Літаратурны марафон завітаў у Граўжышкі

Год культуры в Ошмянском районе

Літаратурны марафон “Творцы і кнігі: юбіляры 2016 года” прадаўжае сваё шэсце па бібліятэках раёна. Чарговы прыпынак — у Граўжышках, дзе бібліятэкары Галіна Кукель, Валянціна Дзядзічкіна і Марыя Ганевіч зладзілі свята паэзіі ў гонар сваёй зямлячкі, жыхаркі вёскі Вялікія Вайшнарышкі Ядзвігі Чаплінскай. У красавіку Ядзвіга Іосіфаўна адзначыла чарговы юбілей. Гэта дата стала падставай сабрацца ў Граўжышкоўскім Доме культуры ўсім, каму неабыякава паэтычнае вытанчанае слова, хто цікавіцца творчасцю беларускіх майстроў літаратуры і хто з задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне прыняць удзел у мерапрыемствах да Года культуры.

IMG_5294

Вучні мясцовага вучэбна-педагагічнага комплекса, настаўнікі, работнікі культуры, сельвыканкама, аднавяскоўцы і госці з горада прыйшлі на ўрачыстасць, каб раздзяліць з юбіляркай яе прыгожае свята. І хаця, бясспрэчна, галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства выступілі работнікі Граўжышкоўскай, Крэйванцаўскай і Гродзіеўскай бібліятэк, свята не было б такім яркім іўзнёслым без удзельнікаў народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” Алены Сальмановіч, Вацлава Сідаровіча і Эдуарда Булкевіча. У Граўжышках і наваколлі ні адно свята не праходзіць без прыгожых беларускіх песень гэтага калектыву.

IMG_5286

Пачалася імпрэза лірычнай кампазіцыяй пра Беларусь у выкананні кіраўніка сямейнага гурта Алены Сальмановіч. З гэтай мелодыяй ўдала зліліся паэтычныя радкі Ядзвігі Чаплінскай, напоўненыя пачуццём любові да роднага краю і сваіх продкаў, хараством навакольнай прыроды і рознакаляровай палітрай чалавечых пачуццяў. З замілаваннем слухалі ўдзельнікі святочнага мерапрыемства вершы паэткі ў выкананні вучняў мясцовага вучэбна-педагагічнага комплекса Валянціны Загурскай, Алены Купчалойць, Валерыі Грышкойць, Паліны Буйвід, Андрэя Станчыка і Анастасіі Дзятловіч. Вядучыя свята Валянціна Дзядзічкіна і Марыя Ганевіч пазнаёмілі прысутных са старонкай жыццёвай і творчай біяграфіі віноўніцы ўрачыстасці. Нарадзілася яна ў невялічкай і прыгожай вёсцы Падгаі Граўжышкоўскага сельсавета. Тут атрымала пачатковуюадукацыю. Затым была базавая школа ў Вялікіх Вайшнарышках, сярэдняя – у Гальшанах.

У 1973 годзе яна паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Любоў да роднага слова настаўніца прывівала спачатку клявіцкай дзятве, затым ажно да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў Вайшнарышках.

У сваёй паэзіі Ядзвіга Іосіфаўна часта звяртаецца да вясковай тэматыкі. З любоўю піша пра родны край і землякоў, бацькоў і аднавяскоўцаў, уплятаючы слоўцы-іскрынкі ў паэтычную аснову сваёй душы. З такім жа замілаваннем яе рукі вышываюць на льняных сурвэтках і ручніках беларускія ўзоры з валошак, шыюць мяккія цацкі ў падарунак для сяброў, вяжуць абновы для ўнукаў.

Гэты дар і пачуццё прыгожага перадала ёй у спадчыну матуля. Сёння хата Чаплінскіх можа “супернічаць” з прафесійнымі музеямі народнай творчасці. Тут і распісаны бабулін куфар, і тканыя посцілкі, што засталіся ў спадчыну ад маці, саламяныя кветкі і вышываныя крыжыкам карціны. Усё гэта надае ўтульнасці хаце, у якой Ядзвіга Іосіфаўна з мужам Войцехам Пятровічам жывуць больш за 40 год. Летам у Вайшнарышкі прыязджаюць да бабулі з дзядулем унукі з Гальшан і Мінска. Часта наведваюцца ў бацькоўскі дом дочкі. Наталля працуе мадэльерам у сталіцы, а Алена — галоўны эканаміст у СВК “Гальшанскі”.

IMG_5326

Родныя прыхільна ставяцца да паэтычнага таленту жанчыны і заўсёды рады яе перамогам. Ядзвіга Іосіфаўна стала лаўрэатам абласнога конкурсу “Поэзия – души движенье”, прысвечанага 90-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У раённым конкурсе патрыятычнай песні паэтка абараняла гонар Граўжышкоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу і заняла другое месца ў намінацыі “Свабодная тэма”. Некалькі год назад Ядзвіга Іосіфаўна разам з ашмянскімі паэтамі ўдзельнічала ў паэтычнай вандроўцы па Літве, у свяце беларускай, польскай і літоўскай паэзіі і літаратурным фестывалі “Ліра Сыракомлі”. Яе вершы ўвайшлі ў сумесны паэтычны зборнік “Сустрэчы”. Ашмянскія бібліятэкары падрыхтавалі зборнік паэткі пад назвай “Мелодыі маёй душы”. Ядзвіга Іосіфаўна вельмі лёгкая на пад’ём. Яна з радасцю адгукаецца на розныя літаратурныя паэтычныя сустрэчы: з паэтамі Смаргоні ў Залессі, на Астравеччыне і ў Валожыне.

IMG_5385

Гэтыя спатканні і вандроўкі часта выліваюцца ў паэтычныя радкі. А яшчэ Ядзвігу Іосіфаўну натхняюць на напісанне вершаў беларускія паэты. У дваіх яе любімых аўтараў, Максіма Багдановіча і Ніла Гілевіча, сёлета таксама юбілеі. Размова пра іх вялася на мерапрыемстве праз відэафільм, падрыхтаваны супрацоўнікамі раённай бібліятэкі спецыяльна да літаратурнага марафону.

Павіншаваць Ядзвігу Чаплінскую са святам і выказаць цёплыя словы падзякі за творчасць прыйшлі дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Марына Белавус, прыхільніца творчасці паэткі, бібліятэкар Кальчунскай сельскай бібліятэкі Алена Шкелда, кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты Аліна Санюк. З музычным віншаваннем звярнуліся да сваёй зямлячкі ўдзельнікі сямейнага ансамбля “Граўжанцы”. Кветкі і падарункі прымала віноўніца ўрачыстасці і ад мясцовых бібліятэкараў.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *