Беларуская лялька – гэта не проста цацка, а жывы сімвал памяці, мастацкі вобраз, які перадае настрой свята і дух традыцый. У Ашмянскім цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры дзейнічае выстава “Карагод лялек”, дзе кожная работа дыхае гісторыяй і адлюстроўвае багаты свет народных абрадаў.
З 10 па 24 лістапада жыхары і госці Ашмян маюць магчымасць пагрузіцца ў атмасферу народнай творчасці. Выстава прымеркавана да Дня беларускай лялькі, які адзначаецца 16 лістапада, і стала сапраўдным святам для ўсіх, хто шануе традыцыі і любіць мастацтва.
Аўтарамі лялек з’яўляюцца майстры цэнтра Марыя Заянчкоўская і Вольга Кавалеўская. Іх работы – гэта не толькі мастацкія творы, але і своеасаблівы летапіс народнага календара. Асаблівай цікавасцю ў наведвальнікаў карыстаецца кола свят. На кожнае свята прадстаўлены лялькі ў парах, што сімвалізуе гармонію і супольнасць. Асаблівай ўвагі заслугоўвае і велічная “Берагіня зямлі Ашмянскай” – лялька вышынёй каля аднаго метра. Яна складаецца з пяці вобразаў: ад дзяўчынкі да бабулі, увасабляючы пераемнасць пакаленняў і сувязь чалавека з роднай зямлёй.
Не менш цікавая і самая маленькая лялька выставы – “Ашмяначка”. Яе памер – ад 10 да 30 сантыметраў, але ў ёй сканцэнтраваны дух рэгіёна: традыцыйны строй, дробныя дэталі, якія адлюстроўваюць мясцовыя асаблівасці.
Усяго на выставе прадстаўлена каля 60 лялек. Разнастайнасць вобразаў дазваляе ўбачыць цэлае кола свят і абрадаў, адчуць, як праз ляльку можна перадаць настрой і сімволіку кожнага моманту.
Выстава “Карагод лялек” – гэта выдатная магчымасць дакрануцца да жывой традыцыі, убачыць, як праз простыя матэрыялы і ўмелыя рукі майстроў нараджаецца гісторыя. Гэтая выстава нагадвае: лялька у беларускай культуры – сімвал і сведка народнай памяці. Кожны жадаючы можа наведаць выставу, дакрануцца да народнай культуры і нават набыць ляльку.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.




