Жывапіс – гэта не толькі мастацтва фарбаў і форм, але і асаблівы спосаб пазнання свету. Ён адкрывае перад намі глыбіню чалавечых пачуццяў, дазваляе ўбачыць тое, што не заўсёды выказваецца словамі. Карціна становіцца люстэркам часу, сведчаннем духоўных пошукаў і адначасова – трывалым мостам паміж пакаленнямі.
Сапраўдны мастак – гэта чалавек, які тонка адчувае рытм жыцця, умее ператварыць у фарбы чалавечыя думкі і пачуцці. Жывапісец бачыць свет не павярхоўна, а праз прызму ўнутранай гармоніі і духоўнага дотыку. Яго творы – гэта жывыя гісторыі, напоўненыя святлом, сімвалізмам і чалавечай цеплынёй.
Ашмяншчына таксама багатая на таленавітых людзей, якія здольны перадаваць свае пачуцці пры дапамозе фарбаў. Да гэтай кагорты можна аднесці Паўла Генюша – самадзейнага мастака, чый творчы шлях стаў прыкладам адданасці мастацтву і роднай зямлі. Шостага студзеня ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адбыўся творчы вернісаж мастака, прымеркаваны да 75-годдзя аўтара. Гэта падзея сабрала прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія прыйшлі на мерапремства, каб дакрануцца да мастацтва і павіншаваць юбіляра. Наведвальнікі аддзялення для грамадзян сталага ўзросту Ашмянскага ТЦСАН, гараджане і проста нераўнадушныя да мастацтва людзі прыйшлі пазнаёміцца і з мастацкімі творамі, і з самім аўтарам.
Карціны, прадстаўленыя на выставе, дыхалі асаблівай цеплынёй і душэўнасцю: стромкія горы, пакручастыя дарогі, бяскрайнія палі – усё гэта заварожвала сабраных. Многія мясціны падаліся блізкімі і знаёмымі для наведвальнікаў, але мастак бачыць іх па-іншаму – ён умее адкрыць у звыклым новае, паказаць прыгажосць у дэталях, якія часта застаюцца непрыкметнымі для позірка.
У шчырай размове мастак прызнаўся, што здольнасць да мастацтва адкрыў яшчэ ў дзяцінстве. Пазней захапіўся творчасцю Івана Шышкіна, Васіля Пярова, Ільі Рэпіна, мастакоў, якія стварылі таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. Праз свае творы мастакі хацелі паказаць праўду жыцця. Іх ідэі сталі надзвычай блізкімі для Паўла Генюша.
Сапраўднай музай для мастака стала яго жонка, Тамара Купрыянаўна. Яна з’яўляецца і галоўнай натхняльніцай, і першым крытыкам. На адзін з юбілеяў Тамара Купрыянаўна атрымала ў якасці падарунка партрэт, напісаны мужам. Гэты прыгожы жэст усхваляваў жанчыну, выклікаў моцныя пачуцці. Яна адзначае, што Павел заўсёды адрозніваўся асаблівым густам, уменнем заўважаць дэталі. З маладосці ён меў уласны стыль і ў мастацтве, і ў адносінах з людзьмі. Гэта індывідуальнасць у свой час і прывабіла Тамару Купрыянаўну.
Наведалі выставу таксама дзеці і ўнукі мастака. Яны павіншавалі тату і дзядулю з юбілеем, пажадалі яму натхнення і далейшых творчых поспехаў. Шмат цёплых слоў прагучала і з вуснаў прысутных, якія адзначалі высокі ўзровень прац мастака, іх глыбіню. Вернісаж дапамог дакрануцца да мастацтва, убачыць, што творчыя людзі знаходзяцца побач – ходзяць тымі самымі вулкамі, дыхаюць тым жа паветрам, бачаць тыя ж фасады дамоў, але кожны раз адкрываюць новыя адценні і фарбы.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.






