Больш за 40 гадоў існуе ў Жупранскай школе літаратурны музей Ф.К.Багушэвіча – нашага земляка, паэта—дэмакрата, пачынальніка крытычнага рэалізму. Жыў паэт у ХIХ стагоддзі. Нарадзіўся ў фальварку Свіраны ў 1840 годзе, а памёр у 1900 годзе.
Адным з накірункаў работы нашага музея з’яўляецца арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў. Школьнікі даследуюць гісторыю вёскі Жупраны, мясцовых могілак, жыццёвы шлях сваіх землякоў: мастака і настаўніка Уладзіміра Шымановіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Крайнова, паэта Анатоля Вішнеўскага, а таксама Францішка Багушэвіча.
Здаецца, ужо ўсё пра яго сказана і вывучана. Але цікавасць да асобы Багушэвіча не слабее. У нашым школьным музеі шмат фотаздымкаў не толькі самога паэта, але і яго родных. З пажаўцелых фота на нас пазіраюць дачка паэта Канстанцыя, сын Тамаш, унучкі Станіслава, Габрыеля, Канстанцыя, праўнук Лешэк Тамашэўскі.
Як вядома з біяграфічных даведнікаў, Ф.Багушэвіч меў пяцёра дзяцей. Трое памерлі яшчэ ў маленстве. Нідзе не ўпамінаюцца ні гады іх нараджэння, ні імёны, ні нават хто нарадзіўся — хлопчыкі ці дзяўчынкі. Вядома, што жывымі ў паэта засталіся толькі сын Тамаш і дачка Канстанцыя.
Вучні школы пры выкананні даследчай работы выявілі, што кожны з нашчадкаў Ф.К.Багушэвіча меў свой лёс, сваю жыццёвую дарогу.
Дачка Ф.Багушэвіча Канстанцыя-Марыя (ці, як яе дома называлі, Туня) нарадзілася ў 16.06.1876 г. у г. Канатопе на Украіне, дзе бацька быў у выгнанні ажно 20 гадоў. Дзяўчына мела цудоўны голас, які мог прывесці яе на падмосткі Ла Скала ў Італіі, але хвароба знішчыла яе талент. Яна добра выйшла замуж, але і тут лёс не пашкадаваў яе – яна нарадзіла хворага сына. Засталася ўдавою, але ўсяго на некалькі дзён перажыла свайго мужа. Яна не змагла, як марыў бацька, выйсці на шырокі прастор грамадскага жыцця, бо жыла ў Польшчы, дзе не ўхвалялася прыхільнасць да беларускасці.
Сын Ф.Багушэвіча Тамаш Вільгельм нарадзіўся ў 1881 годзе ў Канатопе. Вучыўся на архітэктурным факультэце ўніверсітэта ў Пецярбурзе. Некаторы час жыў у Барунах. Выкладаў у Віленскім універсітэце. Быў усебакова адораны, апроч спраў прафесіянальных, цікавіўся літаратурай і музыкай, пісаў аповесці, вершы, нядрэнна маляваў (захавалася ўсяго некалькі малюнкаў), а таксама іграў на скрыпцы.
Быў жанаты з Юзэфай Маркоўскай. Меў трох дачок. Загінуў трагічна, выкінуўшыся з поезда, у 1929 годзе. Прычына самагубства засталася нявысветленай.
Унучка Ф. Багушэвіча Станіслава Тамашэўская нарадзілася ў 1910 годзе ў сям’і Тамаша Вільгельма Багушэвіча і Юзэфы Маркоўскай. Станіслава рана засталася без маці. Маці Юзэфа памерла ў 1919 годзе ад чумы, якой заразілася, даглядаючы параненых у шпіталі, дзе працавала санітаркай.
На яе долю выпала многа цяжкасцей: высылка з дзецьмі ў Сібір, сталінскія лагеры, выгнанне ў Іран, потым вываз ў рэкрэацыю палякаў у Індыю ў правінцыю Валівад. І толькі ў 1947 годзе – зварот у Польшчу, уз’яднанне з сям’ёй. Здавалася, жыццё наладжваецца, але ад інфаркту памірае муж, і Станіслава зноў застаецца з дзецьмі адна.
Праўнук Багушэвіча Лешэк (сын Станіславы) нарадзіўся ў 1935 годзе ў гарадку Падзелёна. Лешэк вучыўся ў ліцэі ў Гіжыцку. Пасля заканчэння дамовіўся з сябрамі і паехаў у Гданьск, дзе паступіў у будаўнічы тэхнікум, які скончыў у 1955 годзе. Атрымаў накіраванне на працу ў Шчэцін. Адтуль быў прызваны на службу ў войска. Памёр Лешэк у 2008 годзе.
Сястра Лешэка Крысціна жыве ў Варшаве. Звестак пра прапраўнукаў Ф. Багушэвіча мала. А значыць, даследчая работа будзе прадаўжацца. Спадзяёмся, што нам ўдасца адшукаць каго-небудзь з нашчадкаў Багушэвіча, нягледзячы на тое, што ні адзін з іх не жыве на Беларусі. Лёс раскідаў іх па свеце. Жывуць яны ў ЗША, Польшчы: Варшаве, Вроцлавку, Торыні, Сопаце, Росціні, Дравно. Прадстаўляюць розныя прафесіі. Ёсць сярод іх доктар, інфарматык, метрдатэль, натарыус, будаўнік, хімік, геолаг. Так цягнуцца далей лёсы нашчадкаў Ф. Багушэвіча.
Практычная значнасць работы літаратурнага музея Ф.К.Багушэвіча заключаецца ў магчымасці выкарыстання матэрыялаў на ўроках роднай мовы і літаратуры, гісторыі, у выхаваўчай рабоце, а таксама ў папаўненні экспазіцыі музея тымі экспанатамі, якія былі знойдзены ў выніку работы над даследчай працай. Новыя матэрыялы дапамогуць у афармленні выставы ў музеі.
Галіна ЛУКША, загадчык школьнага літаратурнага музея.
Фота Святланы ШУКЕЛОВІЧ.

