У нашай краіне 25 ліпеня адзначаецца Дзень пажарнай службы. Напярэдадні свята нашы карэспандэнты наведалі Ашмянскі РАНС, каб пазнаёміцца з работай дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1.
Сустрэцца з выратавальнікамі нам давялося пасля заканчэння змены. Нягледзячы на гэта супрацоўнікі былі бадзёрымі і поўнымі сіл, шмат жартавалі, прыгадваючы розныя моманты з працоўнага жыцця. Усе яны рознага ўзросту, характару, аднак аб’яднаны адной высакароднай мэтай — ратаваць жыцці людзей.
Узначальвае дзяжурную змену Андрэй Русецкі. Сур’ёзны і стрыманы, ён з першых хвілін выклікае давер. Пра сваю дзейнасць кіраўнік выказваецца сціпла, не лічачы сябе выключным і асаблівым. Ён адзначае, што змена складаецца з высакакласных спецыялістаў, якія не раз пацвердзілі свой прафесіяналізм і праявілі адказнасць.
У склад змены ўваходзіць дзесяць чалавек, сярод іх — дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення Яўгеній Більмон, старшыя інструктары-выратавальнікі Валерый Дэбесь і Аляксандр Александровіч, майстры-выратавальнікі Андрэй Шуліневіч і Васіль Сідаровіч, выратавальнікі-пажарныя Аляксандр Жукоўскі і Дзяніс Гудэбскі, вадзіцелі Яўгеній Маргуж і Віталій Жукоўскі. Хтосьці працуе тут ужо некалькі год, а хтосьці толькі пачынае прафесійны шлях. Старэйшыя калегі ахвотна перадаюць вопыт малодшым, акцэнтуючы ўвагу на адказнасці і дысцыплінаванасці.
Ёсць тут месца і дынастыям. Віталій Жукоўскі працуе вадзіцелем, а яго сын, Аляксандр, — выратавальнікам. Сын адчувае асаблівую адказнасць, бо бацька для яго не проста старэйшы калега, а сапраўдны прыклад дысцыпліны, вытрымкі, адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў.
Кожная надзвычайная сітуацыя з’яўляецца стрэсавай. Аднак у Ашмянскім РАНС дакладна ведаюць, што эмоцыі толькі перашкаджаюць у працы, таму стараюцца захоўваць вытрымку і ўнутраны спакой. За гады працы адважным героям не раз даводзілася сустракацца са смерцю, калецтвамі і іншымі негатыўнымі момантамі.
Хоць змена працуе як адзіны адладжаны механізм, у кожнага свае абавязкі. Умоўна калектыў дзеліцца на тры асноўныя групы: камандзіры, байцы-выратавальнікі і вадзіцелі. Ёсць тут і свая сістэма ўзаемадзеяння. Вадзіцелі Яўгеній Маргуж і Віталій Жукоўскі адказваюць за дастаўку выратавальнай каманды да месца здарэння з максімальнай хуткасцю. Пакуль выратавальнікі рыхтуюць абсталяванне, вадзіцелі правяраюць узровень вадкасцей, ціск у шынах, спраўнасць сігнальных агнёў. Штодня яны праводзяць тэхагляд, каб па сігнале “Трывога!” аператыўна выехаць на месца здарэння.
Асноўная праца кладзецца на плечы выратавальнікаў-пажарных. Гэта Аляксандр Жукоўскі і Дзяніс Гудэбскі, а таксама старшыя інструктары Валерый Дэбесь і Аляксандр Александровіч. Кожны іх дзень звязаны з трэніроўкамі. Адводзіцца шмат часу імітацыйным вучэнням, калі адпрацоўваюцца навыкі ў розных надзвычайных сітуацыях. Яны адзначаюць, што сапраўднае здарэнне адрозніваецца ад вучэбнага. Тут няма акрэсленага плана, трэба дзейнічаць па сітуацыі. Кожная хвіліна мае асаблівы кошт, таму працаваць патрэбна вельмі аператыўна і хутка, падаўляючы ўласныя эмоцыі.
Андрэй Шуліневіч і Васіль Сідаровіч адказваюць за выратаванне ў складаных сітуацыях. Гэта і ДТЗ з заціснутымі пацярпелымі, і абвал канструкцый, і іншыя складаныя моманты. Спецыялісты па-майстэрску працуюць з выратавальным інструментам. А калі няма выездаў, то правяраюць спраўнасць абсталявання, адточваюць уменні і навыкі.
Асобнае месца займае дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення Яўгеній Більмон. Ён з’яўляецца “вачыма і вушамі” ўсёй змены. Спецыяліст прымае выклікі, вызначае ступень небяспекі, а пасля мабілізуе экіпаж. Яўгеній не можа адхіляцца, быць павярхоўным і няўважлівым, бо ў вялікай ступені ад яго залежыць паспяховасць кожнай выратавальнай аперацыі.
У кожнага на рахунку ёсць не адно выратаванае жыццё. Аднак гэтыя моцныя мужчыны не хваляцца сваімі поспехамі. Яны адзначаюць, што некаторыя здарэнні асабліва кранаюць іх, на першы погляд, цвёрдыя сэрцы. Смерць, калецтва — да іх нельга прызвычаіцца.
За спінамі гэтых моцных і мужных мужчын стаяць іх сем’і. У кожнага з байцоў ёсць жонка, дзеці або бацькі, якія чакаюць іх з дзяжурства, перажываюць падчас трывог і шчыра ганарацца сваімі героямі. Жонкі выратавальнікаў — гэта асаблівыя жанчыны. Яны навучыліся падтрымліваць сваіх мужчын добрым словам, чакаць пасля змены, або разумеюць, што іх мужчыны кожны дзень робяць па-сапраўднаму важную справу.
Дзень пажарнай службы аб’ядноўвае выратавальнікаў, іх сем’і, калег-ветэранаў.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаем выратавальнікам моцнага здароўя, надзейных калег, цяпла і падтрымкі ў сям’і. Дзякуем за вашу высакародную працу. Няхай небяспека абыходзіць вас бокам.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Выратавальнікам
Ад смерці, здарэнняў, ад болю, калецтва
Ратуюць рупліва яны чалавецтва.
На месцы галоўным заўсёды бяспека
І клопат пра лёс, дабрабыт чалавека.
Туды, дзе трагедыя, боль і цярпенне,
Яны прыбываюць за долю імгнення.
Усе падуладны напасці, стыхіі:
І агонь, і паветра, і хвалі ліхія.
Працуюць яны сярод нас непрыкметна,
Ды службай сваёю заўсёды адметны.
Адважныя, чулыя, добрыя, мужныя,
Нястомныя, сціплыя, велікадушныя.
Анёлы-ахоўнікі, волаты, скалы
З вялікім душэўным да працы запалам.
Да справы сваёй назаўжды прыкаваны,
Нам служаць рупліва і самааддана.
Ашмянскія віцязі, працуйце імкліва,
І кожны ваш дзень няхай будзе шчаслівым.
Ратуйце людзей і прыроды ўлонне,
Схіляем галовы ва ўдзячным паклоне.
Марта БАГДАНОВІЧ.









