Дранікі па-новаму: традыцыя і эксперымент

Общество

Дранікі – гэта страва, якая пахне дзяцінствам і роднай хатай. На кухні, дзе цёпла ад печы, гаспадыня дзерла бульбу на дробнай тарцы, дадавала муку і яйкі, а пасля выкладвала цеста на гарачую патэльню. Шыпенне алею, залаты колер скарыначкі – усё гэта стварае асаблівы настрой утульнасці.

На сённяшні дзень дранікі з’яўляюцца адной з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні. Яны маюць багатую гісторыю, звязаную з распаўсюджаннем бульбы на тэрыторыі Беларусі. Лічыцца, што бульба з’явілася ў нашай краіне адносна позна – прыкладна ў XVII стагоддзі, але шырока распаўсюдзілася толькі ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў. Менавіта ў той час яна стала асноўным прадуктам сялянскага стала. Дранікі як самастойная страва ўзніклі ў другой палове XIX стагоддзя. Да гэтага беларусы выкарыстоўвалі бульбу ў іншых формах, але таркаваная бульба, смажаная на алеі, стала сапраўдным адкрыццём. У 2022 годзе стравы з таркаванай бульбы, у тым ліку дранікі, атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

З цягам часу сталі з’яўляцца розныя варыянты любімай стравы – дранікі з грыбамі, мясам, яйкамі і сырам. Нетрадыцыйныя складнікі надаюць дранікам адметнасць, робяць іх незвычайнымі. Такія кулінарныя эксперыменты паказваюць, што простая беларуская страва дае вялікую прастору для творчасці.

На днях мы пабывалі ў кулінарнай лабараторыі Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа і пазнаёміліся з яшчэ адной варыяцыяй любімай стравы – дранікамі з рыбай.

За кулінарным працэсам на кухні пільна сочыць майстар вытворчага навучання Алена Каханоўская. А студэнты трэцяга курса Павел Дудойць і Крысціна Паланцэвіч заняты прыгатаваннем стравы. Захавальнікам прапанаванага рэцэпту з’яўляецца Алена Фадзееўна. Рэцэпт стравы яна пераняла ад сваёй бабулі Ядзвігі Лаўнікоўскай. На летнія канікулы Алена разам з братам ехала да бабулі з дзядулем – на Пастаўшчыну. Драўляны дом у вёсцы Гаўрылавічы з усіх бакоў быў акружаны азёрамі, таму мясцовыя мужчыны ў вольны час вудзілі рыбу. Вёска ў атачэнні азёр жыла ў сваім рытме – павольным і гарманічным. Раніцай тут было бачна, як туман падымаецца над вадой, а сонца асвятляе хвалі. Алена Фадзееўна прыгадвае, што дзядуля Антон прыносіў вялікую колькасць рыбы, якая запаўняла ўсе ночвы. А бабуля гатавала разнастайныя стравы – запякала рыбу, варыла юшку, марынавала, засольвала. Рыбныя стравы асабліва важнымі з’яўляліся ў посныя дні, калі мяса ўжываць было нельга.

Не раз даводзілася назіраць дзяўчынцы і за тым, як дзядуля вудзіць рыбу. Звычайна гэта адбывалася ў поўнай цішыні. Дзядуля Антон быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая акалічнасць зрабіла значны ўплыў на мужчыну. Ён бачыў іншы час, іншую рэачаіснасць, таму да страў на стале адносіўся паважліва і беражліва. Гэтаму ж вучыў сваіх дзяцей і ўнукаў. Яго ўнукі паважалі і нават пабойваліся, бо ён патрабаваў ад дзяцей парадку і дысцыпліны. Бабуля ж была больш мяккай. Не раз яна закрывала вочы на выбрыкі гарэзлівых унукаў, старалася зрабіць канікулы самым прыгожым і светлым часам.

— У хаце дзядулі і бабулі заўсёды пахла рыбай. Бабуля была адмысловай кулінаркай і славілася сваім талентам на ўсю вёску. Яна ўмела здзіўляць нас, гатуючы штодня новыя стравы. Але найбольш палюбіліся дранікі з рыбай. Гэта страва і сёння займае цэнтральнае месца на нашым стале, бо вяртае ў бесклапотную пару дзяцінства, — дзеліцца ўспамінамі Алена Фадзееўна.

Жанчына ў 1992 годзе скочыла Ашмянскі тэхнікум, дзе атрымала прафесію бухгалтара. На працягу 33 гадоў яна працуе майстрам вытворчага навучання ў каледжы. Навучэнцы палюбілі педагога за ўменне даваць інфармацыю ў простай форме, адкрытасць, шчырасць і добрае пачуццё гумару. Акрамя гэтага, Алена Фадзееўна разам з навучэнцамі прымае ўдзел у кулінарных спаборніцтвах. За гады працы сабралася вялікая колькасць дыпломаў і грамат рознага ўзроўню. Традыцыйнымі і важнымі сталі абласныя “Дажынкі” і каравай-фэст “Бацькава булка”.

Навучэнцы трэцяга курса Павел і Крысціна асвойваюць прафесію повара. Ужо праз некалькі месяцаў яны скончаць навучальную ўстанову, а пакуль атрымліваюць неабходныя веды, уменні і навыкі. У лабараторыі навучэнцы адчуваюць сябе як рыба ў вадзе – спраўна і ўвішна таркуюць бульбу, робяць цеста, рыхтуюць рыбу.

— Дранікі – гэта адна з самых простых, але адначасова смачных страў. З ёй справіцца кожны. Першапачаткова рэцэпт дранікаў з рыбай для нас быў нязвыклым. Але, на дзіва, атрымалася вельмі смачна. Рыба надае асаблівы смак. Акрамя таго, гэта страва актуальная ў калядны пост. Трэба таксама зазначыць, што посныя стравы могуць быць не менш смачнымі і разнастайнымі, чым святочныя, — расказвае Павел Дудойць.

— Я даўно гатавала звычайныя дранікі – класічныя, з бульбы і цыбулі, са смятанай. Яны заўсёды атрымліваліся смачна, але, шчыра кажучы, ужо крыху надаелі. У нейкі момант захацелася чагосьці новага, каб здзівіць і сябе, і таго, хто будзе дэгуставаць. Калі мы на занятках паспрабавалі зрабіць дранікі з рыбай, я адразу адчула, што гэта іншы ўзровень. Рыба надае страве лёгкасць, а сама структура стала больш цікавай. Для мяне гэта адкрыццё: звычайныя дранікі – гэта класіка, але з рыбай яны становяцца новай стравай, якую хочацца паўтарыць не толькі ў лабараторыі, але і на ўласнай кухні, — дзеліцца ўражаннямі Крысціна Паланцэвіч.

Павел і Крысціна рэгулярна прымаюць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, якія праводзяцца ў каледжы, і паказваюць добрыя вынікі. Рэцэптам дранікаў з рыбай  навучэнцы падзяліліся і з чытачамі раённай газеты.

Рэцэпт дранікаў з рыбай

Складнікі: 6 буйных бульбін, 2 філе рыбы, 1 яйка, 1 цыбуліна, 1 ст. л. крухмалу, соль, перац, алей.

Прыгатаванне. Бульбу і цыбулю нацерці на дробнай тарцы, дадаць яйка, крухмал. Пасаліць, а пасля добра перамяшаць. Філе рыбы нарэзаць невялікімі кавалкамі, пасаліць, пасыпаць чорным перцам. У разагрэтую патэльню з невялікай колькасцю алею выкладваць лыжкай бульбяную масу. Зверху выкласці па кавалачку рыбы. На рыбу выкласці па адной сталовай лыжцы бульбяной масы так, каб яна цалкам закрыла рыбу. Смажыць дранікі з рыбай з двух бакоў да гатоўнасці на сярэднім агні. Дранікі падаваць у гарачым выглядзе са смятанай.

Смачна есці!

Вашы рэцэпты традыцыйных мясцовых страў таксама могуць увайсці ў кулінарны летапіс Ашмяншчыны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў турыстычны інфармацыйны цэнтр (г. Ашмяны, вул. Савецкая, 66, каб. 209) або патэлефанаваць па нумары 2-11-48.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *