Стогадовы юбілей Браніславы Станіславаўны Алянцэвіч, бадай, самая гучная падзея ў Анжадаве за апошнія гадоў дзесяць. Пасля закрыцця школы зусім стала ціха ў гэтым аддаленым ад райцэнтра прыгранічным кутку. Вядома ж, калі Браніслава Станіславаўна была маладзіцай, жыццё ў вёсцы было іншым. Сама яна родам з Літвы, з Курмялян, аднак у Анжадава штотыдня прыходзіла з бацькамі ў касцёл. Тут яна і пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Станіславам, за якога пасля выйшла замуж. Літоўцы і беларусы жылі, можна сказаць, адной сям’ёй, паміж сабой ніколі не варагавалі, стваралі сем’і. Беларусы часта ездзілі ў Вільню, уладкоўваліся там на працу, а пасля і заставаліся жыць. Гэта ж можна сказаць і пра літоўцаў, для якіх беларускае памежжа стала другой радзімай.
Літоўка Браніслава лічыць сябе беларускай, бо тут, на беларускай зямлі, у Анжадаве, прайшло амаль усё яе жыццё. Тут нарадзілася ў Алянцэвічаў дзяўчынка Яніна. Сваю адзіную дачушку-прыгажуню бацькі любілі бязмерна, а пасля накіравалі сваю любоў і пяшчоту на сваіх унукаў. І сёння ўнучка Станіслава жыве разам з бабуляй. Браніслава Станіславаўна цалкам страціла зрок. Цяпер Стася – яе вочы. А вось Данута Віктараўна Радзюкевіч — сацыяльны работнік, якая даглядае стогадовую жанчыну, стала яе рукамі і нагамі. Не так далёка
ад бабулі, у Маслаўшчыне, жыве з сям’ёй унук Іван, які таксама часта наведваецца да радні. Радзей прыязджае на радзіму Данута. Лёс закінуў яе ў Літву. Мяжа, што пралягла паміж дзвюма дзяржавамі, дыктуе сёння свае ўмовы і не дазваляе без перашкод бываць у бацькоўскім доме.
На дзень нараджэння да Браніславы Станіславаўны Алянцэвіч прыехалі не толькі яе родныя. Павіншаваць жанчыну з важкім юбілеем прыйшлі старшыня Крэйванцаўскага сельвыканкама Валянціна Іванаўна Вінцаловіч, адказны сакратар райсавета ветэранаў Ганна Іванаўна Някрэвіч, стараста вёскі Таццяна Станіславаўна Бушмовіч. Усё жыццё Браніслава Станіславаўна аддала працы ў мясцовай гаспадарцы. У калгасе працаваў яе муж, а пасля і дачка. Падарункі прымала юбілярка ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раісы Мікалаеўны Турлай і бухгалтара гэтай агранізацыі Аксаны Анатольеўны Людкевіч. Ад праўлення СВК “Крэйванцаўскі” Браніславу Станіславаўну павіншавала старшыня прафсаюзнай арганізацыі Гражына Іванаўна Тарасевіч. Інспектар аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Андрэй Іванавіч Матылевіч уручыў жанчыне новы пашпарт.

На жаль, шаноўная юбілярка не магла парадавацца букетам кветак, што ёй падарылі, пабачыць шматлікіх гасцей, якія наведаліся ў яе невялічкую, але ўтульную хату, аднак яна адчувала шчырасць і цёплыню сказаных ёй слоў, а таксама ўвагу і клопат, якімі жанчына атулена штодня.
Аліна САНЮК.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА і з сямейнага архіва.

