Як ашмянцаў танцаваць вучылі

Год культуры в Ошмянском районе Культура

У раённым цэнтры культуры прайшло мерапрыемства для ўсіх, хто любіць танцаваць і цікавіцца гісторыяй. На забаўляльна-пазнавальную праграму “Культурная спадчына – повязь часоў” запрасілі ашмянцаў удзельнікі тэатра гістарычнага танца Soleil і дуэта “Дзівабор” з Мінска.

IMG_3885

Пасля кароткага аповеду пра культуру і побыт Заходняй Еўропы XIV стагоддзя госці прадэманстравалі паказальныя танцы La Rotta і Saltarello, а таксама сярэднявечны фарс “Балея”. Фарс – камедыйны жанр, таму радасці і смеху было досыць багата.

Гледачы не былі пасіўнымі назіральнікамі. Ім была прапанавана гульня “Кармленне ліса”, а таксама танцавальны майстар-клас. Юныя ашмянцы навучыліся выконваць старадаўнія беларускія танцы “Маразуля” і “Анёл”, старафранцузскія – Ai vis lo lop (“Я бачыў ваўка”) і “Бранль прачак”, румынскі – Drumul Draculi, а таксама “Кастарват”, вядомы ў кельцкіх народаў: ірландцаў, брэтонцаў і шатландцаў.

IMG_3949

Асаблівасць мерапрыемства ў тым, што ўсе прапанаваныя для развучвання танцы – так званыя сацыяльныя –  нескладаныя па кампазіцыі, рухавыя і разлічаныя не на знешні эфект, а на клопат пра суседа па карагодзе. Усе наведвальнікі мелі выдатную магчымасць атрымаць добры настрой і карысныя веды. З мінскімі гасцямі ашмянцы яшчэ змогуць сустрэцца сёлета на фестывалі “Гальшанскі замак-2016”.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *