Урокі мужнасці ад Уладзіміра Іванова

Общество

Для кожнага дзіцяці бацька з’яўляецца аўтарытэтам. Асаблівую ролю тата адыгрывае ў станаўленні дзяўчынкі. Бацька — гэта першы мужчына, якога яна бачыць, першы прыклад сілы, клопату і справядлівасці. Менавіта ад яго дачка вучыцца, як павінен ставіцца да жанчыны сапраўдны мужчына: з павагай, пяшчотай і абаронай.

Бацькаў аўтарытэт не будуецца на забаронах і пакараннях. Ён фарміруецца ў штодзённых дробязях: у тым, як бацька размаўляе з дачкой, як слухае яе, як падтрымлівае. Гэтыя словы набываюць асаблівую вагу, калі мы гаворым пра канкрэтнага чалавека.

Для Таццяны Уладзіміраўны Івановай, жыхаркі аграгарадка Гальшаны, тата і быў менавіта такім аўтарытэтам. Уладзімір Іосіфавіч прайшоў вайну, а гэта значыць — яго аўтарытэт трымаецца на трывалым падмурку мужнасці, гонару і самаахвярнасці. Калі звычайна тата вучыць дзяўчынку дабрыні і справядлівасці на бытавых прыкладах, то Уладзімір Іосіфавіч сваёй ваеннай біяграфіяй увасобіў найвышэйшыя чалавечыя якасці: абарону слабых, вернасць абавязку і любоў да Радзімы.

Нарадзіўся Уладзімір Іваноў 29 чэрвеня 1923 года ў вёсцы Шашэніна Кун’інскага раёна (зараз — Пскоўская вобласць). У сям’і, акрамя Уладзіміра, выхоўвалася яшчэ двое дзяцей. Вайна раптоўна і нечакана ўварвалася ў размеранае вясковае жыццё. І яму, васямнаццацігадоваму хлопцу, давялося ўзяцца за зброю. Цяжка ўявіць, што адчуваў юнак, які ўпершыню ў сваім жыцці сутыкнуўся са смерцю тварам у твар. Ваяваць давялося ў стралковым палку. Гэта — пярэдняя мяжа, акопы, пяхота, якая ўздымаецца ў атаку пад кулямёты. Пяць разоў за вайну ён быў паранены. Гэтыя баявыя раненні пасля нагадвалі пра сябе ў мірным жыцці. Пра мужнасць і гераізм сведчаць таксама і ўзнагароды. Уладзімір Іосіфавіч быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі,  Айчыннай вайны ІІ ступені. У дакуменце да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі можна знайсці наступную інфармацыю: “У баях за населеныя пункты: Ісакава, Малая Будніца, Зялёныя Лугі 6.10.43 года і вёску Жукава 7.10.43 года таварыш Іваноў праявіў адвагу і мужнасць. Падчас прарыву абароны праціўніка ў вёсцы Ісакава ён ішоў у першых шэрагах і сваім прыкладам матываваў іншых ісці ў бой. У баі за вёску Зялёныя Лугі ён у ліку першых уварваўся ў вёску і ў баі знішчыў пяцёра немцаў”.

Дачка ветэрана з вялікім хваляваннем перабірае старыя фотаздымкі, прыгадваючы пэўныя моманты з жыцця. Добры, справядлівы, лагодны, шчыры, спакойны — менавіта такі вобраз таты застаўся ў падсвядомасці. Бацькоўская строгасць перапляталася са шчырай любоўю да дачкі і сына. Пасля вайны бацька доўгі час працаваў настаўнікам у школе. Трэба адзначыць, што на той час Уладзімір Іосіфавіч не меў педагагічнай адукацыі. Аднак выкладанне яму давалася лёгка, а вучні гарнуліся да настаўніка. Уладзіміру Іванову не складала цяжкасці выступіць з прамовай перад вялікім натоўпам. У пасляваенны перыяд яго часта запрашалі напярэдадні 9 Мая ў школы. І ветэран дзяліўся ўспамінамі, разважаў аб вялікім кошце міру, заклікаў шанаваць родную зямлю. Патрыятызм і любоў да Радзімы мужчына выхоўваў і ў сваіх дзецях. Для чалавека, які стаў удзельнікам баявых дзеянняў, словы “патрыятызм”, “гонар”, “адказнасць за лёс Бацькаўшчыны” набылі зусім іншы, глыбінны сэнс. Дзеці бачылі такі бацькаў падыход, імкнуліся быць падобнымі да яго. Дачка, напрыклад, выбрала для сябе педагагічную сцяжынку. Шмат год яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Гальшанскай сярэдняй школе.

Сёння Таццяна прыгадвае, як та-та браў яе разам у грыбы, вучыў адрозніваць ядомыя грыбы ад неядомых. Успамінаюцца таксама і кулінарныя спробы Уладзіміра Іосіфавіча. Не раз ён частаваў дзяцей бульбай, печанай на вуголлях. У дзіцячыя гады гэты прысмак падаваўся незвычайным.

Да Дня Перамогі ў мужчыны заўсёды былі асаблівыя адносіны. У гэты дзень ён удзельнічаў у мітынгах, якія праходзілі ў вёсцы. Таццяна прыгадвае, як мелодыі ваеннага часу доносіліся праз расчыненыя вокны. У такія моманты мама заўсёды плакала, а бацька захоўваў задуменны выгляд. Абавязкова глядзеў па тэлевізары ваенны парад. Аднак успамінаць пра ваенны час бацька не любіў. У сямейным коле амаль ніколі не падымалася гэтая тэма, бо выклікала цяжкія ўспаміны.

22 чэрвеня 1973 года жыццёвая нітка Уладзіміра Іосіфавіча абарвалася. І гэта мае асаблівы сімвалізм. 22 чэрвеня — гэта дзень, калі час спыніўся для мільёнаў. Дзень, калі жыццё перастала быць мірным. Ветэран пайшоў да сваіх. Да тых, хто не дайшоў, не вярнуўся, не ўбачыў Перамогі. На той момант Уладзіміру Іванову было ўсяго толькі 50 год.

Чалавек жывы да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім. Пра Уладзіміра Іосіфавіча памятаюць і сёння яго нашчадкі — дзеці, унукі і праўнукі. Яны ганарацца гераічным дзядулем, які прайшоў вайну і застаўся чалавекам, які ўсім сэрцам любіць сваю Радзіму. Варвара, праўнучка ветэрана, не аднойчы звярталася да ўспамінаў бабулі, а таксама дакументальных крыніц і фотаздымкаў, у школьных сачыненнях і рыхтуючыся да навукова-практычных канферэнцый. Для яе прадзядуля стаў увасабленнем мужнасці, гераізму і адказнасці.

Зусім хутка — чарговы Дзень Перамогі. Зноў неба разарвуць каляровыя салюты, па ўсёй краіне пройдуць памятныя мітынгі і святочныя канцэрты. А Таццяна Уладзіміраўна Іванова зноў разгорне сямейны альбом і заглыбіцца ва ўспаміны. А пасля разам з дзецьмі і ўнукамі пойдзе на мясцовыя могілкі, каб ускласці чырвоныя цюльпаны на магілу дарагога сэрцу чалавека, жыццё якога стала прыкладам мужнасці і гераізму.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *