Падарожжа — гэта заўсёды адкрыццё. Яно дае магчымасць убачыць незнаёмыя краявіды, пазнаёміцца з самабытнай культурай іншых рэгіёнаў і галоўнае, пашырыць уласны кругагляд. Нагадвае яно
і пра тое, што наша краіна разнастайная, а кожны яе куток хавае штосьці ўнікальнае.
Менавіта з такой мэтай наведвальнікі аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ТЦСАН Ашмянскага раёна вырашылі здзейсніць займальнае падарожжа на Палессе. Галоўным пунктам прызначэння стаў горад Пінск. Па дарозе ўдзельнікі наведалі цэрквы ў вёсках Вялікая Сваротва і Пачапава. Культавыя пабудовы ўразілі багатай гісторыяй, а таксама асаблівай атмасферай, што панавала ў храмах. Пасля гэтага група прыбыла ў старажытны Пінск.
Развязкай першага дня вандроўкі стала прагулка на цеплаходзе з экскурсійным абслугоўваннем. Удзельнікі паездкі змаглі з іншага ракурса паглядзець на горад і наваколле, палюбавацца маляўнічымі прыбярэжнымі краявідамі.
Гэта дазволіла не толькі далучыцца да гісторыі праз старажытныя муры, але і адчуць унікальны дух Палесся. Ашмянскія падарожнікі змаглі наведаць таксама фестываль “Палескі ўюн”, які праходзіў непадалёк ад Пінска. Сваю назву свята атрымала ў гонар невялічкай рыбы — уюна, занесенай у Чырвоную кнігу. Таму галоўнай місіяй фестывалю з’яўляецца не толькі забава, але і прыцягненне ўвагі да беражлівых адносін да прыроднага багацця.
Другі дзень быў не менш насычаным. У Пінску ашмянцы наведалі адразу дзве знакавыя святыні, якія ўвасабляюць багатую культурную спадчыну Палесся. Першым пунктам стаў кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэты велічны храм размешчаны на беразе ракі Піны. Ён з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам архітэктуры барока. Уражвае і яго інтэр’ер: высокія скляпенні, багатае аздабленне, фрэскі і старадаўні арган. Свята-Варварынскі жаночы манастыр мае не менш старажытную гісторыю. Ён знаходзіцца ў будынку былога касцёла бернардзінцаў.
На шляху назад удзельнікі экскурсіі наведалі палац Пуслоўскіх у Косаве, які з’яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры ў стылі неаготыкі.
Падарожжа на Палессе пакінула шмат прыемных эмоцый. За два насычаныя дні было пераадолена сотні кіламетраў, а ўдзельнікі экскурсіі змаглі дакрануцца да гісторыі і ўбачыць прыгажосць і веліч роднай Беларусі.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.





