Неспакойнае сэрца Мар’яна Рудзеўскага

Главное

Ён не любіць высакапарных слоў, а таму атрымаць “пропуск” у яго душу было нялёгка. І ўжо нават даўшы канчатковую згоду на сустрэчу, ён не пераставаў вагацца: “Навошта ўсё гэта! Можа не трэба? Няма ў мяне аніякіх заслуг…”. Ён з таго пакалення, якому неабыякавы ўвага і ацэнка з боку дзяржавы: ганаровыя знакі і званні, граматы і медалі, што беражліва захоўваюцца ў сервантах і састарэлых чамаданчыках з дакументамі. І якое, у сілу сваёй прыроджанай сціпласці, замоўчвае свае заслугі перад уласным сумленнем і Богам: ва ўсіх сітуацыях заставацца чалавекам, не прагібацца пад час і абставіны, не хітраваць, а проста быць сапраўдным – чалавечным. Ёсць у яго і адны заслугі, і другія, аднак праз гады ён усё больш прыходзіць да высновы, што найбольш важкая ўзнагарода – павага людзей, што сустракаліся на жыццёвым шляху.

IMG_5132

Мар’яну Адольфавічу Рудзеўскаму бярэцца пад восемдзесят. Сваё жыццё ён аддаў “барацьбе з інфекцыямі і бактэрыямі”, узначальваючы санітарныя службы ў раёнах Гродзеншчыны, больш часу – на Ашмяншчыне. Некалькі год працаваў у лабараторыі водаканала на ачышчальных збудаваннях ашмянскай ЖКГ. А калі ўжо канчаткова выйшаў на пенсію, заняўся грамадскай справай – быў адказным сакратаром раённага савета ветэранаў.

Менавіта тады і адбылося наша знаёмства. Працавалі мы па суседстве, хаця знайсці яго ў кабінеце было вялікай удачай. Разам з Аляксандрам Цімафеевічам Калягам ён хадзіў па арганізацыях у пошуках грошай на вырашэнне праблем пажылых людзей, сустракаўся з кіраўніцтвам устаноў, дзе калісьці працавалі ветэраны вайны і працы, дамаўляўся аб аказанні дапамогі састарэлым людзям. Часта бывалі яны ў школах, бо лічылі выхаванне моладзі на прыкладзе старэйшага пакалення важным складнікам у фарміраванні асобы чалавека. Арганізоўвалі віншаванні членаў сваёй шматтысячнай арганізацыі з юбілейнымі датамі, хадайнічалі перад мясцовай уладай аб узнагароджанні ветэранаў…

Твар Мар’яна Адольфавіча і праз гады не страціў адкрытасці і дабрыні. Погляд заўсёды сяброўскі. Мажліва, пагэтаму да яго заўсёды цягнуцца людзі.

5

У Рудзеўскага ніколі не было металу ў голасе, што ўласціва многім начальнікам. Ён ніколі не апускаўся да крыку. Тым больш — да прыніжэння чалавека. Не скардзіўся на людзей, спісваючы быццам бы на іх нядбайнасць і гультайства свае, як кіраўніка, грахі і недахопы. У калектыве Ашмянскай санстанцыі за гэта яго паважалі. Але недалюблівалі зверху. Мар’яна Адольфавіча часта выклікалі «на кавёр», у адкрытую ўказваючы, дзе яго месца. Пры гэтым галоўны санітарны ўрач, прынцыповы і прамалінейны, заўсёды адстойваў сваю лінію, бо разумеў, што стаіць на ахове здароўя насельніцтва. Не скарацца перад абставінамі, нават самымі суровымі, ён навучыўся з дзяцінства.

Калі пачалася вайна, Мар’яну спойнілася пяць год. Вайна прыйшла ў вёску Шымкі, што на Мядзельшчыне, разам з жудасным гулам варожых самалётаў. Тады Юзэфа Фомаўна брала сына на рукі і бегла ў лес. У мядзельскіх лясных нетрах знаходзілі сховішча не толькі вяскоўцы, але і партызаны. Часта наведваліся яны ў хату да Рудзеўскіх, бо стаяла яна на рагу вёскі, пры лесе. Тады хлопчык не разумеў, што за дзядзькі прыходзяць да іх, чаму шчыльна завешвае вокны маці і што за ліст паперы разгортваюць начныя госці на стале і водзяць па ім пальцам. У хуткім часе партызанская вёска была спалена, а яе жыхароў у абозе накіравалі на чыгуначную станцыю, для адпраўкі на Нямеччыну. У Лынтупах бацька, Адольф Іосіфавіч, сустрэў свайго добрага знаёмага, і сям’і Рудзеўскіх пашчасціла вырвацца з варожага палону.

11
М.Рудзеўскі з аднакурснікамі (крайні справа)

Сябар узяў сям’ю да сябе. Бацька дапамагаў яму па гаспадарцы. А яшчэ ён добра ўмеў шыць: мог справіць не толькі кашулю ці штаны, але і кажух. Спачатку пехатой, а калі зарабіў грошай на каня і воз, аб’ездзіў у пошуках заробку амаль увесь Астравецкі раён.

Праз два гады вярнуўшыся дадому, Рудзеўскія выкапалі зямлянку, а ў суседніх Прудніках пачалі ўзводзіць новую хату. У школу Мар’ян пайшоў у дзесяць год. Спачатку вучыўся ў Баярах, затым — у Юшкавіцкай сямігодцы. Старэйшыя класы заканчваў ужо ў Мядзелі. З-за праблем са зрокам Мар’яна не ўзялі ў армію. Заставалася пайсці ў калгас, што не вельмі палохала хлопца: яшчэ падлеткам бацька навучыў яго хадзіць за плугам і касіць, з павагай адносіцца да зямлі.

У той час многія маладыя людзі накіроўваліся па камсамольскай пуцёўцы асвойваць цалінныя землі. Ехалі за свет і аднакласнікі Мар’яна. Так апынуўся Рудзеўскі на будаўніцтве Жэзказганскага медзеплавільнага завода. Работа была нялёгкай, аднак грошы маладому арматуршчыку плацілі добрыя. Праз тры гады вярнуўся хлопец дамоў на пабыўку. Прыляцеў на самалёце: грошай хапіла не толькі на авіябілет, але і на гасцінцы сваім родным. Нават і не думаў тады шчаслівы юнак, што назад ужо не вернецца. Не змог ён устаяць перад матчынымі слязьмі, для якой расстанне з сынам было самай страшнай карай.

Сын Аляксандр
Сын Аляксандр

Кнігу свайго жыцця не кожны дачытвае да канца. Многія так і спыняюцца на прадмове. Яшчэ горш, калі чалавек трапляе не ў сваю каляіну і рыпіць па ёй усё жыццё, як нязмазаны сялянскі воз… Прадмову сваёй кнігі жыцця Мар’ян Рудзеўскі прачытаў у родным калгасе, куды ўладкаваўся рахункаводам. Здавалася, што тут думаць і гадаць: усё зразумела, тым больш што і накіраванне на вучобу ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію ўжо ляжала ў кішэні. Хлопцу падабалася сялянскае жыццё. Усё на зямлі было яму родным і блізкім. Бацькі, патомныя сяляне, былі людзьмі мудрымі, не навязвалі сыну свайго меркавання, але ў душы радаваліся: падабаецца яму праца на зямлі – і слава Богу.

Аднак лінія лёсу скіравала жыццё Рудзеўскага ў іншы бок. Старшыня калгаса выклікаў яго ў кабінет і прапанаваў паспрабаваць сілы на падрыхтоўчых курсах для паступлення ў Мінскі медыцынскі інстытут: такое распараджэнне прыйшло на райвыканкам, неабходна было выбраць прэтэндэнта з ліку перадавікоў сельскай гаспадаркі. Рудзеўскі на такі круты паварот не разлічваў і пачаў сумнявацца, за што быў абазваны кіраўніком гаспадаркі дурнем. “Такі шанс упускаць нельга, тым больш, што на зямлю можна вярнуцца ў любы час”, — адрэзаў старшыня. На гэтым у сумненнях была пастаўлена кропка.

Пасля заканчэння завочных курсаў Мар’яна чакалі экзамены. Фізіку і хімію ён здаў на пяцёркі. Чацвёрку паставілі хлопцу за сачыненне. А вось нямецкая мова падкачала: у старэйшых класах у іх не было настаўніка, аб якіх ведах магла ісці гаворка. Тройку слухачу-абітурыенту ўсё-такі паставілі: за фантазію, як сказала выкладчыца на экзамене. Гэтыя адзнакі давалі магчымасць быць залічаным у інстытут на адзіны тады лячэбны факультэт. Аднак перад пачаткам вучобы студэнтаў сабралі на сход і паставілі перад фактам: тройкі па выніках экзаменаў пазбаўлялі права на стыпендыю і месца ў інтэрнаце.

Такое рашэнне хлопцу з беднай сялянскай сям’і было як прысуд. Разам з тым, Міністэрствам аховы здароўя БССР былі заключаны дамовы з ВНУ іншых краін Савецкага Саюза на падрыхтоўку спецыялістаў для сваёй краіны. Так трапіў Мар’ян Рудзеўскі ва Украіну, у Данецкі медыцынскі інстытут. Вучоба на санітарна-гігіенічным факультэце давалася лёгка, за што студэнт быў вельмі ўдзячны школьнай настаўніцы хіміі Алене Фёдараўне Гоман. Складаней было ў матэрыяльным плане, бо стыпендыі на адзенне і ежу не хапала. Пасля першага курса Мар’ян разам з аднакурснікам Іванам Харковічам цэлае лета працаваў на будоўлі. На заробленыя падчас канікул грошы студэнт купіў касцюм і шляпу. На чацвёртым курсе Мар’ян сумяшчаў вучобу з работай на “хуткай дапамозе” і медбратам у бальніцы.

Пры размеркаванні малады спецыяліст выбраў з сябрам Гродзеншчыну: Іван адправіўся ў Ваўкавыск, а Мар’ян, якому хацелася працаваць бактэрыёлагам, накіраваўся ў Свіслач загадчыкам бактэрыялагічнай

Сын Андрэй
Сын Андрэй

лабараторыі. Праз два тыдні работу прыйшлося памяняць: пасля адміністрацыйнага падзелу раёнаў Мар’ян Адольфавіч узначаліў санстанцыю ў Бераставіцы. Тут сустрэў ён сваю жонку Тэрэзу Адамаўну, выпускніцу Слонімскага медвучылішча, якая падарыла шчасліваму бацьку двух сыноў. У Бераставіцы набіраўся вопыту і спасцігаў навуку кіраваць і несці за ўсё адказнасць. Тут ён зразумеў, што сіла кіраўніка — не ў магчымасці распараджацца людзьмі і вяршыць іх лёсы, а ва ўменні праяўляць чалавечнасць. Пахвала мацнейшая за “разнос”. Давер акрыляе чалавека, а празмерны кантроль забівае творчасць.

У 1973 годзе Мар’ян Адольфавіч пераязджае з сям’ёй у Ашмяны: адсюль яму бліжэй ездзіць да састарэлых бацькоў, якія жывуць пад Мядзелем. Хутка знаходзіць агульную мову з калегамі, з мясцовым кіраўніцтвам, з кіраўнікамі ўстаноў і арганізацый раёна. Разам са сваімі падначаленымі займаецца рэканструкцыяй будынка на Савецкай вуліцы, дзе зараз размяшчаецца цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, праводзіць ацяпленне, імкнецца да таго, каб створаная ў Ашмянах баклабараторыя стала школай перадавога вопыту не толькі для калег-спецыялістаў Гродзеншчыны, але і ўсёй рэспублікі. Урачы санстанцыі робяць усё неабходнае, каб не дапусціць успышак інфекцыйных захворванняў: на брушны тыф, коклюш, адзёр, слупняк, дыфтэрыю, гепатыт “А”.

Мар’ян Адольфавіч і сёння любіць заходзіць да сваіх маладых калег. Ён задаволены не толькі іх работай, але і тым, што не забываюць у калектыве пенсіянераў, заўсёды запрашаюць у госці, праяўляюць клопат і ўвагу.

З жонкай Тэрэзай Адамаўнай і сынам
З жонкай Тэрэзай Адамаўнай і сынам

Трымаючыся лініі лёсу, мы не заўважаем, як пралятаюць гады. І не задумваемся аб тым, што кожны пражыты дзень – гэта шчасце. Кажуць, што дзень ацэньваецца пад вечар, а жыццё – пад канец. Мар’ян Адольфавіч ведае цану хлеба, бо ў дзяцінстве марыў аб тым, каб удосталь яго пад’есці. Ён ведае і цану жыцця, бо пражыў восемдзесят год. Ён часта ацэньвае пройдзены жыццёвы шлях. Ганарыцца сынам Аляксандрам – намеснікам дырэктара па агульных пытаннях Ашмянскіх электрычных сетак. Зразумеў хваляванні сваіх бацькаў, якія адпускалі яго ў няблізкі свет: малодшы сын Андрэй зараз жыве ў ЗША, у Кліўлендзе, штат Агая. Калісьці жыццё дзіцяці вісела на валаску. Урачы выявілі ў хлопчыка цяжкі парок сэрца. Бацька дайшоў да Міністэрства аховы здароўя БССР. Дзякуючы дапамозе Усесаюзнага дабрачыннага фонду імя Леніна, Андрэю зрабілі аперацыю ў Амерыцы, і сёння яго жыццю нішто не пагражае. Мар’ян Адольфавіч задаволены сваімі творчымі і таленавітымі ўнучкамі Вікторыяй і Дзіянай.

Бываючы ў горадзе, ён часта заходзіць ва ўстановы і арганізацыі, сустракаецца з прафсаюзнымі лідарамі, каб нагадаць ім аб былых калегах-пенсіянерах, у якіх юбілейная дата ці якім неабходна дапамога. Скажаце, навошта яму гэта патрэбна? За гэта не заўсёды нават дзякуй скажуць?!

«Усё, што сёння аддаеш людзям, у вечнасці будзе тваім,” – лічыць Мар’ян Адольфавіч Рудзеўскі. А наконт «дзякуй»… Памятаеце, у Андрэя Дзяменцьева: «Не жалейте своей доброты и участья, если даже за все вам — усмешка в ответ».

Аліна САНЮК.

Фота з сямейнага архіва і Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *