Жанчына спалучае ў сабе незвычайную душэўную сілу, глыбокую мудрасць і стваральную энергію. Яна з’яўляецца захавальніцай гармоніі дома, натхняе на здзяйсненні і прыўносіць у жыццё шчырасць, лагоду і цеплыню. Гераіня сённяшняга матэрыялу — асоба творчая, цікавая і незвычайная. Так склалася, што яе прафесійны лёс непарыўным чынам звязаны з сельскай гаспадаркай.
Галоўны аграхімік Ашмянскага раёна Марыя Чудзілоўская адчула любоў да зямлі яшчэ ў дзяцінстве. Маленькай дзяўчынкай яна назірала за тым, як рупна працуюць яе бацькі. Бацька, Павел Ануфрыевіч, доўгі час працаваў трактарыстам, а пасля атрымаў пасаду інжынера па сельскагаспадарчых машынах. Мама, Ніна Дзмітрыеўна, працавала даяркай, выхоўваючы пры гэтым трох дачок і сына. У той момант дачка зразумела, што гэта блізкасць да зямлі ўзвышае чалавека, робіць яго адказным, працавітым, неабыякавым. Менавіта таму пасля заканчэння Міжэвіцкай сярэдняй школы, што на Слонімшчыне, выпускніца падала дакументы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, вырашыўшы атрымаць агранамічную спецыяльнасць. Гэты выбар для дзяўчыны стаў лёсавызначальным. Менавіта тут, у сценах навучальнай установы, яна спаткала свайго будучага мужа Сяргея. Знаёмства адбылося на легкаатлетычным кросе. І Марыя, і Сяргей у той час актыўна ўдзельнічалі ў спартыўным жыцці інстытута, не прапускаючы ніводных спаборніцтваў. У 1988 годзе Марыя і Сяргей ажаніліся, а ў 1989 годзе ў маладой сям’і нарадзілася дачка Анастасія. Пасля інстытута маладая сям’я пераехала на малую радзіму мужа — у Дзятлаўскі раён. Тут муж і жонка працавалі ў калгасе “Слава працы”. Паралельна маладая жанчына вучылася ў інстытуце культуры.
Да сваёй справы Марыя Паўлаўна заўсёды падыходзіла з усёй адказнасцю, стараючыся выконваць неабходныя задачы рупліва, старанна і шчыра. У 1992 годзе ў сям’і Чудзілоўскіх адбылася яшчэ адна прыемная падзея: нарадзіўся сын Павел.
Марыя Паўлаўна па-жаночы шчыра і лагодна прыгадвае той час. Маладая сям’я паспявала тады не толькі якасна працаваць і выхоўваць дзяцей, але яшчэ і рэалізоўвацца ў спорце, які быў пастаянным спадарожнікам. Да спорту маладыя бацькі далучалі і сваіх дзяцей. Вечаровыя прабежкі, удзел у легкаатлетычных спаборніцтвах сталі для Анастасіі і Паўла звычайнай справай.
У пачатку 2010-ых гадоў сям’я Марыі і Сяргея пераехала на Ашмяншчыну. Некаторы час жанчыне давялося папрацаваць бібліятэкарам. З асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю яна прыгадвае той час і сваіх калег. Марыя Паўлаўна заўсёды з вялікай павагай ставілася да чытання, таму праца ў бібліятэцы стала для яе сапраўднай аддушынай. Аднак недзе глыбока ў сэрцы яна адчувала тугу па зямлі. Хацелася вярнуцца да агранаміі. І ў 2014 годзе такая магчымасць прадставілася. Марыя Паўлаўна стала галоўным аграхімікам Ашмянскага раёна. На гэтай пасадзе яна працуе і па сённяшні дзень. Разлік нормы ўнясення ўгнаенняў, маніторынг глеб, распрацоўка сістэм хімізацыі, кантроль якасці, экалагічны нагляд — гэтыя і многія іншыя задачы вырашае Марыя Паўлаўна. Яна выдатна ведае сваю справу. Пра гэта сведчаць і шматлікія ўзнагароды, атрыманыя ў розны час.
З сельскагаспадарчай сферай звязана і маладое пакаленне. Дачка Анастасія таксама скончыла аграрны ўніверсітэт, дзе атрымала прафесію агранома. Старэйшая ўнучка, Аляксандра, вучыцца на ветэрынарнага фельчара. Нявестка Вераніка ў свой час атрымала спецыяльнасць інжынера-эколага.
У вольны ад працы час Марыя Паўлаўна працуе на зямлі, упрыгожвае свой прысядзібны ўчастак новымі кветкамі. У сезон у садзе дбайнай гаспадыні хваляцца някідкай прыгажосцю гартэнзіі, лілеі, касачы. Да кожнай кветкі гаспадыня мае падыход. Аднак найбольшым плёнам свайго жыцця Марыя Паўлаўна лічыць сям’ю. На грунце шчырасці і любові былі ўзгадаваны дзеці. Сёння радуюць сваімі поспехамі і ўнукі. Студэнтка Аляксандра пакрысе ператварылася ў маладую і разважлівую дзяўчыну, якая чытае кнігі і дапамагае бабулі з кветкамі. Унучка Аліна радуе поспехамі ў вучобе, а малодшыя — Дарына і Мілана — у гэтым годзе пойдуць у першы клас. Бабуля разумее, што маладое пакаленне таксама патрабуе яе клапатлівай рукі, пільнага вока, дабрыні і шчырасці. У гэтым і заключаны галоўны сакрэт багатага жыццёвага плёну.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Марыі Чудзілоўскай.


