З Людмілай Янкоўскай упершыню пазнаёмілася вясной, калі пісала матэрыял пра першы ўкос траў у СУП “АграМолРай”. На полі за Граўжышкамі актыўна ішла работа. Чакалі галоўнага агранома, каб задаць некалькі пытанняў. На маё здзіўленне, агранамом аказалася маладая рухавая жанчына, якая пад’ехала на “Ніве”.
Калі пачула, як Людміла Генадзьеўна выразна і дакладна задае пытанні, а механізатары з павагай адказваюць і слухаюць тлумачэнні, зразумела, што яна моцная і патрабавальная, ведае сваю справу.
Людміла
Разгаварыліся. Людміла Генадзьеўна працуе ў гаспадарцы з 2012 года — з таго самага моманту, калі прыйшла ў СВК “Граўжышкі” маладым спецыялістам пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа. Хутка ёй прапанавалі пасаду галоўнага агранома. Зусім нядаўна жанчына вярнулася на працу пасля трэцяга дэкрэта. Аграном, шмадзетная мама — Людміла Янкоўская здзіўляла ўсё больш. Захацелася даведацца пра яе сям’ю, пра тое, як удаецца гэтай усмешлівай жанчыне сумяшчаць адказную працу з абавязкамі жонкі і маці і заставацца такой прыгожай і жаноцкай.
З сям’ёй Янкоўскіх пазнаёмілася толькі праз некалькі месяцаў — у апошнія дні жніва. Цяжка было сабраць усю сям’ю разам. Вясна і лета — самыя насычаныя работай месяцы ў сельскагаспадарчым годзе, калі трэба выкарыстоўваць любую пагожую хвіліну. Нават у суботні вечар, калі я завітала да іх у госці, раздаваліся тэлефонныя званкі, і Людміла Генадзьеўна адказвала на пытанні, давала распараджэнні і парады. Адказная праца не адпускае ні вечарам, ні ў выходныя дні.
— Калі паступіла вучыцца на агранома, не думала, што гэта такая складаная праца, — расказвае Людміла Генадзьеўна. — Але мне падабаецца. Дні прабягаюць хутка, увесь час у руху. Стаць аграномам некалі параіў мне тата. Яго жыццё таксама звязана з сельскай гаспадаркай, ён працаваў трактарыстам. Нарадзілася я на Ашмяншчыне — на хутары Раўгелішкі ля Клявіцы.
Дзмітрый
Вялікая сям’я Янкоўскіх жыве ў Граўжышках па вуліцы Школьнай, дзе размясціліся тыпавыя катэджы. У 2014 годзе маладой перспектыўнай сям’і дом прапанавала гаспадарка. Янкоўскія зрабілі ў ім рамонт, але як зазначыў гаспадар дома Дзмітрый Станіслававіч, работа ў доме не заканчваецца: то адно, то другое, зараз, напрыклад, займаюцца правядзеннем электраацяплення.
Дзмітрый Янкоўскі сур’ёзны і нешматслоўны. Ён працуе ў той жа гаспадарцы, што і жонка механізатарам. Спачатку быў камбайнёрам, а апошнія два гады працуе на трактары.
Ён нарадзіўся і вырас у Граўжышках, тут скончыў школу, затым паступіў у Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. Пасля арміі вярнуўся на радзіму і не стаў шукаць долі ў далёкіх краях — і дома патрэбны былі працавітыя маладыя рукі. Дзмітрый Янкоўскі адказвае за вялікі і адказны адрэзак работы — сяўбу.
— Нядаўна закончыў сеяць азімы рапс, — расказвае мужчына. — На сяўбе я заняты адзін. Таму толькі з мяне будзе спрос, калі што не так. Пакуль на маю працу нараканняў не было. Здаецца, спраўляюся. Працаваць на трактары мне падабаецца больш, чым на камбайне, хоць на жніве я адпрацаваў дзесяць сезонаў.
Сям’я
Гісторыя кахання Дзмітрыя і Людмілы пачалася ў 2012 годзе. Малады камбайнёр не мог не заўважыць з’яўлення ў гаспадарцы новага спецыяліста. Прыходзілася сустракацца па рабочых пытаннях. Але Дзмітрыю дзяўчына запала ў душу не толькі таму — гарэзлівая, вясёлая, прыгожая, яна выклікала цікавасць з першага погляду. Аднойчы аграному трэба было трапіць на поле, дзе жалі ячмень. Дзмітрый якраз накіроўваўся туды. Доўга не думаючы, хлопец прапанаваў Людміле падвезці яе да поля на камбайне. Яна не адмовілася. Па дарозе разгаварыліся. Пасля сталі сустракацца, разам хадзілі на дыскатэкі ў клуб, і пакрысе сяброўства перарасло ў каханне. У лістападзе 2013 года пара стала сям’ёй.
Праз год нарадзіўся Ягор. Хлопчык перайшоў у сёмы клас Граўжышкоўскай базавай школы. У яго шмат захапленняў. Ён любіць паганяць з хлопцамі ў футбол. Спявае ў народным сямейным ансамблі “Граўжанцы”. Неаднойчы выступаў з калектывам на раённай сцэне, ездзіў на фестываль у Слонім. Але па тым, як ажывіўся твар хлопчыка, калі загаварылі пра бацькаў трактар, зразумела, што больш за ўсё яго цягне да тэхнікі. Пакуль што Ягор асвоіў электрасамакат, але марыць самастойна сесці за руль машыны.
У 2017 годзе ў сям’і з’явілася дачка Сафія, сёння — яна трэцякласніца той жа школы, што і Ягор. Яна не па гадах сур’ёзная і ўдумлівая. Першая памочніца маці па дому.
У 2023 годзе нарадзілася Даша — маленькая гарэза, якую любіць уся сям’я. Людміла Янкоўская гаворыць, што не думала пра тое, што будзе мець траіх дзяцей, але сама яна вырасла ў шматдзетнай сям’і, і яе не палохаюць цяжкасці выхавання. Гадаваць дзяцей дапамагае бабуля Алена Валяр’янаўна — маці Дзмітрыя, за што Дзмітрый і Людміла ёй вельмі ўдзячны. Аказвае падтрымку і дзяржава. Напрыклад, да пачатку навучальнага года сям’я штогод атрымоўвае грашовую дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы. Арцём і Сафія ўжо падрыхтавалі свае новыя школьныя прыналежнасці, форму і з нецярпеннем чакаюць 1 верасня.
Традыцыі
Дзмітрый і Людміла стараюцца забяспечыць дзяцей усім неабходным. У Ягора і Сафіі асобны дзіцячы пакой, у якім вялікая калькасць цацак, камп’ютар. Пра тое, што дзецям аддаецца шмат увагі, гавораць і дзіцячыя падзелкі ва ўсіх пакоях дома. У сям’і Янкоўскіх дзяцей выхоўваюць у павазе да бацькоў і старэйшых, да рэлігійных традыцый. Усе вялікія святы — Вялікдзень, Раство, Новы год — сям’я сустракае разам у доме Алены Валяр’янаўны.
Ягор і Сафія туляцца да таты, пястушка Даша паспявае і ў мамы на каленях пасядзець, і да браціка з сястрычкай прытуліцца, і да таты падбегчы.
Летам у гаспадыні, акрамя адказнай працы, шмат работы на агародзе, а ў жніўні пачынаецца час закатак. Слоікі з агуркамі ўжо стаяць, падрыхтаваныя да вынасу ў падвал. Клопаты па дому, догляд за дзецьмі, адказная работа займаюць амаль увесь час старэйшых Янкоўскіх.
Што дапамагае сям’і жыць у ладзе? Тут Дзмітрый і Людміла адзінадушныя: трэба ўмець слухаць адзін аднаго, размаўляць і саступаць. Янкоўскія прызнаюцца, што яны яшчэ вучацца гэтаму. Дзмітрый па гараскопу Вадалей, Людміла — Леў, характары абодва маюць моцныя і цвёрдыя. Людміла прызнаецца, што часцей саступае яна або проста едзе на работу. Праходзіць час, эмоцыі супакойваюцца, і ўжо тады можна размаўляць.
Вось такая яна, сям’я Янкоўскіх. Як і многія беларускія сем’і — каранямі ад роднай зямлі і народных традыцый. Яны знайшлі шчасце на малой радзіме, аддаюць ёй свой клопат і працу, гадуюць дзяцей па запаветах бацькоў і мараць толькі аб адным — каб на зямлі былі мір і супакой, каб можна было гадаваць дзяцей і быць перакананымі ў заўтрашнім дні.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота аўтара.




