Што робіць сям’ю па-сапраўднаму моцнай? У свеце, дзе час разганяецца да нечуванай хуткасці, традыцыі зазвычай застаюцца ў мінулым. Аднак ёсць і тыя, хто свядома захоўвае веру, імкнучыся быць блізка да Бога і сваіх каранёў. Сям’я Александровіч з Гальшан — прыклад таго, як хрысціянскія каштоўнасці і памяць пра продкаў становяцца тым фундаментам, на якім трымаецца жыццё. Для гэтай сям’і Вялікдзень — не проста чырвоны дзень календара, а кропка перасячэння часоў. За святочным сталом збіраецца ўся сям’я, прыгадваюць таксама і тых, каго ўжо даўно няма побач, але хто заўсёды застанецца ў малітвах і ўспамінах.
Гаспадыня дома, Марына, расказвае, што святкаванне Вялікадня нельга акрэсліць адным днём, бо пачынаецца ўсё значна раней — з самага пачатку Вялікага посту. Марына, Аляксандр і два іх сыны, Максім і Мацвей, абавязкова ў гэты дзень ідуць разам у касцёл, каб прыняць попел на галаву, прааналізаваць сваё жыццё, папрасіць прабачэння ў блізкіх за крыўды і непаразуменні, а таксама зрабіць маленькія, але важныя пастановы на Вялікі пост. Падчас посту і бацькі, і дзеці стараюцца ўстрымлівацца ад мяса, гучных забаў. Акрамя таго, сям’я імкнецца больш часу праводзіць разам за размовамі і сумеснымі справамі. Кожную пятніцу дзеці разам з бацькамі прымаюць удзел у Крыжовым шляху, які прыгадвае пра апошнія гадзіны жыцця Хрыста — шлях на Галгофу. А ў нядзелю сям’я збіраецца на імшы. Літургічныя тэксты ў гэты перыяд таксама дапамагаюць задумацца над уласным жыццём, абудзіць у сабе добрыя намеры. Вялікі пост сям’я Александровіч звязвае таксама з трыма фундаментальнымі рэчамі — малітвай, міласцінай, устрыманнем ад мясных страў. Гэтага калісьці прытрымліваліся і продкі.
Важнае месца займае таксама і Вялікі тыдзень — апошнія сем дзён перад Вялікаднем. Вербная нядзеля звязана са стварэннем адмысловых галінак, якія нагадваюць пра ўваход Хрыста ў Іерусалім. Марына працуе ў дзіцячым садку. За гады працы яна прызвычаілася рабіць прыгожыя рэчы сваімі рукамі, таму выраб вербачак для яе — справа нескладаная. Каляровыя галузкі, асвечаныя падчас імшы, сям’я пасля захоўвае на працягу ўсяго наступнага года. Вялікі пост заканчваецца велікодным трыдыумам — трыма самымі важнымі днямі ў літургічным годзе.
”— Мы з сям’ёй любім наведваць касцёл у Вялікі чацвер. У гэты дзень узгадваецца Тайная вячэра. Вялікая пятніца — па-сапраўднаму сумны дзень, калі ўзгадваецца дзень смерці Хрыста. Гэта адзіны дзень у годзе, калі няма імшы. Вялікая субота — дзень пераходны. Днём разам з дзецьмі мы асвячаем стравы на святочны стол. Дзеці заўсёды прымаюць удзел у падрыхтоўцы святочнага кошыка, які нагадвае пра тое, што свята ўжо блізка. А вечарам спяшаемся на галоўную імшу літургічнага года. Літургія ў гэты дзень па-сапраўднаму прыгожая, багатая і святочная, — расказвае Марына Александровіч.
Вялікі чацвер у народзе яшчэ называюць чыстым. Зазвычай гэты дзень прысвячаецца хатняй працы, добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол. За парадак у двары адказныя тата і старэйшы сын Максім. Яны разам працуюць, робячы прысядзібны ўчастак асабліва ўтульным, светлым і чыстым. Гаспадыня займаецца хатнімі справамі, адводзіць час для “генеральнай” уборкі. Калі хатнія справы скончаны, бацькі і дзеці дбаюць таксама і пра чысціню ўласнага цела. Аднак, як адзначаюць дарослыя, куды важнейшай з’яўляецца прыгажосць душы і чысціня сумлення.
Пятніца і субота прысвечаны прыгатаванню страў на святочны стол. Малодшы сын Мацвей з радасцю дапамагае маме ў гэтай справе. З вялікай цікавасцю ён фарбуе яйкі, дапамагае з прыгатаваннем салатаў. Сумесная праца аб’ядноўвае, дае адчуванне святла і прыгажосці.
Велікодная нядзеля ў сям’і Александровіч пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы. Менавіта ў гэты час сям’я збіраецца на ўрачыстую імшу. Пасля богаслужэння і бацькі, і дзеці сядаюць за святочны стол. Яны прысвячаюць час размовам, прыгадваюць родных, якіх ужо няма побач, будуюць планы на будучыню. Вялікдзень становіцца сапраўдным сямейным святам.
Сёння, калі многія шукаюць свой радавод у архівах, сям’я Александровіч даказвае: самыя моцныя карані тыя, якія трымаюцца на веры, увазе, узаемнай пашане. Спадчына, якую пакінулі ім продкі, заключаецца не ў матэрыяльных рэчах, а ў тым святле, якім яны дзеляцца з дзецьмі, у тым слове, якое перадаецца ад сэрца да сэрца.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

