Пятніца па-беларуску. Майстры цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры пазнаёмілі з тэхналогіяй стварэння паясоў

Культура

Кожны народ мае свой унікальны код, зашыфраваны ў арнаменце вышыўкі, у колеры пояса, кроі кашулі. Гэтыя знакі, якімі карысталіся нашы продкі, былі іх пашпартам, гісторыяй і філасофіяй. Сёння зварот да вытокаў набірае асаблівую папулярнасць.

Нядаўна ў нашай краіне стартаваў маштабны праект “Кожную пятніцу – роднае, сваё”. Ён запрашае кожную пятніцу прысвяціць нацыянальнай культуры: карыстацца роднай мовай, паглыбляць свае веды пра гісторыю і літаратуру, купляць тавары беларускай вытворчасці. Спецыялісты раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры таксама далучыліся да добрай ініцыятывы. У чарговую пятніцу яны запрасілі наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў, каб падрабязна расказаць пра пляценне паясоў на дошчачках. Майстар цэнтра Марыя Заянчкоўская расказала шмат цікавых фактаў пра паясы.

— Нашы продкі шанавалі пояс, які лічыўся своеасаблівым абярэгам. Дзяўчынкі з дзесяцігадовага ўзросту вучыліся плесці паясы на дошчачках. Калі дзяўчына выходзіла замуж, яна павінна была падрыхтаваць паясы для ўсіх мужчын, што былі на вяселлі. Пояс лічыўся знакам мужчынскай сілы. Звычайна хлопцы насілі яго на левы бок, а мужчыны завязвалі пасярэдзіне. Паясы былі розных памераў. Гэта залежала ад колькасці дошчачак, задзейнічаных у працэсе, — расказала Марыя Міхайлаўна.

Наведвальнікі аддзялення з вялікім захапленнем назіралі за этапамі стварэння пояса. Майстар цэнтра падрабязна расказвала пра кожны этап, знаёміла з тэхналогіяй. Усе прысутныя маглі і самі далучыцца да гэтага занятку.

— Нашы традыцыі – гэта жывы голас продкаў, які побач з намі праз стагоддзі. Гэта наша сіла і мудрасць. Кожны раз, калі мы губляем цікаваць да традыцыйнай культуры, мы адрываемся ад каранёў, становімся бяднейшымі. Каб быць моцнымі, трэба стаяць на сваёй зямлі, каб стаяць – трэба ведаць яе глыбіню, — падагуліла Марыя Заянчкоўская.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *