Турнір памяці Збігнева Камінскага

Спорт

У канцы лістапада традыцыйна праводзіцца спартыўны турнір памяці заслужанага трэнера Беларусі, нашага земляка Збігнева Камінскага, які ўнёс значны ўклад у развіццё спорту і фізічнай культуры Ашмяншчыны.

DSC_1099

 

Збігнеў Піліпавіч доўгі час працаваў старшынёй камітэта па фізкультуры і спорце райвыканкама, загадчыкам аддзела, потым дырэктарам цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы па месцы жыхарства. Ён шмат сіл і часу аддаваў рабоце, займаўся са спартсменамі-інвалідамі, знаходзіў сродкі, каб звазіць іх на спаборніцтвы па шашках і шахматах не толькі ў нашай краіне, але і за мяжу. Гэтага няўрымслівага чалавека нельга было застаць на месцы. Ён быў актыўным прапагандыстам здаровага ладу жыцця, арганізатарам спартыўных святаў і турніраў. Каманда Ашмянскага раёна знаходзілася на верхніх пазіцыях па выніках абласных спартакіяд і была сур’ёзным сапернікам іншым камандам Гродзеншчыны. У апошнія гады свайго жыцця Збігнеў Камінскі быў заняты зборам матэрыялаў па падрыхтоўцы кнігі аб гісторыі і развіцці спорту ў раёне. На жаль, гэтую работу ён так і не паспеў давесці да канца. У 2008 годзе Збігневу Камінскаму было прысвоена званне “Ганаровы жыхар горада Ашмяны”. Гэта ўзнагарода стала апошняй у яго жыцці (праз некалькі месяцаў ён памёр).

Сёння памяць аб заслужаным трэнеру ўшаноўваецца праз штогадовы турнір: яму прысвячаюць перамогі як ашмянскія спартсмены, так і гродзенскі клуб “Баторый”, з якім Камінскі падтрымліваў цесныя сувязі. Спаборніцтвы праходзяць шосты год запар – звычайна ў дзень смерці трэнера. У мінулым годзе турнір прымаў гродзенскі клуб “Баторый” (ГА “Саюз палякаў у Беларусі”), які выступіў адным з арганізатараў спаборніцтваў. Сёлета спартыўныя баталіі прайшлі на Ашмяншчыне. У спартыўнай зале СШ №3 сустрэліся каманды ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, Ашмянскага сыраробнага завода філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” і госці з Гродна – клуб “Баторый”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў турніру звярнуліся інструктар па спорце мясакамбіната Анатоль Шыдлоўскі, інструктар па спорце сыраробнага завода Валерый Вашкель і старшыня спартыўнага клуба “Баторый” Дзмітрый Кароль, якія з удзячнасцю ўспаміналі нашага земляка, спартсмена, трэнера Збігнева Камінскага.

Напружаная барацьба за кубак пераможцы разгарнулася па сямі відах спорту: шашках, шахматах, настольным тэнісе, валейболе, баскетболе, дартсе і кіданні мяча па кальцы.

Паядынкі па шашках і шахматах закончыліся на карысць каманды мясакамбіната. Тут не было роўных Тамары Філіповіч, якая адстойвала на спаборніцтвах гонар роднага прадпрыемства. Абыграла сваіх апанентаў каманда мясакамбіната і ў настольным тэнісе. У валейболе бясспрэчнае лідарства трымаў сырзавод. Гэта каманда аказалася найбольш трапнай у кідках мяча і дроцікаў дартса. Госці абышлі сваіх сапернікаў у баскетболе.

DSC_1153

У выніку спартыўны клуб “Баторый” заняў трэцяе месца і перадаў кубак пераможцы, заваяваны летась, камандзе мясакамбіната, якая ўсяго толькі на адно ачко апярэдзіла спартсменаў з сырзавода. Каманды-прызёры таксама былі ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі па кожным відзе спорту.

Арганізатары спаборніцтваў выказваюць падзяку адміністрацыі СШ №3 і настаўніку фізічнай культуры і здароўя Чаславу Унукевічу за дапамогу ў правядзенні турніру.

Аліна САНЮК.

Фота Сяргея ВАШКЕЛЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *