Школьная пара – самая прыгожая і запамінальная. Гэты светлы час звычайна застаецца ў сэрцы на ўсё жыццё, а педагогі і аднакласнікі становяцца самымі блізкімі людзьмі. Школа – гэта жывы арганізм, дзе фарміруюцца характары і раскрываюцца таленты. З ёй у выпускнікоў звязана безліч цёплых успамінаў. Зразумела, што з цягам часу змяняецца знешні выгляд будынка, трансфармуюцца адукацыйныя і выхаваўчыя падыходы, абнаўляецца калектыў, аднак сюды заўсёды хочацца вяртацца.
У гэтым годзе Гальшанская сярэдняя школа адзначае 60-гадовы юбілей. За гэты перыяд у сценах навучальнай установы выхавана не адно пакаленне адукаваных, таленавітых і творчых асоб, якія зараз працуюць у розных накірунках. Медыкі, навукоўцы, педагогі, інжынеры – кожны рэалізаваўся ў сваёй сферы. Аднак у жыццёвым віры не хапае часу на тое, каб наведаць любімую школу, пагутарыць з настаўнікамі, прайсціся тымі ж калідорамі. Юбілей навучальнай установы стаў добрай нагодай для таго, каб наведаць любімую школу.
21 лістапада школа гасцінна расчыніла дзверы для былых вучняў, педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы. Павіншаваць педагагічны калектыў прыйшлі шматлікія госці: прадстаўнікі мясцовай улады, упраўлення адукацыі райвыканкама, гаспадаркі, кіраўнікі прадпрыемстваў, а таксама лідары грамадскіх аб’яднанняў. Не засталіся па-за межамі святкавання і мясцовыя жыхары.
— Юбілей – гэта нагода азірнуцца назад, успомніць шлях, які мы прайшлі, і падзякаваць тым, хто будаваў і развіваў нашу школу. Гэта таксама момант для таго, каб упэўнена паглядзець у будучыню: мы працягнем традыцыі, адкрываючы адначасова і новыя гарызонты. Важна, каб школа і далей квітнела і развівалася, — адзначыла Марына Гайдукевіч, дырэктар школы.
Былі прыгаданы і прозвішчы былых дырэктараў, якія стаялі ля вытокаў і зрабілі вялікую працу. Сярод іх – першы дырэктар Міхаіл Сцяпанавіч Крот, які кіраваў навучальнай установай на працягу дзевятнаццаці год. І сёння былыя выпускнікі з пашанай прыгадваюць былога педагога і дырэктара. Значны ўклад у развіццё школы зрабіў і Эдуард Сямёнавіч Корзун. Ён стаў дырэктарам у 1984 годзе і ажыццяўляў кіраўніцтва на працягу 12 год. Гісторык, краязнаўца, інтэлектуал, арганізатар школьнага музея, аўтар кнігі “Гальшаны”, ён імкнуўся прывіць новаму пакаленню любоў да роднага краю праз вывучэнне гісторыі. Народны гісторыка-краязнаўчы музей і сёння носіць імя свайго заснавальніка.
Прысутнічала на мерапрыемстве і Лілія Вікенцьеўна Александровіч, якая ўзначальвала ўстанову з 1999 па 2007 год. Яна адзначыла, што школа стала часткай жыцця, а не проста будынкам. Падзякавала Лілія Вікенцьеўна і тым, хто сёння годна працягвае добрую справу – адміністрацыі, педагагічнаму калектыву, вучням, тэхнічнаму персаналу.
Ганарыцца школа і сваімі выпускнікамі, якія рэалізаваліся ў розных накірунках. У 1966 годзе выпускніком навучальнай установы стаў Уладзімір Адашкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А ў 1967 годзе развіталася са школай Валянціна Чарняцова, якая доўгі час працавала дырэктарам СШ № 2, метадыстам раённага аддзела адукацыі. Яна з’яўляецца выдатнікам адукацыі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны. Выпускніком 1972 года стаў Валерый Кавальчук, які працаваў начальнікам упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Выхавала ўстанова і навукоўцаў. Са сцен школы выйшлі кандыдаты навук Святлана Байгот і Алена Апанэль, доктар тэхнічных навук Аляксандр Крот, дацэнт кафедры біялогіі БДУ Аляксей Рагінскі. Славіцца ўстанова і выпускнікамі, што паказалі добрыя вынікі ў спорце. Віталій Гардзей з’яўляецца майстрам спорта міжнароднага класа па спартыўнай хадзьбе. Выпускнік 1976 года Анатолій Шыдлоўскі працуе інструктарам па фізічнай культуры. А нядаўнія выпускніцы Валянціна Чымбар і Наталля Міцкевіч рэалізаваліся ў лёгкай атлетыцы і біятлоне. Ад імя выпускнікоў выступіў Анатолій Шыдлоўскі. Ён выразіў надзею, што вучні і далей будуць паказваць выдатныя вынікі ў спорце.
Многія выпускнікі, якія ў розны час скончылі школу, так і не змаглі з ёй развітацца. Ігар Каралевіч, Віктар Міцкевіч, Марына Гайдукевіч, Людміла Захаржэўская, Таццяна Маляўка, Алена Малышка, Жанна Кавалёнак, Вольга Мадэкша, Таццяна Траццяк, Сабіна Азаровіч — былыя выпускнікі школы, якія сёння працуюць тут у якасці настаўнікаў. Некаторыя з іх па педагагічнай сцяжынцы павялі таксама сваіх дзяцей і ўнукаў. Яркім прыкладам прафесійнай пераемнасці стала дынастыя Каралевічаў-Сазонавых-Гайдукевічаў. Паклалі пачатак дынастыі брат і сястра Віктар Іванавіч Каралевіч і Соф’я Іванаўна Сазонава. Віктар Іванавіч скончыў школу ў 1959 годзе. Пасля працаваў настаўнікам замежнай мовы на працягу пяцідзесяці год. А Соф’я Іванаўна 42 гады працавала настаўнікам-дэфектолагам. Дзеці Віктара Іванавіча і Соф’і Іванаўны таксама працягнулі педагагічныя традыцыі. Дачка Віктара Іванавіча, Марына, вырашыла стаць настаўнікам пачатковых класаў. Сёння яна ўзначальвае Гальшанскую сярэднюю школу. А сын, Ігар Віктаравіч, выкладае ў Гальшанскай школе геаграфію і фізічную культуру, а таксама з’яўляецца кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання. Дачка Соф’і Іванаўны, Валянціна, атрымала філалагічную адукацыю, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Сёння Валянціна Паўлаўна ўзначальвае школу ў Граўжышках. Трэцяе пакаленне дынастыі прадстаўляюць унукі Віктара Іванавіча і Соф’і Іванаўны. Дачка Ігара Віктаравіча выкладае музыку па класе цымбалаў у Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў. А дачка Марыны Віктараўны, Наталля, выкладае замежную мову ў адной са школ Гродна. Чацвёртае пакаленне – гэта ўнучка Соф’і Іванаўны. Яна з’яўляецца настаўнікам дадатковай адукацыі. Прадстаўнікі педагагічнай дынастыі розных пакаленняў звярнуліся да прысутных з прывітальным словам, а пасля прыгадалі ключавыя моманты педагагічнай дзейнасці.
Яркім момантам сталі віншаванні. На сцэну падымаліся прадстаўнікі мясцовай улады, гаспадаркі, крухмальнага завода, якія выказвалі самыя шчырыя пажаданні педагагічнаму калектыву.
Ганна Амбражэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, не толькі павіншавала з прыгожым юбілеем, але і ўручыла шэрагу педагогаў граматы. Лідары грамадскіх аб’яднанняў таксама падрыхтавалі падзячныя лісты. Падымаліся на сцэну і выпускнікі, якія скончылі школу шмат гадоў таму. Яны адзначалі, што за гэты час установа заўважна змянілася – стала больш утульнай, прыгожай і сучаснай.
Гальшанская сярэдняя школа на сённяшні дзень развіваецца гарманічна: вучні прымаюць удзел у прадметных алімпіядах і конкурсах, дзе паказваюць выдатныя вынікі. Акрамя гэтага, школьнікі праяўляюць сябе ў спорце і творчасці, займаюцца краязнаўчай работай. Працяглы час пры школе дзейнічае ўласная бізнес-кампанія “Квецень”, дзе вырошчваюцца кветкі і рассада гародніны.
Шэсць дзесяцігоддзяў – гэта не проста лічба, а цэлая гісторыя, якая сплятае лёсы людзей, падзеі і памяць. Настаўнікі, выпускнікі, бацькі і вучні ўтвараюць вялікую сям’ю, якая жыве адной памяццю і адной надзеяй. І гэта сям’я ўжо 60 гадоў захоўвае і перадае галоўнае – любоў да ведаў, павагу да працы і веру ў чалавека. Будынак школы з гадамі абнаўляўся, але яго сапраўдная каштоўнасць заўсёды была ў людзях. У тых, хто аддаваў сэрца дзецям, у тых, хто з гонарам называе сябе выпускніком, у тых, хто сёння робіць першыя крокі па школьных калідорах. Юбілей – гэта не кропка, а новая старонка. Ён дае магчымасць азірнуцца назад, каб падзякаваць мінуламу і адначасова адкрыць дзверы ў будучыню.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.











