаў Ігнатовіч зацікавіўся развіццём эканомікі свайго рэгіёна ў першыя гады пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны.

IMG_5734

Пад знакам Года культуры прайшло пасяджэнне секцыі ў гімназіі №1. Размова тут вялася пра матэрыяльную культуру ордэна францысканцаў на тэрыторыі Ашмянскага павета, творчасць нашага земляка Францішка Багушэвіча, асаблівасці рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, творчую спадчыну Фердынанда Рушчыца. Цікавыя паведамлені на гэтыя тэмы падрыхтавалі дацэнт БДУ Міхаіл Кенька, скульптар Валерый Калясінскі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Ігар Шаладонаў, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Герман. Шэсць паведамленняў зрабілі вучні мясцовых школ. Пра Дугу Струвэ, занесеную ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА, і адзін з яе пунктаў — Тупішкі расказала вучаніца Гальшанскай СШ Вікторыя Янушкевіч. Ганарыцца Ашмяншчына творчымі людзьмі. Творчасць свайго земляка, паэта Анатоля Кавалеўскага прааналізавала вучаніца Дакурнішскага ВПК Дзіяна Рацкевіч. Ян Віткоўскі і Кацярына Асмольская (СШ №1) зрабілі паведамленне пра ашмянскага мастака, дырэктара школы-інтэрната Уладзіміра Бізюка. Вучань 11 класа гімназіі №1 Максім Готка спыніўся на падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Сваё выступленне пад назвай “З аднаго металу адліваюць медаль за бой і медаль за працу” даследчык прысвяціў дзядулю Міхаілу Кілачыцкаму, які прайшоў нялёгкімі дарогамі вайны, а ў мірны час працаваў настаўнікам роднай мовы ў школе-інтэрнаце. Вучань СШ №1 Аляксей Міхалёў знайшоў цікавыя звесткі пра беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка і літаратуразнаўца, каталіцкага святара Адама Станкевіча. Відэаролік пра авеяны легендамі і паданнямі Гальшанскі замак падрыхтавала пяцікласніца СШ №3 Аляксандра Амбражэвіч.

Падводзячы вынікі плённай працы ў секцыях, загадчык аддзела археаграфіі і краязнаўства Інстытута гісторыі НАН Аляксандр Доўнар унёс прапанову праводзіць Гальшанскія чытанні на працягу двух дзён, бо падчас паралельнай работы секцый зацікаўленыя людзі губляюць магчымасць пазнаёміцца з усімі дакладамі. Дырэктар інстытута Вячаслаў Даніловіч выказаў шчырую падзяку настаўнікам школ раёна, якія вядуць значную краязнаўчую і выхаваўчую работу са сваімі вучнямі, прывіваюць дзецям цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *