Дом, дзе пахне хлебам. Пра традыцыі, хлеб і сямейныя каштоўнасці

Общество

Многія памятаюць радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, дзе аўтар апісвае вясковую раніцу ў вялікай сям’і: “Дзень быў святы. Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне, і ўжо пры печы з чапялою стаяла маці”. Беларуская жанчына заўсёды атаясамлівалася з дабрабытам, утульнасцю і кулінарыяй. Матулі ўмелі здзіўляць хатніх і духмянымі блінцамі, і мачанкай, і традыцыйнай бабкай. Гэтыя стравы гарманічна ўпісваліся ў штодзённасць. Хлеб у той час быў таксама асаблівы – спечаны сваімі рукамі. Духмяныя боханы адрозніваў асаблівы пах, які нельга было пераблытаць з ніякім іншым.

Хлеб – адзін з найстаражытнейшых і найважнейшых сімвалаў чалавечай цывілізацыі. Ён суправаджае чалавека ад нараджэння аж да смерці. У беларускай традыцыі ён займае асаблівае месца – як у абрадах, так і ў паўсядзённым жыцці. Падчас Каляд і Дзядоў духмяны бохан знаходзіцца на стале як знак памяці пра продкаў і сувязі пакаленняў. На вяселлях заўсёды прысутнічае каравай – сімвал сямейнага дабрабыту і адзінства. А гасцей беларусы заўжды сустракаюць хлебам-соллю. Зерне, з якога выпякаецца хлеб, сімвалізуе пачатак і аднаўленне.Пасеянае ў зямлю, яно памірае, каб даць новае жыццё. Хлеб стаў метафарай і самога жыцця. Нездарма з’явіўся выраз – “зарабляць на хлеб”.

На сённяшні дзень хлеб можна купіць у кожнай краме. Магчыма выбраць бохан, абапіраючыся на ўласны густ. Безглютэнавы, кукурузны, бульбяны – можна сустрэць розныя варыяцыі. Аднак і сёння многія гаспадыні вяртаюцца да каранёў і пякуць хлеб сваімі рукамі. Адна з такіх гаспадынь – Алена Маліноўская з Навашышак. Надаўна яна прыняла ўдзел у конкурсе “Хлебнае багацце Гродзеншчыны”, які праходзіў у межах свята млынароў у Адэльску. Яе аржаны хлеб быў высока ацэнены экспертнай камісіяй і атрымаў першае месца.

Пячы хлеб Алена Іосіфаўна пачала адносна нядаўна – пяць год таму. Перад тым, як пачаць справу, дбайная гаспадыня прачытала вялікую колькасць кніг і часопісаў, пазнаёмілася з відэаролікамі ў інтэрнэце. А пасля нават мадэрнізавала сваю кухню для гэтых патрэб. Дастаючы гатовы бохан, жанчына, здаецца, вяртаецца ў бесклапотнае дзяцінства, калі дома пахла хатнімі стравамі, прыгатаванымі рукамі бацькоў. Тата, Іосіф Станіслававіч, вельмі любіў гатаваць. І зараз у памяці захаваліся вобразы з дзяцінства: печ, якая знаходзілася на кухні, ільняныя ручнікі, водар духмянага цеста на бліны. Гатуючы чарговы кулінарны шэдэўр, тата заўсёды жартаваў, а на сняданак заходзілі часта і суседзі, з якімі сям’я заўсёды жыла ў міры і ладзе. Іосіф Станіслававіч не цураўся працы. Ён меў вялікае сэрца, таму часта дапамагаў тым, хто побач. Састарэлым людзям, удовам – усім тым, каму была неабходна фізічная дапамога. Напэўна, за гэту адкрытасць, шчырасць і альтруізм мужчыну любілі ўсе. А сябры, якія прыходзілі пагуляць да дачок Алены і Людвікі, імкнуліся пагутарыць таксама і з татам. Жыццё ў той час было вельмі сціплым. Не было тых магчымасцей, якія ёсць сёння, аднак дзеці былі шчаслівымі і радаваліся простым рэчам, гульням і стравам.

Натхнёная татавым прыкладам, Алена Іосіфаўна вельмі любіць жыццё, стараецца быць добразычлівай да кожнага сустрэчнага чалавека. Яна прызнаецца, што бацька з’яўляецца прыкладам для яе ва ўсіх справах і пачынаннях. Калі гаспадыня пячэ хлеб, то, здаецца, вяртаецца ў бесклапотны час дзяцінства. І сёння дом у Навашышках поўніцца знаёмымі і роднымі, якія прыходзяць пачаставацца хлебам. Цеста жанчына месіць выключна рукамі, а перавагу аддае чорнаму аржаному кісла-салодкаму хлебу. Гаспадыня прызнаецца, што яе хлеб мае сваю таямніцу: ён не псуецца. Дні мінаюць, а бохан застаецца свежым, духмяным , з эластычнай скарынкай і жывым мякішам.Акрамя таго, дамашні чорны хлеб насычае хутчэй, чым куплены ў краме – ён мае натуральны склад без кансервантаў і “пустых” дадаткаў, а таксама ўтрымлівае складаныя вугляводы і клятчатку, якія даўжэй падтрымліваюць адчуванне сытасці.

За пяць год працы амаль не было перапынкаў. Дзень за днём жанчына пячэ хлеб, працягваючы кулінарныя традыцыі беларусаў. А духмяны бохан становіцца сімвалам руплівасці. Ён напаўняе дом асаблівым водарам і незвычайнай цеплынёй, якая не згасае.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *