Ёсць прафесіі, пра якія мы ўзгадваем не так часта, але якія аказваюць значны ўплыў на наша жыццё. Мы прывыклі дыхаць чыстым паветрам, збіраць у лесе грыбы і ягады, любавацца зялёным багаццем у парках і скверах. І мала хто задумваецца аб тым, што за кожным дрэвам і кожным гектарам лесу стаіць штодзённая нялёгкая праца людзей.
Напярэдадні Дня работнікаў лесу мы раскажам пра чалавека, які значную частку свайго жыцця прысвяціў лясной гаспадарцы, — лесавода Ашмянскага лясніцтва Юрыя Генрыхавіча Жакевіча. Яго фотаздымак упрыгожвае раённую Дошку гонару.
Нарадзіўся Юрый Генрыхавіч у невялічкай вёсцы Міхалконі, што непадалёк ад Ашмян. З дзяцінства быў далучаны да лесу, аднак выбар на карысць адпаведнай галіны зрабіў не адразу. Пасля заканчэння Павяжскай васьмігадовай школы паступіў у ПТВ-192, дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста. Пасля гэтага хлопца чакала служба ў войску на Далёкім Усходзе. Гады службы загартавалі характар і навучылі не баяцца цяжкасцей.
Вярнуўшыся на малую радзіму, Юрый уладкаваўся на завод “Радыётэхніка”, дзе сумленна адпрацаваў 12 гадоў. Здавалася б, жыццё ішло сваім звыклым шляхам, аднак лёс падрыхтаваў яму іншую дарогу.
Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказаў дзядзька Юрыя Вацлаў Шукелойць, які ўсё сваё жыццё прысвяціў лесу, працуючы лесніком. Яго аповеды пра цікавую, патрэбную і вельмі важную справу глыбока запалі ў душу маладога чалавека.
І калі дзядзька, аддаўшы лясной гаспадарцы 40 гадоў, выходзіў на заслужаны адпачынак, ён парэкамендаваў свайго пляменніка — хлопца, які даўно хацеў паспрабаваць сябе ў гэтай галіне. Прыклад дзядзькі стаў для Юрыя не проста ўзорам, а сапраўдным жыццёвым арыенцірам.
Так, у лютым 1999 года Юрый Жакевіч пераступіў парог Ашмянскага лясніцтва. Тут ён працуе і сёння. У яго абавязкі ўваходзіць догляд лясных культур — праца карпатлівая, штодзённая і адказная. За кожным маладым парасткам, за кожным участкам лесу стаіць увага, клопат і веды чалавека. Юрый Генрыхавіч нясе адказнасць за тое, каб лес красаваў і рос, каб будучыя пакаленні ўбачылі яго моцным і здаровым. Менавіта ў яго руках — будучыня зялёнага багацця.
Праца лесавода — гэта лад жыцця, які ўключае клопат, апеку, неабыякавыя адносіны да прыроды і жывёл. Такі падыход адбіўся і на асабістым жыцці. Юрый Жакевіч стаў сапраўдным гаспадаром. Ён жыве ва ўласным доме, трымае гаспадарку: карову, свіней, 22 гады трымаў каня — вернага памочніка ў любой справе. Разам з жонкай даглядае агарод, бо ўпэўнены: сапраўдны гаспадар павінен клапаціцца пра зямлю, якая яго корміць. З жонкай Валянцінай атрымалася годна выхаваць двух сыноў — Аляксандра і Андрэя, якія выраслі ў працы і павазе да роднай зямлі.
— Наша праца — гэта не проста прафесія. Гэта штодзённая справа, якая ўключае клопат пра кожнае дрэўца, каб яно не загінула, а ў свой час закрасавала. Мы робім гэта дзеля таго, каб лес жыў, а нашы дзеці і ўнукі атрымалі ў спадчыну гэты вялікі скарб. Карыстаючыся нагодай, хачу павіншаваць сваіх калег, з якімі працую зараз, а таксама ветэранаў, з якімі давялося працаваць і якія дзяліліся ведамі і вопытам, — падводзіць вынік Юрый Генрыхавіч.
Прафесійнае свята лесавод плануе правесці ў сямейным коле, атрымліваючы віншаванні ад родных і блізкіх.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

