З’яднаныя народнай песняй

Культура

Свет мастацтва захапляе, раскрывае душэўныя якасці асобы, дапамагае адчуваць рэчаіснасць па-іншаму. Важна далучыць да яго з самага дзяцінства, паказаць прыгажосць і гармонію, заахвоціць наблізіцца да творчасці і мастацкага слова. Менавіта з гэтай мэтай і працуюць дзіцячыя школы мастацтваў, дзякуючы якім дзеці і падлеткі вучацца іграць на музычных інструментах, спрабуюць уласныя сілы ў якасці вакалістаў, мастакоў або далучаюцца да мастацкага слова праз дэкламацыю вершаў. Сёння і дзяржава падтрымлівае таленавітых дзяцей і моладзь.

Школа талентаў

Чарговым восеньскім днём накіроўваемся ў вёску Цудзенішкі. Тут, у агульнаадукацыйнай школе працуюць музычныя класы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, якія дапамагаюць навучэнцам раскрыць унутраны патэнцыял, далучыцца да творчасці, плённа і карысна правесці час. На дадзены момант творчасцю цікавяцца хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту, якія навучаюцца ў Вольгі і Віктара Чаплінскіх. Настаўнікі прыязджаюць сюды два разы на тыдзень.

Другакласніца Ліза Залеская расказвае аб тым, як марыла стаць спявачкай. Мама і тата, убачыўшы здольнасці дачкі, пастараліся зрабіць усё, каб рэалізаваць яе патэнцыял. Дзяўчынка прыгадвае, што праслухоўванне адбылося ў краме, дзе працавала яе мама. Вольга Францаўна і Віктар Ігнатавіч прыехалі сюды, каб паслухаць маленькую вакалістку. Лізу праслухоўванне ніколькі не збянтэжыла. Наадварот, яна старалася спяваць як мага лепш. Маленькая музыкантка прыгадвае, што педагогі высока ацанілі яе здольнасці. Так яна далучылася да народнай песні. На прапанову выканаць якую-небудзь кампазіцыю, навучэнка адгукнулася з энтузіязмам. І ўжо праз хвіліну звонкі голас загучаў на ўвесь клас.

Вольга Францаўна расказвае, што сярод навучэнцаў ёсць цэлыя дынастыі. З гонарам педагог успамінае пра выпускніцу Маргарыту Антановіч, якая ў свой час была пераможцай творчых конкурсаў і ўдзельніцай шматлікіх фестываляў. На дадзены момант дзяўчына з’яўляецца навучэнкай Гродзенскага музычнага каледжа. Пазней па слядах старэйшай сястры пайшла малодшая, Яна, якая на наведвае шосты клас школы мастацтваў.

— Я назірала за тым, як мая старэйшая сястра ўдзельнічала ў конкурсах, спявала. Глядзела на яе з захапленнем. Хацелася стаць падобнай да яе. Аднойчы з ёй выйшла інтэрв’ю нават на тэлебачанні, а таксама яна выступала на радыё. Тады сястра мне падалася сапраўднай зоркай. Сёння ўжо я сама ўдзельнічаю ў конкурсах і фестывалях, спяваю на вялікай сцэне, — расказвае Яна Антановіч.

На выбар Васілісы Мікліс таксама аказала ўплыў старэйшая сястра, якая ў свой час скончыла школу мастацтваў, атрымала адукацыю ў Лідскім музычным каледжы, а зараз працуе ў Мінску.

— Хваляванне перад выхадам на сцэну ёсць заўсёды, але стараюся яго пераадольваць. Добра, што нас падтрымліваюць нашы педагогі, якія заўсёды вучаць стойкасці, упэўненасці ў сабе, настройваюць на спакойны лад.

Юсцін і Ева Жук таксама паходзяць з адной сям’і. Дарогу да музыкі малодшаму брату паказала Ева.

— Кожны раз, калі сястра прыязджала з конкурсаў, я яе сустракаў. Разам з роднымі чакаў выхаду перадач на радыё з удзелам сястры. І нават па-добраму зайздросціў, што яна займаецца музыкай. Тады і я вырашыў паспрабаваць. І не пашкадаваў аб гэтым, — успамінае Юсцін.

Актыўна займаюцца музыкай Артур і Дарына Аляхновіч, Раман і Караліна Малішэўскія.

— Народная песня аб’ядноўвае нас у вялікую музычную сям’ю, — расказвае Вольга Чаплінская. — Дзеці запальваюцца музыкай, звязваючы пасля сваё жыццё з гэтым накірункам. Сямейныя дынастыі з’яўляюцца яркім пацверджаннем гэтага.

Часам школу мастацтваў выбіраюць па прыкладзе сяброў і знаёмых. Так было і з Палінай Сінкевіч, якая вучыцца ў другім класе. Захопленая прыкладам блізкай сяброўкі, яна выбрала музычны накірунак.

Час запальваць зоркі

Актыўная творчая дзейнасць разгарнулася і ў Ашмянах. Выхаванцы Вольгі і Віктара Чаплінскіх прынялі ўдзел у фестывалі мастацтваў Open Molo Fantasy – 2026, прывёзшы шмат узнагарод. Хтосьці з іх толькі пачынае свой шлях, а некаторыя ўжо дасягнулі вышынь. Выхаванцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі раённых мерапрыемстваў.

Навучэнка першага класа Аліса Астрамовіч з захапленнем расказвае пра народную песню:

— З Вольгай Францаўнай я пазнаёмілася ў 2021 годзе. На раённым мерапрыемстве пачула песню ў выкананні народнага ансабля песні “Крыніцы”, дзе саліравала Вольга Францаўна. Шчырая і адкрытая, яна мне вельмі спадабалася. Скончыўшы тэатральнае аддзяленне, я вырашыла асвоіць народную песню. Люблю выступаць са сцэны, рыхтавацца да выступлення. Гэта заўсёды хвалюе. Важна, што ў нас ёсць падтрымка як настаўнікаў, так і бацькоў, — расказвае дзяўчынка.

Доўгі час выбіраў накірунак дзейнасці і Цімафей Карповіч. Бокс і каратэ не прываблівалі хлопчыка, а вось музыка прыйшлася па душы.

На конкурсах у маленькіх артыстаў ёсць магчымасць пазнаёміцца з вядомымі музыкантамі. У журы часта знаходзяцца артысты і дзеячы культуры. Алена Атрашкевіч, Артур Міхайлаў, Ядзвіга Паплаўская — гэтых асоб давялося ўбачыць удзельнікам на свае вочы.

Анжаліка Гадліеўская з вялікай павагай ставіцца да народнай песні, бо лічыць, што яна здольная адкрыць душу народа. Ужо сёння навучэнка школы мастацтваў дакладна ведае, што будзе паступаць у музычны каледж, каб і далей рэалізоўваць творчы патэнцыял. Дзяўчынка адзначае, што ёй давялося выступаць на розных сцэнах. Гэты вопыт дапамог ёй стаць больш адкрытай, смелай, не баяцца вялікай глядацкай залы.

Не раз можна было ўбачыць на раённай сцэне і Агату Ягела. Дзяўчынка захапляецца мастацкім чытаннем, дзе атрымалася дасягнуць першых поспехаў.

Сціплая пяцікласніца Вікторыя Камінская пра сваю дзейнасць расказвае мала. Аднак дастаткова было дзяўчынцы выйсці на сцэну і заспяваць — у зале адразу ўсталявалася цішыня. Звонкі і прыгожы голас салісткі напоўніў залу, прымусіўшы прысутных заслухацца.

— Народная песня аб’яднала дзяцей з розным характарам і інтарэсамі, стала штуршком да развіцця. Мы, настаўнікі, стараемся прывіваць адчуванне прыгожага, падтрымліваем і матывуем. Асобна трэба адзначыць нашага канцэртмайстра Віталія Юрэвіча, які імкнецца быць з дзецьмі на адной хвалі, падтрымліваць і дапамагаць, — падагульвае Вольга Чаплінская. — Я шчаслівая, што мне ёсць каму перадаць любоў да народнай песні. І сёння з цеплынёй прыгадваю  выпускнікоў школы. Напрыклад, Юлія Ракоўская працуе ў Гродзенскім музычным каледжы, выкладаючы народныя спевы. Радуюць поспехамі і цяперашнія вучні Любоў Патрэпка, Мацвей Ігнатовіч, Анастасія Балунда, Віталіна Коўшык, Арцём Ждановіч.

А народная песня працягвае гучаць у сценах вучэбных класаў, на раённай і абласной сцэне, на фестывалях, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, абуджаючы душу і аб’ядноўваючы ў адну вялікую сям’ю.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва Вольгі ЧАПЛІНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *