Беларускае вяселле заўсёды лічылася вялікай падзеяй. Кожны яго этап меў сваю сімволіку. Зразумела, што ў кожным рэгіёне былі свае традыцыі і звычаі, аднак галоўная ідэя заставалася аднолькавай: аб’яднаць два роды і пажадаць маладым шчасця.
Нядаўна на Аўгустоўскім канале ў межах фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” была створана рэканструкцыя сапраўднага беларускага вяселля, дзе госці мелі магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі гэтай падзеі. Раёны Гродзенскай вобласці прадэманстравалі творчы падыход, заглыбіліся ў гісторыю святкавання ў сваім рэгіёне, захаваўшы самабытныя элементы. Не засталася ў баку ад гэтай падзеі і Ашмяншчына. У якасці маладых на мерапрыемстве выступілі супрацоўнікі культуры. Святочны строй маладой адпавядаў традыцыям і звычаям таго часу: закрытая сукенка падкрэслівала сціпласць нявесты, а вэлюм, упрыгожаны кветкамі і вяночкам з мірту, сімвалізаваў яе цнатлівасць. Букет быў сабраны з сезонных кветак. Вялікае значэнне было ўдзелена абраду адорвання маладых.
— Вяселле складана ўявіць без падарункаў, таму мы звярнуліся да гэтага абраду, — зазначае загадчык аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК Алеся Маліноўская. – У той час кожны падарунак меў сваю сімволіку. Напрыклад, сваты або хросныя бацькі ў нашым рэгіёне дарылі хамут, які лічыўся сімвалам адзінства, а таксама сумеснай працы над адносінамі. Муж і жонка павінны быць у адной вупражы, разам цягнуць вазок сямейнага шчасця. Пра хамут нам расказалі таксама старажылі з Граўжышкоўскага сельсавета. Нам распавялі, як праходзіла вяселле, што дарылі і ў якой паслядоўнасці. Гэта вельмі дапамагло пры падрыхтоўцы. Трэба адзначыць, што было шмат жартаўлівых элементаў. Часта госці прыносілі дугу і давалі яе маладому са словамі: “Адару цябе дугой, каб ты не хадзіў да другой”. Акрамя абрада, мы прадэманстравалі і фотавыставу, якая мела сваю адметнасць. Усе фота былі аформлены ў адмысловыя рамы.
Нядаўна Алеся Францаўна прыняла ўдзел у ток-шоу “Окна города”, якое выходзіць на тэлеканале “Беларусь 4”. Там яна падрабязна расказала пра асаблівасці вяселля на Ашмяншчыне.
Тыя, хто цікавіцца гісторыяй і традыцыямі святкавання вяселля, маюць магчымасць паглыбіць свае веды. 10 ліпеня ў аграгарадку Кракоўка адбудзецца традыцыйнае свята “Кветкавая феерыя”. У гэтым годзе яно прысвечна букету нявесты і яго эвалюцыі.
Марта БАГДАНОВІЧ.




