Вучні і настаўнікі СШ №2 сустракалі гасцей з Польшчы

Образование

У той вечар вучні і настаўнікі СШ №2 сустракалі гасцей. Ужо нават малышы, якія займаюцца ў другую змену, паразыходзіліся дахаты, а старшакласнікі з хваляваннем чакалі адказнага для іх спаткання. Вядома ж, як тут не будзеш хвалявацца, калі перад табой стаіць нялёгкая задача на прыкладзе сваёй навучальнай установы расказаць равеснікам з суседняй Польшчы аб сваёй краіне!

IMG_1443

Зацікавіць іх нашым невялічкім утульным горадам, пазнаёміць з беларускай гісторыяй, прадэманстраваць гасцям разнастайны свет сваіх захапленняў, тым самым падвесці да высновы, што краіна наша – міралюбівая, а моладзь і ў Польшчы, і ў Беларусі мае аднолькавыя погляды на жыццё, такія ж самыя інтарэсы і памкненні, любіць слухаць аднолькавую музыку, бавіць вольны час у прасторах інтэрнэту…

Што важна падчас першага спаткання? Спадабацца. А для гэтага, па вялікім рахунку, нічога звышнатуральнага прыдумваць не трэба. Шчырасць і адкрытасць, добразычлівасць і гасціннасць – вось тая формула, лёгшая ў аснову стасункаў паміж ашмянскімі і беластоцкімі вучнямі.

А пачалося ўсё некалькі год назад, калі дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук Галіна Бядуліна, якая з’яўляецца кіраўніком некалькіх інавацыйных праектаў, ажыццёўленых у СШ №2, прапанавала адміністрацыі школы прадоўжыць распачатую справу і наладзіць сувязі з калегамі з другіх краін, размешчаных па суседству.

У межах праекта “Укараненне мадэлі камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту” СШ №2 стала сябрам Віленскай беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны. Вучні і настаўнікі гэтай установы не раз прымалі ў сябе ашмянскіх школьнікаў і з задавальненнем наведваліся ў наш горад, удзельнічалі ў фестывалі славянскай культуры і краязнаўства, які ладзіўся падчас рэалізацыі праекта.

Не так даўно шчаслівы выпадак звёў адміністрацыю СШ №2 з IV агульнаадукацыйным ліцэем імя Цыпрыяна Каміля Норвіда ў Беластоку (у навучальнай установе дзеці вывучаюць рускую мову). Вясной ашмянцы пабывалі ў Польшчы і сустрэліся з дырэктарам ліцэя Бажэнай Карповіч. А ў апошнія лістападаўскія дні госці з Беластоку наведаліся ў Ашмяны. У межах ажыццяўлення сумеснага міжнароднага праекта “Руская мова як сродак камунікацыі ў сучаснай інтэрнацыянальнай прасторы”, аўтарам і кіраўніком якога з’яўляецца Галіна Бядуліна, днём пазней яны павінны былі накіравацца ў Мінск, дзе ладзілася навукова-практычная канферэнцыя, на якую былі запрошаны каля 200 беларускіх педагогаў і студэнтаў, у тым ліку і СШ №2, прафесарска-выкладчыцкі калектыў з Расійскай Федэрацыі (г.Тамбоў), педагогі і вучні з Польшчы і Літвы.

Прыпынак у Ашмянах па дарозе ў беларускую сталіцу пачаўся з традыцыйнага прывітання хлебам-соллю – галоўным атрыбутам славянскай гасціннасці. Затым гасцям, педагогам Ёанне Вап і Хелене Саевіч і іх выхаванцам, была прапанавана экскурсія па горадзе з наведваннем краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. У школе знаёмства з нашым краем прадоўжылася ў музеі “Ашмяны: падзеі і людзі”, дзе Любоў Георгіеўна Пятрова разам з вучнямі расказала аб знакавых старонках школьнага жыцця ў кантэксце гісторыі горада.

Знаёмства прадоўжылася ў актавай зале школы, дзе польскіх гасцей прывітала дырэктар Наталля Міхайлаўна Галашэўская, а затым вучні-старшакласнікі расказалі аб сабе ў форме КВЗ, прадэманставалі вакальныя здольнасці і нават аператарскія (знялі фільм аб школьных буднях). Настаўнікі Анастасія Міхайлаўна Хіневіч і Вольга Уладзіміраўна Завадская паднялі ўсім настрой, запрасіўшы паўдзельнічаць у вясёлых гульнях і розыгрышы латарэі, дзе кожны атрымаў прыемны сюрпрыз.

Дыскатэка цалкам сцерла моўныя бар’еры, бо зносіны паміж дзецьмі былі наладжаны на мове дабразычлівасці і гасціннасці, жаданні сябраваць, нягледзячы на тэрытарыяльныя межы і адлегласці. Аб агульнасці нашых каранёў засведчылі нават прозвішчы польскіх гасцей. Дзяўчынка з Польшчы з прозвішчам Каліш знайшла ў СШ №2 свайго аднафамільца і нават разгубілася ад такой нечаканай сустрэчы.

Настаўнікі ж вялі размову аб сістэмах адукацыі дзвюх нашых краін, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, турыстычным патэнцыяле рэгіёнаў і выкарыстанні рускай мовы як сродку міжнацыянальных зносін.

Менавіта гэта акалічнасць і заклікала зацікаўленых людзей да дыялогу падчас міжнароднай канферэнцыі, арганізатарамі якой выступілі рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і Інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

У рамках канферэнцыі адбыўся абмен тэхналогіямі ў сферы вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі, падняты пытанні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Актуальныя праблемы ўдзельнікі форуму маглі абмеркаваць падчас пленарнага пасяджэння, круглага стала, работы дыскусійных і праектных пляцовак.

На адкрыцці канферэнцыі з прывітальным словам выступілі партнёры ўсіх чатырох краін-удзельніц, ад СШ №2 — Наталля Міхайлаўна Галашэўская. Свае тэмы для абмеркавання прапанавалі Вольга Сцяпанаўна Дваранская і Алена Вацлаваўна Урублеўская (“Некаторыя аспекты і праблемы білінгвізму ў паўночна-заходнім рэгіёне Беларусі”), Ірына Міхайлаўна Здзярская (“Роля беларускіх народных традыцый у выхаванні падрастаючага пакалення”), Ірына Яўгенаўна Родцавіч (“Развіццё камунікатыўных навыкаў сродкамі рускай літаратуры”), Інэса Генрыхаўна Барысевіч (“Роля школьнага клуба “Юны дыпламат” у развіцці грамадскай дыпламатыі”), Алена Іванаўна Апанэль (“Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльным сеціве”).

Пасля завяршэння пасяджэння ўдзельнікам канферэнцыі прапанавалі экскурсію па нашай сталіцы. Па дарозе на Ашмяны госці з Польшчы шчыра прызналіся, што зусім не чакалі такога шчырага і сардэчнага прыёму і нават пабойваліся ехаць у Беларусь. Карцінка, якую “малююць” для іх мясцовыя СМІ, значна адрозніваецца ад той, якую яны ўбачылі ўласнымі вачыма. Для многіх дзяцей гэта быў першы прыезд у Беларусь – адкрытую і гасцінную краіну, якую яны абавязкова наведаюць яшчэ, бо тут жывуць іх сябры і аднадумцы, якія (падслухала размову двух нашых старшакласнікаў) “усю сваю душу аддаюць гасцям”.

Аліна САНЮК.

Фота Алены АПАНЭЛЬ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *