У Ашмянах прайшла творчая сустрэча ў межах праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё”

Культура

У цёплай і шчырай атмасферы ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН Ашмянскага раёна прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Паэзія ў душы”. Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” і сабрала людзей рознага ўзросту, аб’яднаных любоўю да мастацкага слова і музыкі.

У госці да атрымальнікаў паслуг аддзялення завіталі самадзейныя паэты і творчая моладзь. Сваімі новымі творамі падзяліліся Галіна Даўгашэй, Тарэса Адашкевіч, Яўген Куст. Асаблівым госцем стала юная аўтарка Надзея Высоцкая, чыё імя ўжо сёння гучыць на творчых пляцоўках раёна.

Не пакінулі абыякавымі прысутных і музычныя віншаванні. Сваё майстэрства паказалі вучні Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Анжаліка Гадліеўская, Раман Малішэўскі і Аліса Астрамовіч. Аўтэнтычны каларыт і душэўнасць вечару надаў выканаўца песень Канстанцін Яраш.

Падчас сустрэчы гучалі вершы пра жыццё, любоў да Радзімы і роднага краю, пра каханне і патрыятызм. У спалучэнні з жывой музыкай паэтычныя радкі набывалі асаблівую глыбіню і хвалявалі сэрцы слухачоў.

Як адзначылі ўдзельнікі, літаратурна-музычная гасцёўня стала крыніцай творчага натхнення, а таксама пляцоўкай, дзе аб’ядналіся пакаленні, каб паразважаць пра вечнае і падзяліцца талентамі.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *