Напярэдадні велікодных свят наведвальнікі аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Ашмянскага раёна накіраваліся ў паездку па храмах суседняга — Валожынскага раёна. Гэта паездка мела не толькі краязнаўчае і гісторыка-культурнае значэнне, але і вялікае духоўнае – яна дапамагла дакрануцца да вытокаў хрысціянства на беларускай зямлі і да сваёй уласнай сутнасці як да чалавека веры. Напярэдадні велікодных святаў глыбей пачынаеш разважаць над пытаннямі жыцця і смерці, і той вялікай ахвяры, якую здзейсніў Хрыстос для выратавання людзей.
Наведванне храмаў дапамагло засяродзіцца на сваіх думках і пачуццях, пабыць сам-насам, памаліцца за родных і блізкіх, жывых і памерлых, паставіць свечкі, папрасіць прабачэння перад лікам Хрыста за свае хібы і памылкі, прыкрыя паводзіны ў дачыненні да іншых людзей. Намоленыя атмасферы і каталіцкіх, і праваслаўных храмаў аднолькава дапамагаюць чалавеку дакрануцца да вялікіх таямніцаў жыцця, смерці, веры, надзеі і любові.
Сумныя вочы Марыі, якая трымае на руках маленькага Езуса, глядзяць з абразоў на чалавека. Багародзіца не магла не адчуваць мацярынскім сэрцам, што павінна будзе аддаць сына на смерць дзеля жыцця, — і з пакорай прыняла свой лёс. А мы так часта з абурэннем ставімся да таго, што адбываецца з намі, наракаем на жыццё і Бога. А ў храме так хочацца верыць у лепшае для ўсіх нас і гаварыць: “Езу, я давяраю табе!” І становіцца лягчэй на душы, хочацца жыць і радавацца кожнаму дню.
Вандроўнікаў з Ашмян чакалі ў касцёле Святога Міхаіла Архангела ў Багданаве, ля якога некалі пісаў свае карціны Фердынанд Рушчыц. У аграгарадку Вішнева экскурсанты наведалі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і царкву Святых Космы і Дзям’яна, набралі ў святой крыніцы чыстай сцюдзёнай вады, зазірнулі ў купель. У Валожыне падарожнікі пабывалі ў касцёле Святога Іосіфа і царкве Святых Канстанціна і Алены.
І амаль у кожным храме гучала малітва за мір, дабрабыт і нараджэнне дзяцей, каб не пусцелі сцены храмаў, працягвалася чалавечае жыццё і жыла вера. Кожны прывёз з вандроўкі штосьці сваё: фотаздымкі на памяць, абразікі і выявы касцёлаў, адказы на нейкія пэўныя пытанні і ўсе — палёгку на душы.
Людзі розных веравызнанняў разам наведвалі і каталіцкія, і праваслаўныя храмы, і ніхто не адчуў там сябе нейкім іншым, чужым. Нас усіх аб’ядноўвае вера ў вышэйшую сілу Бога і яго магутнасць. І ўсім аднолькава званілі званы на званіцах, і ўсім аднолькава свеціць сонца і жадаем мы ўсе аднаго і таго ж – міра на нашай зямлі, магчымасці гадаваць сваіх дзяцей і жыць ва ўзаемнай любові і адзінстве.
Напярэдадні Вялікадня паездка стала вялікім падарункам – дарогай не толькі да храма, але і да ўласнай душы.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота аўтара.






