У Беларусі рэалізуецца маштабны праект па папулярызацыі прадукцыі айчынных вытворцаў – «Кожная пятнiца – роднае, сваё». Мэта іцыятывы, прапанаванай Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, – паказаць разнастайнасць і высокую якасць беларускіх тавараў, падкрэсліць іх канкурэнтаздольнасць і падтрымаць айчынных вытворцаў добрай традыцыяй.
Кожную пятніцу жыхары краіны могуць далучыцца да акцыі: набыць беларускія прадукты, апрануць адзенне айчынных вытворцаў, паслухаць нацыянальную музыку, прачытаць кнігу беларускіх аўтараў і падзяліцца гэтым у сацыяльных сетках з хэштэгамі #ДеньРодногоСвоего ці #ДзеньРоднагаСвайго.
У пятніцу, 26 снежня, да праекта актыўна далучыліся ашмянцы. У краме Ашмянскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства “Родны кут”, якая знаходзіцца ў мікрараёне Заходнім, была арганізавана дэгустацыя прадукцыі мясцовых вытворцаў.
Прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў сыры Ашмянскага сыраробнага завода, філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”. “Тыльзіцер”, “Снежная фея”, “Графіня дэ Мансаро” (з водарам топленага малака), адмысловы цвёрды сыр “Гранападана”, “Царскі”, Князёўна Вольга” – можна было разгубіцца ў разнастайнасці шыкоўных смакаў! Спецыялісты прадпрыемства былі задаволены высокай ацэнкай сваёй прадукцыі – ашмянцы не шкадавалі цёплых слоў пад час дэгустацыі.
Мужчынам і дзецям даспадобы прыйшліся каўбасныя вырабы Ашмянскага мясакамбіната. Добра разыходзілася вараная каўбаса “Ашмянская з маселкам”, сасіскі “Баварскія”, сыравяленая “Альпійская” і навінка з гарбузовымі семкамі – варана-вэнджаная “Разам смачней”, у чарговы раз падцвярджаючы ёмкі дэвіз прадпрыемства – “З павагай да якасці!”.
Падсілкаваўшыся каўбасамі і сырам, наведвальнікі дэгустацыі дружна пераходзілі да дэсерту. Аддзел грамадскага харчавання філіяла спажывецкага таварыства запрашаў паспытаць рулеты “Вікторыя” і “Тварожны з чарнаслівам”, торты “Мазаіка” і “Венера з вішанькай”, а таксама пірагі з рознымі дабаўкамі. Ласункі вельмі падабаліся дзецям. Вочы разбягаліся ад гэтай смакаты!
А запіць з’едзенае за багатым ашмянскім сталом можна было кавай ААТ “Белкава”. Натуральная і распушчальная “3-ы у 1-ым” з разнастайнымі смакамі – кожны мог выбраць напой па сваім гусце. Тут жа ашмянцы цікавіліся і прыправамі. Пра іх натуральнасць і высокую якасць вядома далёка за межамі Ашмянскага раёна.
Не хлебам адзіным жыве чалавек – сцвярджаюць работнікі культуры Ашмянскага раёна. Наведвальнікаў дэгустацыі яны віталі цудоўнымі беларускімі песнямі, што засталіся ў спадчыну ад нашых продкаў.
Аліна САНЮК.













