Вечар — гэта час, калі легенды і паданні ажываюць, калі міфічныя і казачныя героі выходзяць да людзей і распавядаюць ім пра сваё таямнічае жыццё. У рамках акцыі “Бібліяноч”Ашмянская раённая бібліятэка на адзін вечар ператварылася ў пляцоўку з незвычайнымі лакацыямі і запрасіла ў падарожжа па Беларусі.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася загадчык сектара культуры Ашмянскага райвыканкама Вольга Барысенка-Рабко. Яна падкрэсліла, што сёння бібліятэка – гэта не толькі месца знаёмства з кнігай, але і пляцоўка для цікавага і незвычайнага адпачынку.
Лакацыя “Таямніца замкаў” запрасіла ўдзельнікаў акцыі сабраць з асобных фрагментаў гербы беларускіх гарадоў, знакамітыя замкі Беларусі, адказаць на пытанні, звязаныя з гістарычнымі падзеямі і асобамі.
“Беларуская хатка” пазнаёміла моладзь з беларускімі абрадамі, народнымі звычаямі і нацыянальнымі сімваламі нашай краіны. Адной з самых складаных аказалася для дзяцей і нават дарослых лакацыя “Скарбы літаратуры”. Ад удзельнікаў патрабавалася не толькі быць уважлівымі, але і ўзнавіць веды па беларускай літаратуры. Ці ведаеце вы, паважаныя чытачы, якая птушка жыла ў Максіма Танка на працягу многіх гадоў? Удзельнікі імпрэзы таксама доўга шукалі адказ на гэтае пытанне і ўрэшце рэшт атрымалі яго ад бібліятэкараў – крумкач.
На “Сцежках казак” чакалі казачныя героі. Яны прапанавалі адказаць на пытанні віктарыны. Школьнікі не толькі выконвалі цікавыя заданні, але і маглі зарабіць “біблікі” – спецыяльную валюту мерапрыемства. Абмяняць іх можна было на ласункі, якія з любоўю падрыхтавалі для дзяцей і дарослых супрацоўнікі бібліятэкі. Кожны ўдзельнік атрымаў таксама карту падарожніка. На кожнай лакацыі можна было атрымаць не толькі “біблікі”, але і фрагменты карты нашай краіны. Той, хто здолеў сабраць усю карту зарабляў адразу дзесяць “біблікаў”.
“Свет міфалогіі” запрасіў у госці да Вадзяніка, Баганніка, Дамавіка і іншых міфічных стварэнняў. Каб атрымаць “біблікі” ад “нячысцікаў” трэба было пастарацца. Пытанні, звязаныя с міфалогіяй беларусаў, былі падчас складанымі нават для дарослых. Але ў такіх выпадках духі лясоў і азераў былі літасцівымі да ўдзельнікаў падарожжа.
“Горад майстроў” запрасіў на майстар-клас па саломапляценні, які праводзіла Валянціна Свірская. Зацікавіла дзяцей і латарэя, у якой можна было выйграць цацку ці ўпрыгожанне ад ашмянскіх майстроў.
Вечар атрымаўся насычаным, пазнавальным і эмацыянальным не толькі для юных чытачоў, але і для іх бацькоў. Супрацоўнікі Ашмянскай раённай бібліятэкі яшчэ раз засведчылі, што любяць тое, што робяць, і робяць тое, што любяць.
Вікторыя ПРАЦКАЙЛА-МІСЮТА.
Фота аўтара.






