Натуральна, духмяна, па-ашмянску: у цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры ствараюць галоўны сімвал Вербнай нядзелі

Культура

Штогод напярэдадні свята Уваходу Гасподняга ў Ерусалім, якое ў народзе называюць Вербнай нядзеляй, гараджане ўсё часцей задумваюцца: якую вярбу выбраць? Ці варта купляць яркую і стракатую са штучнымі кветкамі, ці лепш звярнуцца да вытокаў і аддаць перавагу сімвалу свята, зробленаму з натуральных прыродных матэрыялаў.

Адказ на гэтае пытанне даўно знайшлі ў Ашмянскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут, дзякуючы таленту і шчырай працы майстра Марыны Ягелы, ужо не першы год адраджаюць сапраўднае мастацтва стварэння вербачак – тых самых, якія неслі ў храм нашы продкі.

Для Марыны Ягелы выраб вербачак – не проста рамяство, а спосаб захаваць каштоўнасць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Галоўны прынцып, якога няўхільна прытрымліваецца майстар, — поўная натуральнасць.

-Асновай заўсёды служыць жывая вярба. Гэта сімвал абнаўлення, сілы жыцця і вясны. Але адна вярба – гэта толькі пачатак, — расказвае Марына Віктараўна. – Каб букет набыў форму, мы выкарыстоўваем толькі прыродныя матэрыялы: гнуткі бруснічнік, кукурузныя кіяхі, ядловец.

Кожны з гэтых элементаў нясе свой сэнс і энергетыку. Калі раней у ход ішлі штучныя стужкі і пластык, то сёння падыход змяніўся карэнным чынам. Людзі ўсвядомлена выбіраюць экалагічнасць і аўтэнтычнасць. Галінкі ядлоўцу, дададзеныя ў букет, надаюць яму асаблівы хваёвы водар, які доўга трымаецца ў доме.

У Ашмянскім раёне традыцыі заўсёды шанавалі асабліва . Сёння ў цэнтр рамёстваў прыходзяць людзі рознага ўзросту з просьбай “зрабіць вербачку, як было ў бабулі”.

-Людзі стаміліся ад штучнага бляску, — дзеліцца назіраннямі майстар. – Яны хочуць быць бліжэй да сапраўдных традыцый, да зямлі. Калі прыходзіш у храм з букетам, дзе кожная галінка жывая, дзе ўпрыгожанні зроблены з таго, што дала прырода, адчуваеш зусім іншую сувязь са святам. Гэта не проста даніна модзе, гэта вяртанне да каранёў.

У працэсе стварэння вербачкі спалучаюцца некалькі традыцыйных тэхнік: апрацоўка лазы, сухое фларыстычнае майстэрства і мастацкае афармленне. Кожны выраб – адзінкавы.

Ашмянскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры сёння стаў асяроддзем захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дзякуючы такім майстрам, як Марына Ягела, тэхналогіі нашых продкаў не знікаюць, а набываюць новае жыццё.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *