Яе сяброўства з кнігай пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Гэтае захапленне дзяўчынкі заўсёды падтрымліваў бацька. Працаваў Уладзімір правадніком на чыгунцы і з кожнай камандзіроўкі прывозіў нейкае новае выданне.
— Тата ніколі не шкадаваў грошай на кніжкі, — успамінае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ашмянскай раённай бібліятэкі Галіна Уладзіміраўна Палубінская. – Як толькі яму на вочы трапляла штосьці цікавае, ён абавязкова набываў для нашай хатняй бібліятэчкі. Так на паліцы з’яўляліся “Тихий Дон” Міхаіла Шолахава, “Война и мир” Льва Талстога, раманы, аповесці і апавяданні беларускіх аўтараў, якія проста немагчыма было абмінуць увагай. Ахвотна ўсёй сям’ёй чыталі ілюстраваны штотыднёвы часопіс “Огонек”. Нават сёння магу назваць рэпрадукцыі, якія размяшчаліся ў ім, – і не таму, што спецыяльна іх штудзіравала, яны міжволі адкладваліся ў памяці. Асабліва прыемна ў наш час бачыць дзяцей і моладзь, якія і сёння, калі такую трывалую пазіцыю займае інтэрнэт з яго сусветнай павуцінай, знаходзяць час на кнігу.
Сама Галіна Уладзіміраўна з ёй ніколі не расставалася. Так супала, што гэта заклік яе душы, а таксама любімая прафесія. У 1973 годзе, скончыўшы Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, дзяўчына разам з пяццю выпускніцамі па размеркаванні прыехала ў Ашмяны. Так тут і засталася. Пачынала ў Палянскай сельскай бібліятэцы, затым Галіну перавялі ў раённую бібліятэку. Працавала і ў чытальнай зале, і ў абанеменцкім аддзеле, а з 1986 года – у метадычным. Доўгі час узначальвала яго. Розныя пасады дапамаглі дасканальна разабрацца ў бібліятэчнай справе. Добрую падтрымку ў станаўленні маладога спецыяліста, успамінае Галіна Уладзіміраўна, аказалі былыя загадчыцы раённай бібліятэкі Ганна Мікалаеўна Каляда, Ганна Рыгораўна Каско. Заўсёды было чаму павучыцца ў Алены Адольфаўны Шкелды, якая і зараз працуе ў Кальчунскай бібліятэцы. Агульныя тэмы, прафесійныя пытанні на працягу многіх год аб’ядноўвалі Ганну Уладзіміраўну з былымі аднакурсніцамі, выпускніцамі Магілёўскага тэхнікума – Любоўю Міхайлаўнай Шляхціч, Кацярынай Адамаўнай Рагінскай.
Добрым дарадцам, ідэйным натхняльнікам дружнага калектыву раённай бібліятэкі з’яўляецца зараз загадчыца Марына Раманаўна Белавус.
— Выпадковых людзей у нашай справе, — упэўнена Галіна Уладзіміраўна, — амаль няма. – Той, хто застаўся, прыкіпеў душой. Да бібліятэкі, да кніг, да чытачоў, якім патрэбны ўвага, парада, добрае слова, а часам – спачуванне. Да нас прыходзяць не толькі за чарговай літаратурнай навінкай, але і дзеля шчырай размовы. І мы гэтаму рады, бо чалавечыя адносіны, бадай, самае галоўнае ў жыцці: як прафесійным, так і асабістым.
Гэтага дэвізу Галіна Уладзіміраўна прытрымліваецца яшчэ з юнацтва. Бібліятэкарам яна вырашыла стаць, як і старэйшай сястра Валянціна, якая ўзначальвала бібліятэку ў Светлагорску. Пра грошы, заробкі, гэтак жа, як і пра пошук шляхоў пазбегнуць адпрацоўкі, успамінае жанчына, ураджэнка Гомельшчыны, тады неяк не думалі – не прынята было. Затое з тых часоў засталося перакананне: любую справу трэба рабіць сумленна, толькі тады будзе сапраўдны парадак.
Граматны спецыяліст, ураўнаважаны чалавек, Галіна Уладзіміраўна невыпадкова столькі год працуе метадыстам – каб вучыць калег, трэба не толькі шмат ведаць самой, але і валодаць тактоўнасцю. Галоўная задача аддзела бібліятэчнага маркетынгу – садзейнічаць паспяховай рабоце ўсіх бібліятэк раёна, а іх зараз 18. Менавіта таму супрацоўнікі аддзела рыхтуюць метадычныя матэрыялы ў дапамогу бібліятэкарам, займаюцца выдавецкай дзейнасцю, абагульненнем вопыту, афармляюць выставы, праводзяць шырокую даследчую працу. Кожны год, напрыклад, састаўляецца краязнаўчы каляндар, які змяшчае звесткі пра галоўныя юбілейныя даты, вядомых у раёне асоб. Дарэчы, сёлета ён друкаваўся на старонках “Ашмянскага весніка”.
— Складаючы каляндар, карыстаемся кнігай “Памяць”, цесна супрацоўнічаем з краязнаўчым музеем імя Ф.Багушэвіча, прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, — падзялілася вопытам Галіна Палубінская. – Аднак, на жаль, усё роўна застаюцца “белыя плямы” – вельмі складана ахапіць гісторыю ўсёй Ашмяншчыны.
Удзел у конкурсах – яшчэ адна старонка з жыцця бібліятэкараў і аддзела бібліятэчнага маркетынгу ў прыватнасці. Адным з апошніх стаў конкурс самаробнай кнігі, вынікі якога падводзіліся на рэспубліканскім свяце Дня беларускага пісьменства. Ашмянцы, дарэчы, прадставілі на шчучынскую выставу ажно дзве работы: цікава аформленую паэму мясцовага паэта Пятра Шаколы, а таксама напісаную адмыслова да конкурсу паэму Ірыны Ізбіцкай “Мой Багушэвіч”.
Стараюцца не прапускаць ашмянскія бібліятэкары і штогадовага прафесійнага рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, дзе за апошнія гады тройчы былі ў ліку пераможцаў. Вось і сёлета, расказала Галіна Уладзіміраўна Палубінская, ёсць напрацоўкі, з якімі можна аб сабе заявіць.
Дапамагчы кожнаму з калег стаць сапраўдным прафесіяналам, заваяваць прыхільнасць чытача — галоўная задача Галіны Уладзіміраўны, якую яна паспяхова рашае. Ёй падабаецца працаваць з людзьмі, можа, таму на працягу многіх год свае асноўныя абавязкі жанчына сумяшчала з абавязкамі старшыні прафкама аддзела культуры.
Пасля працы Галіна Уладзіміраўна спяшаецца дадому або на дачу, дзе адпачывае душой. Вольны час аддае, канешне, кнізе, газетам. У шэрагу любімых значыцца «Новая зямля» Якуба Коласа, якую з асалодай і нейкай настальгіяй бібліятэкар перачытвае зноў і зноў.
Людміла КОЗЕЛ.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

