“Велікодныя забавы” сабралі сяброў клуба “Вялікае сэрца”

Культура

Многія мяркуюць, што дарослыя не гуляюць у гульні і не забаўляюцца, аднак удзельнікі аматарскага аб’яднання “Вялікае сэрца” абверглі гэту гіпотэзу. На мінулым тыдні атрымальнікі сацыяльных паслуг аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў у межах праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” зладзілі сапраўдны велікодны батл – з катаннем яек і бойкамі.

У зале не было месца для суму. Праграма вярнула да беларускіх велікодных традыцый. Удзельнікі аб’яднання прыгадалі дзяцінства. Інвентар для спаборніцтваў выглядаў незвычайна – драўляны жолаб і каляровыя яйкі. Кульмінацыяй сталі жартаўлівыя паядынкі. Удзельнікі падзяліліся на пары і сышліся ў “яечным баі”.  Але, як аказалася, перамога тут была не самым галоўным. Куды больш важнымі былі станоўчыя эмоцыі, усмешкі і добры настрой.

Мерапрыемства скончылася, а цёплае пачуццё сапраўднага свята засталося. Простыя і зразумелыя для ўсіх забавы нагадалі аб галоўным – радасць тады салодкая, калі дзеліш яе з іншымі.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *