Кожны год у першую суботу лютага школы, гімназіі і ліцэі адчыняюць свае дзверы для выпускнікоў. Тут іх чакаюць сустрэчы з сябрамі, настаўнікамі, класнымі кіраўнікамі, каб хоць на хвілінку вярнуць іх у дзяцінства. Вечар сустрэчы — гэта шчаслівыя вочы, слёзы радасці, поўныя гонару погляды педагогаў, цёплыя ўспаміны, школьныя здымкі і выпускнікі, якія прыходзяць у сцены роднай школы цэлымі класамі з букетамі кветак для сваіх класных кіраўнікоў.
Скончыўшы школу сем гадоў назад, мне было вельмі прыемна апынуцца ў сценах роднай альма-матар, убачыць сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў, якія дапамаглі нам знайсці свой шлях у жыцці, парадавацца іх поспехам, павіншаваць са святам школы.
Як і пяцьдзясят гадоў назад, школа ветліва адчыніла дзверы сваім выпускнікам, запрашаючы акунуцца ў свет успамінаў, дзе былі дзіцячыя слёзы і радасці, памылкі і поспехі, першае каханне і расчараванне, а таксама вера ў будучае і мары.
У гэты лютаўскі вечар тут успаміналі, як няпроста, па цаглінцы будавалася Гальшанская сярэдняя школа, каб стаць такой, якой яна з’яўляецца сёння. Гэтымі “цаглінкамі” былі, ёсць і будуць настаўнікі, вучні і іх бацькі.
Гальшанская школа – адна са старэйшых устаноў адукацыі ў Гродзенскай вобласці.
Першае ўпамінанне аб школе ў Гальшанах адносіцца да 1781 года, тады гэта была двухкласная рэлігійная школа пры манастыры францысканцаў. Сёння школе 235 гадоў, але, нягледзячы на свой узрост, у новым будынку яна знаходзіцца толькі пяць дзесяцігоддзяў. Свае дзверы для першых вучняў яна адчыніла разам з дырэктарам Міхаілам Сцяпанавічам Кротам 5 лістапада 1965 года. За гады яго працы ўстанова адукацыі выпусціла 1059 выпускнікоў, 22 з якіх скончылі навучанне з залатым медалем, 6 — са срэбным. Дарэчы, 1 верасня 2013 года ў гонар былога дырэктара на сцяне школы ўсталявана мемарыяльная дошка.
Працягнуў пісаць летапіс школы з 1984 па 1996 год Эдуард Сямёнавіч Корзун. Пасля вучобы на гістарычным факультэце БДУ ён прыехаў у Ашмянскі раён, і ўвесь яго далейшы жыццёвы шлях быў звязаны з Гальшанамі. Эдуард Сямёнавіч займаўся краязнаўчай дзейнасцю, удзельнічаў у археалагічных раскопках. Сабраныя матэрыялы дазволілі яму стварыць у школе гісторыка-краязнаўчы музей і выдаць кнігу «Гальшаны». У 1995 годзе музею прысвоена званне «народны», а пасля і імя выдатнага краязнаўцы, настаўніка і дырэктара.
З кожным годам установа адукацыі змянялася, прыходзілі новыя настаўнікі. З 1996 па 1998 год дырэктарам школы стаў Міхаіл Міхайлавіч Кемяжук, а з 1999-га па 2007-ы летапіс школы працягнула Лілія Вікенцьеўна Александровіч, якая згуртавала вакол сябе выдатны калектыў аднадумцаў.
У 2007 годзе ўстанова адукацыі набыла статус гімназіі са сваім гербам і гімнам. Менавіта пад кіраўніцтвам Барыса Філіпавіча Кантаровіча (дырэктар з 2007 па 2010 год) установа цалкам змяніла сваё ўнутранае і вонкавае аблічча. Барыс Філіпавіч стаў родапачынальнікам інфарматызацыі сярод устаноў раёна: у школе быў створаны інфармацыйна-бібліятэчны і камп’ютарны цэнтры.
Гісторыя школы працягваецца, старонкі летапісу пішуцца, бурліць школьнае жыццё пад кіраўніцтвам Івана Баляслававіча Каспяровіча (2011-2012) і Аксаны Анатольеўны Земляковой. Сёння Гальшанская сярэдняя школа носіць званне «Школа ўзорнай якасці і парадку».
Былых вучняў вітала дырэктар школы Аксана Анатольеўна Землякова. Яна павіншавала ўсіх прысутных са святам і адзначыла, што прыемна бачыць мэтанакіраваных і ўпэўненых у сабе маладых людзей, учарашніх вучняў, а цяпер студэнтаў і спецыялістаў розных сфер дзейнасці. Прыемна, што завіталі на свята і выпускнікі розных гадоў і розных пакаленняў, якіх заўсёды аб’ядноўвала адно – любоў да сваёй роднай школы і павага да сваіх настаўнікаў.
Героямі дня былі, вядома ж, юбілейныя выпускі 1966, 1971, 1976, 1981, 1986, 1991, 1996, 2001, 2006, 2011.
Сярод прысутных былі і выпускнікі мінулага 2015 года – учарашнія вучні вялікай дружнай суполкай прыйшлі на сваю першую сустрэчу з сябрамі, з настаўнікамі, са школай.
Кожны выпуск віталі песняй, прасілі выйсці на сцэну ўсім класам. Вядучыя нагадалі імёны і прозвішчы тых настаўнікаў, хто ў розныя гады даў пуцёўку ў дарослае жыццё сваім выпускнікам. Сярод іх класныя кіраўнікі – Надзея Пятроўна Мароз, Вольга Фёдараўна Новікава, Барыс Іванавіч Янучак, Данута Браніславаўна Ганусевіч, Казімір Альбертавіч Шульвінскі, Алег Міхайлавіч Кудраўцаў, Марыя Паўлаўна Кудраўцава, Зінаіда Рыгораўна Яфімчык, Галіна Пятроўна Рэут, Таццяна Уладзіміраўна Іванова, Ганна Тадэвушаўна Уркель, Галіна Аляксандраўна Сарока, Міхаіл Міхайлавіч Кемяжук і Алена Фёдараўна Казлоўская.
Нават знаходзячыся на заслужаным адпачынку, педагогі не забываюць родную школу, таму шмат ветэранаў прысутнічала ў зале. Ушанавалі хвілінай маўчання і тых педагогаў, дырэктароў школы, якіх ужо няма з намі.
Школьная зала нібыта іскрылася ад усмешак і добрых слоў, сяброўскіх абдымкаў і радасных успамінаў. Цёплую атмасферу падтрымлівалі шчырыя словы вядучых мерапрыемства, вершы і песні ў выкананні навучэнцаў школы з нагоды дня нараджэння навучальнай установы. Павіншаваць адміністрацыю, настаўнікаў школы, выказаць словы ўдзячнасці за іх нялёгкую працу ў справе выхавання дзяцей прыйшлі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч, старшыня сельвыканкама Войцех Коўзан і намеснік старшыні СВК “Гальшанскі” Міхаіл Скаржынскі.
Гучнымі апладысментамі сустракалі ўдзельнікі ўрачыстасці выступленні ансамбля “Мелодыка” пад кіраўніцтвам Наталлі Каспяровіч, акампаніятара аддзела культуры і вольнага часу Аляксандра Ката, настаўнікаў нямецкай мовы Сабіны Чымбар і Ганны Ляўковіч, а таксама выпускніцы 1986 года Алены Каткоўскай. Нікога не пакінулі раўнадушнымі гульні і вясёлыя конкурсы. Здавалася, што дарослыя людзі зусім забыліся на свой узрост і ператварыліся ў тых дзяўчынак і хлопчыкаў-гарэзаў, якімі былі шмат гадоў таму.
Вечар сустрэчы выпускнікоў – добрая традыцыя. Былыя вучні з задавальннем прайшлі па школьных калідорах, завіталі ў музей, наведалі свой клас, пасядзелі за партай, пагаварылі са сваім класным кіраўніком і сваімі аднакласнікамі.
Сярод выпускнікоў школы людзі самых розных прафесій — вадзіцелі і бухгалтары, прадпрымальнікі, юрысты, настаўнікі, работнікі культуры…. Многія з іх раз’ехаліся па розных гарадах і нават краінах, але ў гэты дзень усе яны прыехалі на малую радзіму, дзе прайшла іх самая бестурботная і шчаслівая пара жыцця. Дзве гадзіны вечара прамільгнулі як адно імгненне, пакінуўшы ў сэрцы кожнага светлую радасць ад сустрэчы з дзяцінствам.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.













