Раённае свята дзяцінства традыцыйна супадае з заканчэннем навучальнага года, таму ніхто не стане аспрэчваць той факт, што мерапрыемства гэта самае радаснае і жаданае. Яно напоўнена шчаслівымі ўсмешкамі, прыемнымі сюрпрызамі і падарункамі, калектыўнымі гульнямі, песнямі і танцамі. Ды і назву яно носіць самую пазітыўную – “Вясёлка ў далонях”.
У гэты дзень вучні і іх бацькі прымалі віншаванні ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Баркоўскай, якая пажадала дзецям шчаслівага летняга адпачынку і ўручыла грашовыя прэміі райвыканкама пераможцам абласнога этапа рэспубліканскіх прадметных алімпіяд: Вераніцы Канцавой (СШ №1), Аляксандры Мароз (СШ №1), Марыі Шведавай (СШ №2), Паліне Амбражэвіч (СШ №3), Анастасіі Бражыцкай (СШ №3), Максіму Градабоеву (СШ №3), Артуру Ількевічу (СШ №1), Ілоне Грыб (гімназія №1), Ангеліне Хілінскай (Навасёлкаўскі ВПК), Кацярыне Кунц (СШ №2). Кацярына Кунц мела гонар прадстаўляць наш раён на міжнародным узроўні – на Еўрапейскай алімпіядзе для дзяўчат EGMO — 2015, дзе паказала вельмі высокія рэзультаты па матэматыцы. Кацярына стала ўладальнікам бронзавага медаля прэстыжнай міжнароднай алімпіяды.
На свяце былі ўзнагароджаны пераможцы абласнога конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей” Дыпломы і падарункі канкурсантам уручыў інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Сяргей Лісоўскі. Спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму адзначылі вучняў, якія праявілі сябе ў вучобе, валанцёрскім руху, спорце, былі актывістамі грамадскіх спраў не толькі ў сваіх установах адукацыі, але і на раённым узроўні. Пераможцы былі вызначаны ў намінацыях “Выдатнік вучобы”, “Валанцёр года, “Лепшы спартсмен года” і “Лідар установы адукацыі”.
Са святам дзяцей павіншавала першы сакратар райкама БРСМ Вольга Шыдлоўская. Дыплом абкама БРСМ і падарунак яна ўручыла пераможцу абласной віктарыны, прысвечанай 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Таццяне Вайгяніцы (СШ №2). Падарункі атрымалі і ўдзельнікі спаборніцтваў на роліках, якія былі арганізаваны маладзёжнай арганізацыяй.
Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ўразіў шыкоўнымі калекцыямі адзення, распрацаванымі спецыялістамі гэтай установы.
Маленькія ўдзельнікі свята станавіліся ў чаргу, каб паскакаць на атракцыёнах. Шмат жадаючых было паўдзельнічаць у гульнях, якія арганізоўвалі з дзецьмі работнікі культуры. У гэты дзень прайшлі спаборніцтвы па футболе і валейболе. “Пеннае” шоу арганізавалі для дзятвы супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вакальныя і харэаграфічныя здольнасці праявілі дзеці падчас канцэрта. Апладысментамі прымалі гледачы паказальныя выступленні ўдзельнікаў секцыі каратэ.
Ніхто ў гэты суботні дзень не вярнуўся са свята засмучаным. Наперадзе дзяцей чакае лета, новыя падзеі і ўражанні. Наперадзе – цэлае жыццё!
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.







