Свята, што аб’ядноўвае пакаленні

Общество

Гартаючы падшыўку раённай газеты за 1992 год, натрапіла на невялічкую нататку, аўтарам якой з’яўляецца Лілія Кузьменка. Аўтар пачынае яе такімі словамі: “Адышлі навагоднія святы, а памяць яшчэ захоўвае ўспаміны пра маленькае цуда, якое вось ужо колькі год робіць для людзей сям’я Дабравольскіх. Жывуць яны ў адным з дамоў квартала Будаўнікоў на першым паверсе. І кожны год, пачынаючы ад каталіцкіх Каляд, іх балкон ператвараецца ў цудоўную зімовую казку”. Далей аўтар расказвае, як стукае ў дзверы Дабравольскіх, каб бліжэй пазнаёміцца з сям’ёй. Тут госцю сустракае сям’я Ганны. Маладая мама трымае маленькую дачушку Юлю, якой толькі споўнілася чатыры месяцы. Разам з сям’ёй жыве
і Тарэса Бярнардаўна, мама Ганны. Аўтар артыкула шчыра захапляецца не толькі ўпрыгожаннем балкона і пакояў кватэры, але і аздабленнем лесвічнай пляцоўкі, зробленым рукамі маладой гаспадыні.

З моманту выхаду матэрыялу мінула трыццаць тры гады. За гэты час змянілася многае: дом, у якім жыве сям’я, цяпер мае іншы выгляд, больш сучасны і прыгожы, змяніліся і самі гаспадары. Маленькая Юля ператварылася ў прыгожую жанчыну. Зараз яна сама з’яўляецца жонкай і мамай шасцігадовага Андрэя. Жыве разам з дачкой і Ганна, якая ва ўсім дапамагае маладой сям’і. На жаль, не абышлося за гэты час без страт — адышла ў вечнасць бабуля Тарэса Бярнардаўна. Нязменным засталося адно — традыцыя ўпрыгожваць перад святамі балкон і кватэру.

З асаблівым хваляваннем сям’я рыхтуецца да каталіцкіх Каляд. Некалькі год таму Юля разам з мужам Сямёнам змайстравалі адмысловыя яслі — сімвал надыходзячых свят. Іосіф, Марыя і маленькі Езус занялі свае месцы ў самаробнай адрыне. На працягу Адвэнту гэта кампазіцыя нагадвае пра важнасць веры, сям’і, традыцый. Па-ранейшаму вялікая ўвага ўдзяляецца і аздабленню балкона. Некалькі дзесяцігоддзяў таму на балкон ставілі толькі жывую ёлку, якая ўпрыгожвалася шклянымі шарыкамі, фігуркамі і каляровым дожджыкам. Зараз перавага аддаецца штучнаму дрэву. Каляднае дрэва аздабляе і пакой. Сям’я збіраецца разам, каб упрыгожыць ёлку. Гэты занятак збліжае хатніх, дапамагае адчуць еднасць і сямейную цеплыню. Калісьці ідэі аздаблення кватэры прыдумвала Ганна Іванаўна. Працуючы ў дзіцячым садку, ёй штогод даводзілася ствараць сапраўдную казку для сваіх выхаванцаў. Гэту казку хацелася перанесці і дамоў, зрабіць кожны куток святочным і ўтульным, паказаць гармонію свята сваёй дачцэ. Сёння сама Юля працуе выхавацелем. І ўжо яна імкнецца стварыць узнёслую атмасферу для сына Андрэя. Маладая жанчына лічыць, што традыцыі святочнай падрыхтоўкі павінны працягвацца.

Знешняя падрыхтоўка з’яўляецца надзвычай важнай. Дзякуючы ёй ствараецца калядны настрой. Але ключавое месца для маладой сям’і Банэль займае ўнутраная падрыхтоўка. Перыяд каляднага посту становіцца асаблівым для ўсіх. Кожны імкнецца самаўдасканаліцца, пазбавіцца хібаў, стаць больш уважлівым і чулым. Некалькі разоў за Адвэнт Юля разам з матуляй наведвае Рараты — адмысловыя імшы, прысвечаныя Божай Маці. У гэты час касцёл асвятляецца толькі ліхтарыкамі і свечкамі. Усё гэта стварае атмасферу духоўнай засяроджанасці. І дарослыя, і маленькі Андрэй імкнуцца захоўваць пост і не ўжываць мясных страў у адпаведныя дні. Юля, Сямён і Ганна прымаюць удзел у адвэнтавых рэкалекцыях, падчас якіх слухаюць Божае слова, прыступаюць да споведзі, стараюцца знайсці час на прымірэнне з блізкімі, аднаўленне страчаных кантактаў.

Асаблівай датай для сям’і з’яўляецца24 снежня — перадсвяточны дзень. Да гэтай падзеі загадзя ідзе рупная падрыхтоўка. Жанчыны прадумваюць посныя стравы на святочны стол. Нязменнымі фаварытамі каляднага стала з’яўляюцца піражкі з макам і грыбамі, кісель, абаранкі з макам, смажаная рыба. На стол кладзецца сена — сімвал аскетызму і пакоры, —якое пакрываецца белым абрусам. Белы колер сімвалізуе чысціню сэрцаў, духоўную падрыхтоўку да нараджэння Хрыста. Жанчыны загадзя клапоцяцца і пра тое, каб на святочным стале быў аплатак — белы хлеб, што сімвалізуе любоў, еднасць і прабачэнне. Посная вячэра ў сям’і традыцыйна пачынаецца з супольнай малітвы. Гэта справа даручаецца самаму старэйшаму члену сям’і. Раней за падрыхтоўку малітвы адказвала бабуля Тарэса Бярнардаўна. Цяпер гэта місія перайшла да Ганны. Хвалюючым з’яўляецца момант, калі Ганна Іванаўна бярэ ў рукі аплатак. У пакоі пануе цішыня. Лёгкае зіхаценне свечкі напаўняе яго асаблівым цяплом. Кожны па чарзе ламае аплатак, перадае іншаму, і ў гэты момант няма крыўды, адлегласці — толькі цеплыня сэрцаў і шчырасць позіркаў. Андрэй таксама сарамліва працягвае свой маленькі кавалачак, каб падзяліцца з бацькамі і бабуляй. У нейкі момант аплатак становіцца своеасаблівым мостам паміж душамі, нявыказаным абяцаннем таго, што ў доме заўсёды будзе месца для любові і прабачэння. І калі апошні кавалачак падзелены, прыходзіць асаблівае адчуванне таго, што маленькі Бог прысутнічае тут — у гэтым простым жэсце, у прыгожай хвіліне еднасці.

Апоўначы сям’я ідзе на Пастэрку. У святыні ўсе адчуваюць сябе адной вялікай сям’ёй — не толькі роднай, але і духоўнай. Кожны пакідае за дзвярыма клопаты, крыўды і стому. На святочнай імшы сэрцы адкрываюцца для радасці — Бог прыйшоў у свет, каб адарыць кожнага любоўю і радасцю. І калі пасля Пастэркі сям’я вяртаецца дадому, шлях падаецца яшчэ прыгажэйшым і святлейшым. Зайшоўшы ў кватэру, бацькі запальваюць каляровую ілюмінацыю, каб балкон і вокны ў адным з дамоў у квартале Будаўнікоў як і трыццаць тры гады таму зноў заззялі, нагадаўшы аб тым, што Божае Дзіцятка прыйшло ў гэты свет.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *