Не чужы клопат. Вучні Гальшанскай школы дапамагаюць былой настаўніцы

Общество

У  любым грамадстве мера яго чалавечнасці вызначаецца тым, як мы ставімся да тых, хто асабліва патрабуе клопату і апекі – да дзяцей і пажылых людзей. Часта мы гаворым пра клопат падчас буйных акцый і святочных мерапрыемстваў, але сапраўдная цеплыня правяраецца таксама і штодзённасцю. Менавіта такі клопат стаў тэмай апошняй размовы ў рэдакцыі. Нядаўна да нас звярнулася былая настаўніца Гальшанскай сярэдняй школы Марыя Паўлаўна Кудраўцава.

На пенсіі час ідзе па-іншаму. Ён больш не дзеліцца на чвэрці, але для Марыі Паўлаўны, якая палову жыцця аддала выкладанню матэматыкі, ён яшчэ напоўнены падзеямі. Праўда цяпер галоўныя падзеі – гэта хатнія клопаты.

Жанчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку і, як многія людзі сталага ўзросту, сутыкаецца з тым, што фізічна справіцца з гаспадаркай з кожным годам усё цяжэй. Але, як расказала настаўніца, у яе ёсць сапраўдная апора, якую складаюць вучні школы.

-Вы нават не ўяўляеце, што гэта такое – выйсці раніцай, а дарожкі ўжо чыстыя, — з хваляваннем у голасе расказвае Марыя Паўлаўна. – У мінулы снегапад гляджу ў акно, а мае хлопчыкі і дзяўчаткі — зусім невялікія, — а лапатамі лоўка варочаюць! Прыйшлі – і зрабілі. А потым яшчэ і дроў прынеслі.

Настаўніца прызнаецца, што адна з такімі справамі ўжо не справілася б. Прыемна і тое, што такая дапамога не з’яўляецца аднаразовай. Яна пастанная і таму асабліва каштоўная.

-Летам яны ўвогуле мае ратавальнікі, — усміхаецца жынчына. – На агародзе трэба то пасадзіць, то папалоць. Мне з гэтым абавязкам ужо не справіцца, а яны ціха, без шуму, прыбягуць пасля школы – і да работы.

Такая чуласць не з’яўляецца на пустым месцы. Марыя Паўлаўна ўпэўнена, што гэта заслуга тых людзей, якія сёння працуюць са школьнікамі. Цёплым словам прыгадвае жанчына дырэктара Марыну Гайдукевіч, завучаў і настаўнікаў.

-Гэта яны ўклалі ў дзяцей душу. Яны навучылі галоўнаму – бачыць, каму патрэбна дапамога. Бо матэматыку, можа, хто і забудзе, а вось дабрыню – ніколі. Вельмі ўдзячна ім, што выхавалі такіх няўрымслівых памочнікаў, — гаворыць педагог.

Выходзячы з хаты Марыі Паўлаўны, злавіла сябе на думцы, што вось яна – жывая сувязь пакаленняў. Гутарка з жанчынай пакінула ў душы незвычайнае святло. І разам з ім – цвёрдую веру: дабрыня жыве ў штодзённых учынках. Гледзячы на школьнікаў, прыходзіць разуменне: падрастае пакаленне, для якога словы “чалавечнасць” і “клопат” – не пусты гук. А значыць, будучыня ў надзейных руках.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *