У свеце, дзе масавая вытворчасць усё больш уніфікуе рэчы, створаныя рукамі вырабы набываюць асаблівую каштоўнасць. Яны захоўваюць цеплыню, душу майстра і нябачную сувязь са спрадвечнымі заняткамі беларусаў. Адным з такіх асяродкаў захавання сапраўднай народнай творчасці з’яўляецца Ашмянскі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе нараджаюцца вырабы, якасць якіх можна параўнаць з працай самых дасведчаных майстроў мінулага.
Кожны выраб, які выходзіць са сцен цэнтра, — гэта вынік крапатлівай працы, увагі да дэталяў. Загадчыца цэнтра Валянціна Свірская, якая сама з’яўляецца майстрам саломапляцення, ведае пра гэта дакладна. У сезон яна займаецца нарыхтоўкай саломы розных культур: аўса, жыта, ячменю, кожная з якіх валодае адмысловымі характарыстыкамі. Самая тонкая і пластычная салома ячменю ідзе на стварэнне аплікацый, а таксама мініяцюрных кветак і ўпрыгожванняў. Каб стварыць саламяную ляльку сярэдняга памеру, патрабуецца шмат сіл і цярпення. Звычайна на гэту справу трэба затраціць каля месяца.
– Салома — яна жывая, — гаворыць Валянціна Казіміраўна. — Аўсяная — залацістая, тонкая, з яе атрымліваюцца самыя далікатныя кветкі. Жытняя — больш шчыльная, трывалая, трымае форму. А з ячменнай, яна гладкая і бліскучая, добра рабіць аплікацыі. Варта толькі правільна яе падабраць, высушыць, разгладзіць, тады і выраб будзе радаваць вока.
Яе калега Крысціна Міцкевіч працуе таксама з саломай, але ўжо ў іншым кірунку, ствараючы традыцыйныя “павукі”, якія здаўна лічыліся абярэгамі ў хаце, а таксама разнастайныя кошыкі.
Не менш захапляльны свет тэкстыльных лялек. Майстры Вольга Кавалеўская і Марыя Заянчкоўская ведаюць і захоўваюць традыцыю безаблічных лялек, галоўны сэнс якіх заключаны не ў рысах твару, а ў духоўнай сутнасці і глыбокім сакральным сэнсе. Вольга Кавалеўская — аўтар унікальнай лялькі “Берагіня зямлі ашмянскай”, а Марыя Заянчкоўская стварыла брэндавую ляльку “Ашмяначка”. Асаблівую ўвагу майстры надаюць касцюму лялькі, дзе кожны элемент патрабуе ювелірнай дэталёвасці і мае сваё значэнне. Праца майстроў адзначана высокімі ўзнагародамі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
— Мы не парушаем традыцыю, — тлумачыць Вольга Кавалеўская. — Вышываем строі так, каб праз арнамент расказаць гісторыю. Бо ў кожным крыжыку схаваны глыбінны сэнс.
Каб пераканацца ў стараннасці майстроў, дастаткова паглядзець на вязаныя цацкі Валянціны Пакульневіч. Мядзведзі і зайцы, персанажы казак і фальклору — ад колькасці і стракатасці вырабаў разбягаюцца вочы. Але за гэтай вонкавай беларускай прастатой стаіць вялізная праца: дэталі кожнай цацкі вывязваюцца кручком для вязання, што робіць яе не проста вырабам, а эксклюзіўным сувенірам.
— Кожную цацку вывязваю не спяшаючыся, — расказвае Валянціна Пакульневіч. — Вось мядзведзь, здаецца, просты выраб, а трэба, каб лапкі мякка гнуліся, каб вочы, нос былі на патрэбным месцы. Тут кожная дробязь важная. Калі цацка зроблена якасна, яна доўгі час цешыць і дзіця, і дарослага.
Захавальніцай традыцыйнага беларускага ткацтва з’яўляецца Марына Ягела. Яна стварае белае палатно, з якого шыюцца фартухі, вылучаюцца элементы для макрамэ, вяртаючы да вытокаў беларускага ткацтва.
Асобнай павагі заслугоўвае праца Мар’яна Козара, які працуе з глінай. Адным з самых любімых сувеніраў у яго выкананні з’яўляецца мініяцюрны Гальшанскі замак — увасабленне гістарычнай спадчыны Ашмянскага краю. Прафесіяналізм майстра таксама адзначаны дыпломам другой ступені на абласным конкурсе “Гарадзенскі сувенір”.
Ашмянскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры — гэта востраў якасці і сапраўднай беларускай душы, дзе рэчы робяцца ўласнымі рукамі і выключна з натуральных матэрыялаў. Менавіта таму прадукцыя мясцовых майстроў пастаянна атрымлівае ўзнагароды і ўжо заваявала любоў жыхароў раёна і гасцей горада, якія шукаюць сапраўдныя і спрадвечныя каштоўнасці.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

