Якая яна — беларуская жанчына? Адказная, тактоўная, добразычлівая, шчырая і ўсмешлівая, лагодная. Падаецца, што яна сабрала найлепшыя якасці і характарыстыкі. Беларускія жанчыны змаглі рэалізавацца ў розных накірунках, дасягнуць поспехаў і вышынь. Хтосьці праявіўся ў эканоміцы, іншыя — у культуры, яшчэ хтосьці — у сельскай гаспадарцы. Да апошняй групы якраз і адносіцца гераіня нашага сённяшняга аповеду Валянціна Печкур. Усё яе жыццё непарыўным чынам звязана з сельскай гаспадаркай.
Нарадзілася Валянціна Зыгмундаўна ў невялічкай вёсцы Рамейкі, што непадалёк ад Гродзяў. Там прайшло яе бесклапотнае дзяцінства. Скончыўшы восем класаў школы ў Гродзях, яна працягнула навучанне ў СШ № 3. Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, выпускніца паступіла ў мясцовы тэхнікум, дзе атрымала прафесію бухгалтара. Распачынаць жыццё хацелася на сваёй зямлі. Дзяўчына цвёрда трымалася ісціны аб тым, што жыць і працаваць трэба там, дзе нарадзіўся і вырас. Першым працоўным месцам для жанчыны стаў калгас імя Крылова. І сёння з цеплынёй і шчырасцю жанчына прыгадвае першыя і нясмелыя крокі ў прафесію. Аднак калектыў падтрымаў маладога спецыяліста, атуліў клопатам і апекай. З той падзеі мінула сорак шэсць год. Сёння Валянціна Зыгмундаўна працуе дыспетчарам у СУП “АграГродзі”. Яна карыстаецца аўтарытэтам у калег, да яе меркавання прыслухоўваюцца.
Пачынаючы працоўны шлях, Валянціна цвёрда вырашыла, што жыць і працаваць яна будзе менавіта ў тым месцы, дзе нарадзілася і вырасла. І ад гэтый думкі яна не адмовілася пазней. У 1972 годзе сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў Гродзі. Новы дом стаў месцам сілы і натхнення, а сёння, праз 54 гады, —сапраўдным радавым гняздом для новага пакалення — дзяцей і ўнукаў, — якія збіраюцца тут на святы. Жаночая рука бачна ўсюды: і ў доме, дзе ўсё падабрана з густам, і на падворку, які ўпрыгожваюць кветкі і дэкаратыўныя расліны. Парадак і гармонія бачны ў кожнай дэталі, але жанчына на гэтым не спыняецца. Зараз у яе разам з мужам Іванам яшчэ шмат ідэй для рэалізацыі.
Акуратнасць, адказнасць, патрабавальнасць — якасці, без якіх, як мяркуе Валянціна Печкур, немагчыма рэалізавацца ў працоўным плане і асабістым жыцці. Гэтага жанчына прытрымліваецца сама, гэтага ж патрабуе і ад тых, хто побач, — калег, сяброў, родных і блізкіх. А ў прафесійным плане без гэтых якасцей асабліва складана. Менавіта за такі падыход Валянціну Зыгмундаўну паважаюць на працоўным месцы.
Максім Танк у адным са сваіх вершаў пісаў: “Простае шчасце людское, так, як і наша з табою. Пэўна складаецца з солі, з хлеба сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу, з роднага небасхілу”. Сапраўды, шчасце кожнага чалавека складаецца з ледзь заўважных дробязей, якія робяць жыццё гарманічным і прыгожым. Дык у чым жа сапраўднае шчасце жанчыны? Яно не ў гучных словах і не ў лёгкім жыцці. Яно — у штодзённай, рупнай і самаадданай працы на роднай зямлі, у тым парадку, які Валянціна Зыгмундаўна наводзіць сваімі рукамі каля дома. Яно — у дзецях і ўнуках, у любімых занятках, што напаўняюць душу святлом нават у самыя звычайныя дні. Вось яно, простае шчасце Валянціны Печкур. Шчасце, якое яна заслужыла руплівай працай, сэрцам, адданым людзям і зямлі, і неўміручай любоўю да ўсяго, што робіць жанчыну сапраўднай гаспадыняй свайго маленькага свету.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

