Вучні Кальчунскай школы падарожнічалі па родным краі

Образование

Вучні Кальчунскай школы любяць падарожнічаць па родным краі. Кожны клас распрацаваў свае маршруты, куды ўключаны музеі, бібліятэкі, культурна-гістарычныя помнікі і нават прадпрыемствы. Адзін з такіх маршрутаў пралёг сёлетняй вясной у Мір і Навагрудак.

12

Для некаторых дзяцей сустрэча з загадкавым Мірскім замкам была першай, а для некаторых — чарговай. Экскурсія па ўнесеным у Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА архітэктурным комплексе паглыбіла веды дзяцей, набытыя перад ад’ездам, калі ўсе разам складалі гістарычную даведку пра замак.

Наша падарожжа прадоўжылася знаёмствам са старажытным Навагрудкам. Першым пунктам маршруту стаў помнік Міндоўгу. Затым на гары вялікага князя літоўскага вучні пабачылі руіны замка, ад якога засталіся толькі дзве вежы: адна прыйшла са старажытнасці, другая – адноўлена сучаснымі майстрамі.

1 2

Незабыўныя ўражанні засталіся пасля наведвання Дома-музея Адама Міцкевіча. Пакоі, мэбля, карціны, незвычайны інтэр’ер – усё нагадвала нам пра эпоху паэта. Адна з залаў выклікала асаблівы інтарэс – кожны ўдзельнік экскурсіі ўбачыў там партрэт Енджэя Снядэцкага. Асоба Адама Міцкевіча стала нам больш блізкай. Вучні прыгадалі звесткі аб тым, што паэт быў вучнем нашага знакамітага земляка. Мы пабывалі ля помніка Міцкевічу, падняліся на курган “Бессмяротнасць”.

Сустрэча з гістарычным і культурным мінулым нашай Беларусі працягнецца і далей, разам з абвешчаным у нашай краіне Годам культуры.

Таццяна ДАВІДОВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кальчунскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *