Выстава “Творцы гісторыі” у Ашмянскім краязнаўчым музеі

Год культуры в Ошмянском районе Культура

У краязнаўчым музеі імя Ф.К.Багушэвіча прайшло мерапрыемства, прысвечанае выдатным дзеячам нашага краю. Адкрыццё выставы “Творцы гісторыі” сабрала аматараў музы Кліо. Імпрэза была прымеркавана да асаблівай даты – 675-годдзя з часу першай згадкі пра Ашмяны ў “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай”.

IMG_5148

Выстава раскрывае асноўныя вехі жыцця і дзейнасці вялікіх князёў літоўскіх, польскіх каралёў, ашмянскіх старастаў і ўладальнікаў сядзіб, звязаных з нашай малой радзімай.

У якасці гасцей прысутнічалі вучні 9 “Б” класа СШ № 3 са сваім класным кіраўніком Марынай Буйвід. Мерапрыемства прайшло ў форме квэста. У англійскай срэднявечнай літаратуры квэстам (інакш кажучы, пошукамі) звалася доўгае і няпростае падарожжа героя за якім-небудзь чароўным прадметам. Сёння гэта жанр рэальных і віртуальных гульняў, які патрабуе ад удзельнікаў кемлівасці і ўважлівасці да дэталяў, умення шукаць адказы, а таксама ўзаемадзейнічаць з таварышамі па камандзе.

IMG_5147

Такім чынам, правілы гульні былі такія: кожная каманда атрымала пытанні ў канвертах і маршрутныя лісты. Гульцы павінны былі вырашыць інтэлектуальныя заданні, абапіраючыся на свае веды па гісторыі і матэрыялы, прадстаўленыя на выставе. Сярод іх былі пераважна імёны гістарычных дзеячаў, якія былі зашыфраваны ў анаграме, рэбусе, схаваны за апісаннем знешнасці. Перамагла каманда, якая хутчэй і дакладней за сапернікаў выканала заданні квэста.

Другой значнай старонкай імпрэзы стала экскурсія па выставе, падчас якой наведвальнікі і даведаліся, ці правільна яны адказалі на прапанаваныя пытанні.

IMG_5169

Адзін толькі пералік асоб, якія ў розны час жылі ў Ашмянах і іх ваколіцах, даволі аб’ёмны. Сапраўды, нашы гістарычныя дзеячы – палітыкі, адміністратары, літаратары і навукоўцы – колькі іх было! Вялікакняжацкія, каралеўскія і магнацкія дынастыі пакінулі глыбокі след у развіцці нашага краю, аднак сёння пра многіх з іх вядома надзвычай мала, нават партрэтаў не засталося – адны імёны ды гербы. Таму было карысна даведацца пра першага старасту Ашмян Гедыгольда (які згадваецца ў 1387 годзе) і апошняга – Тадэвуша Коцела (1772 – 1799 гг.). У розны час Ашмянамі кіравалі старасты са славутых радоў: Радзівілы, Сапегі, Агінскія. У горадзе і ваколіцах панавалі шляхетныя фаміліі Дарагастайскіх, Снядэцкіх, Адынцоў, Скіндэраў, Чапскіх і Стругачаў.

Вялі экскурсію Вольга Вінцаловіч і Ірына Бусловіч. З прывітаннем ад продкаў на выставу завітаў госць з XVI стагоддзя Мікалай Радзівіл Руды. На памяць з ім маглі сфатаграфавацца ўсе жадаючыя. Пераможцы і ўдзельнікі квэста атрымалі памятныя падарункі.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *