У аграгарадку Каменны Лог павіншавалі сямейные пары, якія пражылі разам 40, 50, 55 и 66 гадоў

Общество

Добрай традыцыяй у Ашмянскім раёне стала правядзенне святаў сумеснага адпачынку для жыхароў аддаленых вёсак і аграгарадкоў. Адна з такіх сустрэч адбылася ў аграгарадку Каменны Лог.

Пад блакітным небам ля будынка сельвыканкама сабраліся людзі, якія прыкіпелі да роднай зямлі. Большасць з іх — сталага ўзросту. Яны аддалі плён сваёй працы роднай зямлі, выгадавалі дзяцей, унукаў, дачакаліся праўнукаў.

Музычныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў сектара па пазастацыянарнаму правядзенню культурных мерапрыемстваў і кінавідэаабслугоўванні Ашмянскага раённага цэнтра культуры расчулілі прысутных. На вачах некаторых з’явіліся слёзы. Песні аб роднай зямлі, беларусах, чалавечых пачуццях краналі за сэрца і вярталі ў маладосць.

Да прысутных звярнулася кіраўнік сельвыканкама Вольга Сінкевіч, шмат цёплых слоў выказала старшыня райкама прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай. Гэта былі і словы падзякі за самааданую працу, выхаванне дзяцей  і пажаданні чыстага мірнага неба, дабрабыту.

Свята вёскі – добрая нагода павіншаваць сямейныя пары з юбілеямі сумеснага жыцця. Гэту магчымасць выкарыстала загадчык Ашмянскага аддзела загс Іна Пад’ельская, якая падрыхтавала спецыяльныя святочныя пасведчанні з нагоды юбілеяў, а таксама прапанавала парам паставіць подпісы ў Ганаровай кнізе юбіляраў раёна.

Сорак год пражылі разам Мар’ян і Марыя Савіцкія. Залаты юбілей адзначылі ў жніўні Сцяпан і Ларыса Сташкевіч, у верасні – Валерыслаў і Яніна Сантоцкія. Станіслаў і Ядзвіга Жук жывуць у шлюбе ўжо пяцьдзясят адзін год. Іван і Леанарда Сураж у маі гэтага года адзначылі 52 гады сумеснага жыцця, у жніўні такі ж юбілей адзначалі Іван і Таісія Лісоўскія. У кастрычніку адзначаць 55 год стварэння сям’і Генрых і Ніна Рачко. А вось Антон і Яніна Заянкоўскія наблізіліся да 66-гадовага юбілею, які прыпадае на самы апошні дзень у гэтым годзе.

Большасць юбіляраў працавалі ў мясцовай гаспадарцы: у жавёлагадоўлі, на зернескладах, механізатарамі, паляводамі. З нагоды юбілею ім былі ўручаны падарункі ад райкама прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу. Сям’ю Лісоўскіх асабліва віншавалі работнікі культуры – Іван і Таісія амаль усё жыццё аддалі працы ў Каменалогскім сельскім клубе. Работнікі Каменалогскага сельвыканкама  шмат шчырых слоў выказалі сям’і Рачко – Генрых Іванавіч на працягу шэрагу год узначальваў Каменалогскі сельвыканкам.

Сустрэча сяльчан аказалася вельмі цёплай і шчырай. Свята яшчэ раз пацвердзіла: сіла вёскі ў згуртаванасці і павазе да старэйшых. Пакуль лунаюць над вёскай  гукі песень і жывуць у ёй бацькі – ёсць месца, куды можна вярнуцца, апынуцца ў маленстве.

На павазе да традыцый і старэйшых грунтуецца жыццё наступных пакаленняў. Мы ідзём у будучыню рука аб руку.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *