Кніжным словам аб вайне

Культура

85 гадоў мінула з таго часу, як пачалася самая з кровапралітных войнаў на зямлі – Вялікая Айчынная. На барацьбу з ворагам падняўся ўвесь народ. Байцы Чырвонай Арміі, партызаны, падпольшчыкі мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Шмат нягод і жорсткіх выпрабаванняў давялося перажыць мірнаму насельніцтву.

Беларускі народ, як ніхто іншы, адчуў на сабе праяву фашысцкіх агрэсараў – генацыд. Аб гэтым напісана шмат кніг, успамінаў былых вязняў, выжыўшых сведак спаленых дамоў і вёсак. Ашмянская раённая бібліятэка аформіла выставу-экспазіцыю “Беларусь памятае: вайна, генацыд, подзвіг”, на якой прадстаўлены дакументальна-публіцыстычныя выданні аб зверствах нацыстаў  у адносінах да мірных жыхароў, ваеннапалонных, закатаваных і замучаных у канцлагерах, турмах. Гэта не проста кнігі. На кожнай старонцы – мільёны загубленых жыццяў, неймаверная, антычалавечая жорсткасць: “Нельга забыць. Нельга апраўдаць. Нельга дараваць”ілюстраваная энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі, “Сёстры Хатыні. Гродзеншчына” – аб больш чым трохстах знішчаных фашысцкімі карнікамі вёсках Гродзеншчыны, «Лагеря советских военнопленных в Беларуси 1941–1944» – аб трапіўшых у палон чырвонаармейцах і інш. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць  зборнікі інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў “Генацыд беларускага народа” і  “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці”, выдадзеныя пад рэдакцыяй Генеральнай пракуратуры Беларусі. Эмацыйнаму ўспрыманню экспануемых матэрыялаў садзейнічае афармленне выставы-экспазіцыі: колеравая гама афармлення назвы, раздзелаў  і цытат, атрыбутыка сімвалаў памяці – свечкі, чырвоныя гваздзікі.

Выстава-экспазіцыя “Беларусь памятае: вайна, генацыд, подзвіг” з’яўляецца часткай рэалізуемага раённай бібліятэкай праекта “Карта памяці: генацыд на тэрыторыі Ашмянскага раёна”, прысвечанага 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтай сумнай юбілейнай даты бібліятэкі раёна распрацавалі цыкл мерапрыемстваў: раённая бібліятэка рыхтуе алею памяці «22 июня: память, которая встречает рассвет». Гальшанская бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Когда рассвет стал началом войны», Крэйванцаўская бібліятэка – акцыю “Свечка памяці”, Кальчунская бібліятэка – урок-рэквіем – «В этой дате столько памяти» і іншыя. Запрашаем чытачоў і ўсіх, каму дорага памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, наведаць бібліятэкі і перагартаць старонкі аб стратах і перамогах ваенных гадоў, аб удзячнай памяці нашчадкаў.

Галіна ПАЛУБІНСКАЯ,
метадыст ДУК
“Ашмянская раённая бібліятэка”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *