На галоўнай сцэне Касцюковічаў адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў «З табой маё слова, Радзіма» і «І кружыцца планета Куляшова». Усяго на конкурсы паступіла каля 500 заявак з усёй краіны, таму поспех аўтараў Гродзеншчыны выглядае асабліва важкім.
Абсалютным рэкардсменам па колькасці перамог стаў паэт Андрэй Дарожкін: аўтар узяў прызавыя месцы адразу ў 6 намінацыях трох літаратурных конкурсаў.

Першыя спробы творчасці ў мужчыны былі ў 2008 годзе, а апошнія тры гады часцей аўтар піша вершы. Працуе і жыве Андрэй у Гродне, але родам ён з Магілёўшчыны. Асабліва сімвалічна, што менавіта тут ён і атрымаў столькі ўзнагарод і прызнанні.
– Мяне вельмі натхняе навакольны свет, людзі, якія сустракаюцца на маім шляху. Больш за ўсё люблю пісаць пра наша жыццё ва ўсіх яго праявах: гаротах, радасцях і пра тое, як спраўляцца з бедамі і радавацца добраму, – дзеліцца Андрэй Дарожкін, бібліятэкар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. – Я лічу, што для многіх конкурсы — гэта дарога ў вялікую літаратуру.

Таксама ўзнагароды атрымалі і іншыя пісьменнікі Гродзеншчыны.
Першае месца ў конкурсе «З табой маё слова, Радзіма» — у старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, вядомай паэтэсы Людмілы Кебіч.
Вольга Алізар, паэтэса, член СПБ, узяла 3 месца на рэспубліканскім літаратурным конкурсе «З табой маё слова, Радзіма».

Паэтэса Юлія Мельнік атрымала ўзнагароды ў двух конкурсах. 1 месца – на міжнародным конкурсе перакладаў «Расія – Беларусь. Сожскія берагі дружбы.», 3 месца – на рэспубліканскім конкурсе «З табой маё слова, Радзіма».

Таццяна Яцук, вядомая беларуская паэтэса, член СПБ, атрымала грамату за ўдзел у рэспубліканскім літаратурным конкурсе «З табой маё слова, Радзіма».

Арцём Сіцько, вучань школы №41 імя Кузняцова г. Гродна, атрымаў 3 месца у рэспубліканскім літаратурным конкурсе «З табой маё слова, Радзіма». Цікава, што ўзнагароду хлопец атрымаў за свой дэбютны верш.

– Я чуў аб конкурсе і жадаў у ім паўдзельнічаць. Калі выпала магчымасць, не мог ёю не скарыстацца. Напісаў верш аб сваёй бабулі, – прызнаецца Арцём. – Вельмі рады ўзнагародзе, а выйсці на сцэну і стаяць побач з астатнімі прызёрамі для мяне вельмі хвалююча.

Арцём Макарэвіч, вучань 9 класу школы №37 г. Гродна, атрымаў 1 месца у рэспубліканскім літаратурным конкурсе «З табой маё слова, Радзіма».


Акрамя дыпломаў рэспубліканскіх конкурсаў, Гродзенская вобласць гучна заявіла аб сабе і на ўзроўні Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» перамогу атрымаў гродзенскі літаратар Дзмітрый Радзівончык са сваёй кнігай «Масты і берагі».
Поспех гродзенскіх аўтараў на рэспубліканскім узроўні стаў цудоўным падарункам да галоўнага кніжнага свята краіны і пацвердзіў, што літаратурнае слова Прынёманскага краю адклікаецца ў сэрцах тысяч беларусаў.

