Кожны з нас ведае, што лес — гэта нацыянальнае багацце, эканамічны патэнцыял і экалагічны шчыт дзяржавы. Але кіраваць гэтым багаццем — асобнае мастацтва і вялікая адказнасць. Сфера лясной гаспадаркі сёння сістэмна развіваецца, і яе будучыня залежыць ад таго, хто прыйдзе ў прафесію.
Тут нельга абысціся выпадковымі людзьмі — патрэбны асобы, якія гараць сваёй справай і гатовы адраджаць традыцыі сваіх папярэднікаў. На сённяшні дзень асноўны ўпор робіцца на моладзь, якая здольна не толькі берагчы, але і ўкараняць новыя тэхналогіі ў спрадвечную галіну. Ці гатовыя сучасныя хлопцы і дзяўчаты мяняць гарадскі камфорт на лясныя сцежкі, размераны шум дрэў і клопат пра кожны саджанец? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, карэспандэнты раённай газеты пабывалі ў Ашмянскім і Граўжышкоўскім лясніцтвах. Як працуюць маладыя спецыялісты сёння? Адказ
на гэтае пытанне — у нашым матэрыяле.
Аднакласніцы, сяброўкі, калегі
Яна Ліпніцкая і Кацярына Корсак — майстры лесу, якія працуюць у Ашмянскім лясніцтве з 2024 года. Абедзьве родам з Вілейкі, а іх прафесійнае станаўленне пачалося ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы. Крочылі заўсёды побач: вучыліся ў адной групе, разам праходзілі практыкі, а пасля і атрымалі працоўнае месца ў Ашмянскім лясніцтве. Тут іх сустрэлі па-сяброўску, калектыў адразу прыняў дзяўчат з цеплынёй.
Яна Ліпніцкая — чалавек, які не ўяўляе сябе без творчасці. У вольны час яна малюе, лепіць з гліны, займаецца спортам і цікавіцца дызайнам. Яе рукі аднолькава ўпэўнена трымаюць і лесаводчы інструмент, і пэндзаль. Менавіта праца ў лесе дапамагла знайсці ёй супакой і натхненне адначасова.
— Лес натхняе да творчасці, дорыць прыгажосць. Праўда, знаходзячыся на працы, на яго глядзіш па-іншаму — як прафесіянал. А ў вольны час прафесійныя моманты адыходзяць на другі план, можна проста любавацца прыгажосцю ляснога багацця, дыхаць свежым паветрам, — расказвае дзяўчына.
Яе калега Кацярына — больш стрыманая і спакойная, але з цвёрдым характарам. Яна прызнаецца, што на выбар прафесіі паўплывала прафарыентацыйная сустрэча, якая праходзіла ў школе. Тады Кацярына ўпершыню падумала, што лес можа стаць не проста месцам адпачынку, а справай жыцця. Вучыцца было няпроста. Дзяўчына прыгадвае, што напачатку навучання хвалявалі страшныя гісторыі ад старшакурснікаў пра цяжкасці і пра тое, што ў гэтай справе дзяўчатам не месца. Але першая практыка ўсё расставіла на свае месцы. Перасцярогі развеяліся, а вось страх сустрэць у лесе дзікую жывёлу застаўся дагэтуль. Але, як адзначае майстар, гэта хутчэй здаровая павага да прыроды, чым баязлівасць.
— Мы працуем як непасрэдна ў лесе, так і ў кабінеце. Гэта змена дзейнасці дапамагае захоўваць цікавасць да працы і не стамляцца. Аднолькава люблю і працаваць у лесе, і займацца запаўненнем дакументаў. Разумею, што і першае, і другое з’яўляецца важным і патрэбным.
Задалі мы дзяўчатам і філасофскае пытанне: кім бы сталі, калі б не лясная гаспадарка? Яна адказала, што звязала б сваё жыццё з архітэктурай і дызайнам. А Каця стала б настаўніцай пачатковых класаў.
Прыклад Яны і Кацярыны паказвае, што моладзь у лясной гаспадарцы актыўна рэалізоўваецца, трымаючы ў руках зялёны скарб нашай краіны.
Адзін раз — і на ўсё жыццё
Яшчэ адна гераіня нашага матэрыялу — Вікторыя Корсак. Яна прыйшла працаваць у Граўжышкоўскае лясніцтва ў 2025 годзе. Дзяўчына родам з Вілейскага раёна, з невялічкага аграгарадка Нарач.
У дзявятым класе Вікторыя задумалася над выбарам спецыяльнасці. Хацелася выбраць справу па сэрцы, каб адзін раз — і на ўсё жыццё. Мама прапанавала паспрабаваць сябе ў лясной гаспадарцы. Дзяўчына задумалася і пачала шукаць інфармацыю ў сеціве. Загугліла — і перад яе вачыма з’явілася безліч маляўнічых фотаздымкаў. Лес і прырода адразу захапілі дух.
— Гэтыя фота трапілі ў самае сэрца. І больш ніякія варыянты я нават не разглядала, — адзначае Вікторыя. — Вось так я і прыняла галоўнае рашэнне ў сваім жыцці.
Вучыцца ў каледжы было цікава, больш за ўсё падабаліся практыкі, калі можна было паехаць у лес і паглядзець, як усё працуе насамрэч.
У Граўжышках Вікторыю сустрэлі цёпла. З першых дзён яна паказала, што веды і ўменні ў яе ёсць. Аднак дзяўчына не спыняецца на дасягнутым. Нядаўна яна паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Дзяўчына вырашыла вучыцца далей, каб атрымаць спецыяльнасць “інжынер лясной гаспадаркі”. Дарэчы, Вікторыя ўжо стала прыкладам для малодшай сястры, якая паступіла ў БДТУ на той жа факультэт. І нават малодшы брат, які яшчэ вучыцца ў школе, таксама разглядае сферу лясной гаспадаркі.
У вольны час дзяўчына любіць падарожнічаць, вывучаць новыя мясціны, узбагачацца ўражаннямі. Яна сцвярджае, што праца ў лесе — гэта цудоўная магчымасць быць штодня на свежым паветры, дакранаючыся да вялікай справы.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.
Стромкія сосны, дубы векавыя,
Срэбныя вольхі, бярозы, асіны,
Хвоі духмяныя, вечна жывыя —
Скарб найвялікшы для нашай краіны.
Чуецца клопат, ахова, апека,
Вечнай каштоўнасці — скарбу ляснога.
Рупна шануе рука чалавека
Тое, што дадзена некалі Богам.
І на ахове старанна прыроды
Нераўнадушных асобаў кагорта:
Вальшчыкі лесу, майстры, лесаводы
Справу здзяйсняюць адказна і горда.
Гэтак бывае з калена ў калена:
Вопытных, мудрых калегаў сваіх
Справу працягне “зялёная” змена,
Зорны настане зноў час маладых.
І так здзяйсняецца ўсцяж без прынукі:
Лес падрастае, красуе сцяной.
Песцяць яго працавітыя рукі,
Каб зноў ажываў ён кожнай вясной.
Марта БАГДАНОВІЧ.



