У цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Вяселле ў маёй вёсцы”

Культура

Вясельны абрад з’яўляецца адным з найбольш значных у традыцыйнай культуры. Ён захоўвае звычаі, перададзеныя ад продкаў. З цягам часу структура і змест вяселля змяніліся: адны рытуалы сышлі ў нябыт, з’явіліся іншыя. Аднак памяць пра традыцыю застаецца ў рэчах, фатаграфіях, тэкстыльных вырабах, якія беражліва захоўваюцца ў сем’ях.

19 мая ў цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Вяселле ў маёй вёсцы”. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі, вясельныя строі, вышываныя абрусы, тканыя дываны. Асобнае месца займаюць вясельныя сукенкі 1980-1990 гадоў. Большасць фотаздымкаў для выставы прынеслі жыхары Ашмянскага раёна.

На адкрыцці выставы да прысутных звярнулася загадчыца сектара культуры Вольга Барысенка-Рабко. Яна падкрэсліла важнасць захавання мясцовых традыцый і падзякавала тым, хто прынёс сямейныя рэліквіі для агульнай экспазіцыі.

Загадчыца цэнтра Валянціна Свірская пазнаёміла прысутных з асноўнымі этапамі беларускага вяселля, расказала пра адметнасць вясельнага абраду ў нашым рэгіёне. Яна адзначыла:

-Вяселле ў нашых вёсках мела свае асаблівасці : спевы, абрадавыя дзеянні, паслядоўнасць этапаў. Усё гэта застаецца ў памяці і рэчах.

Валянціна Казіміраўна таксама расказала, як збіраліся экспанаты для выставы. Па яе словах, фотаздымкі і памятныя рэчы былі перададзены сем’ямі, дзе яны доўгі час захоўваліся. Выстава будзе працаваць да 29 мая. Цэнтр рамёстваў і традыцынай культуры запрашае жыхароў, якія маюць вясельныя рэчы рознага часу, перадаць іх для папаўнення экспазіцыі. Гэта дазволіць захаваць і паказаць больш поўную карціну мясцовай вясельнай традыцыі розных дзесяцігоддзяў.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *