За кожным дасягненнем — праца людзей. Аграрыі КСУП “Гальшаны”

Общество

Сельская гаспадарка — адна з важнейшых галін эканомікі Беларусі. Мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі, будаўніцтва малочнатаварных комплексаў, развіццё жывёлагадоўлі, тэхналогій, селекцыя новых парод і культур — гэтыя і іншыя пытанні заўсёды стаяць на першым месцы ў кіраўніка дзяржавы.

Як спраўляюцца з пастаўленнымі мэтамі аграрыі КСУП “Гальшаны”, напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці мы спыталі ў кіраўніка аднаго з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ашмянскага раёна — КСУП “Гальшаны” — Міхаіла Скаржынскага.

У штодзённых клопатах

Міхаіл Іванавіч шчыра прызнаецца, што кожная працоўная раніца ў яго пачынаецца з наведвання жывёлагадоўчага комплексу. Іх у гаспадарцы тры — у Гальшанах, Валовіках, Міхайлоўшчыне. Адна з найважнейшых задач гаспадаркі, лічыць дырэктар, — забеспячэнне высокіх надояў і высокай якасці малака. Таму і спяшаецца кожную раніцу а сёмай гадзіне на адзін з комплексаў. Калі ўсё ў парадку, можна з лёгкім сэрцам накіроўвацца на мехдвор у Доргішках. Там у восем гадзін Міхаіла Іванавіча чакаюць спецыялісты — намеснік, загадчыкі ўчасткаў, аграномы, заатэхнікі. Арганізаваць работу на плошчы больш за сем тысяч гектараў і паспець усюды аднаму немагчыма. Толькі камандная работа, падтрымка адзін аднаго дапамагаюць спраўляцца з пастаўленымі задачамі, перакананы Міхаіл Скаржынскі.

На мехдвары раніцай тлумна, ідзе ўдакладненне ўчарашніх планаў: то пагода ўнясе карэктывы, то нечаканая паломка тэхнікі здарыцца. Механізатары і вадзіцелі, перш чым атрымаць пуцявы ліст у дыспетчара, праходзяць медагляд. Атрымаўшы дазволы і заданні, накіроўваюцца да сваіх машын. Выязджае з мехдвара тэхніка: у поле, за ўгнаеннямі, на падвоз кармоў, людзей — яшчэ адзін працоўны дзень пачаўся.

Міхаіл Скаржынскі прыйшоў у гаспадарку памочнікам загадчыка ўчастка “Семернікі” ў 1991 годзе. Сёння за плячыма трыццаць чатыры гады працы — загадчыкам участка, аграномам, намеснікам дырэктара. З сакавіка 2023 года Міхаіл Іванавіч узначальвае калектыў гаспадаркі.

Быць дырэктарам КСУП “Гальшаны” — няпростая задача. Прадпрыемства на працягу многіх гадоў займала пазіцыі лідара ў раёне. Задачай Міхаіла Скаржынскага было захаваць лідарства. І з падтрымкай людзей гэта атрымалася. Па выніках прошлага года калектыў прадпрыемства занесены на раённую Дошку гонару. Радуюць поспехі і гэтага года, нягледзячы на тое, што ён аказаўся адным з самых складаных па пагодных умовах.

Языком лічбаў

Вынікі дзейнасці гаспадаркі лепш за ўсё бачны ў лічбах. Імі дзеліцца галоўны эканаміст гаспадаркі Алена Яскель:

— Агульная зямельная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў нашага прадпрыемства займае 7663 гектары, з іх ворыўных зямель — 5463.

На тэрыторыі гаспадаркі размяшчаюцца два вытворчыя ўчасткі — “Доргішкі” і “Гальшаны”, тры малочнатаварныя комплексы, чатыры фермы па адкорме і дагадоўванні буйной рагатай жывёлы ў Доргішках, Семерніках, Чурках, Нарушаўцах, свінагадоўчы комплекс у Валовіках.

Валавая вытворчасць зерня (без кукурузы) у гэтым годзе склала 14756 тон. Ураджайнасць склала 62 цэнтнеры з гектара. Цукровых буракоў атрымана 18 272 тоны.

Колькасць буйной рагатай жывёлы складае 4928 галоў, у тым ліку дойнага стада 1830, 10965 свіней.

Валавая прыбаўка ў вазе буйной рагатай жывёлы з пачатку 2025 года складае 821,3 тоны, або на 23,3 тоны больш, чым у 2024-м. Сярэднесутачная прыбаўка — 893 грамы.

За бягучы перыяд года прададзена 13518 тон малака, 86,2 працэнта з яго рэалізавана гатункам “экстра”, 12,3 працэнта — вышэйшым гатункам.

Дарогу здужае той, хто ідзе

Дырэктар прадпрыемства асаблівую ўвагу надае развіццю малочнатаварнага комплексу ў Валовіках. Сучасны комплекс уведзены ў строй у 2024 годзе ў рамках дзяржаўнай праграмы “Аграрны бізнес” пры падтрымцы ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. Да канца 2025 года плануецца запусціць яго на поўную магутнасць.

— Разлічаны комплекс на ўтрыманне 610 галоў дойнага стада. Сёння на комплексе 590 галоў. Да канца года плануем запоўніць яго на сто працэнтаў уласнымі нецелямі. На наступны год стаіць задача надаіць ад каровы 9200 кілаграмаў малака ў год, — дзеліцца планамі Міхаіл Скаржынскі. — Сярэдні надой ад каровы наогул па гаспадарцы складае каля 28 літраў у суткі. У дзень мы рэалізуем на Ашмянскі сыраробчы завод каля 48 тон малака.

Намеснік кіраўніка КСУП “Гальшаны” Павел Ждановіч расказвае, што ў структуры пасяўных плошчаў з года ў год павялічваецца доля азімых культур, у тым ліку і рапсу. У гэтым годзе пад гэту культуру было адведзена 500 гектараў, на будучы год ужо пасеяна 600. Уласная лінія па перапрацоўцы рапсу дае гаспадарцы добры даход. Прадпрыемства самастойна вырабляе масла і жмых, што дазваляе эканоміць сродкі на закупку кармоў і атрымліваць даход ад продажу масла.

Не менш значным для гаспадаркі з’яўляецца і развіццё машынна-трактарнага парка. За апошнія два гады гаспадарка набыла кормаўборачны і зернеўборачны камбайны, трактар МТЗ-3522, камбінаваную пнеўматычную сеялку “Амега”, кукурузную сеялку дакладнага высеву, два камнепадборшчыкі, самаходны апырсквальнік “Раса”, два кульціватары, шэсць аўтамабіляў УАЗ. На трактарах устаноўлена GPS-навігацыя. Усё гэта дае магчымасць механізіраваць працэс работы, працаваць у больш камфортных умовах і дасягаць больш значных вынікаў.

— Не скажу, што ў нас не ўзнікае праблем, так не бывае. Але мы шукаем рашэнне, стараемся знайсці выйсце ўласнымі сіламі. Просім дапамогі ў калег з суседніх гаспадарак, калі ёсць такая патрэба. І самі дапамагаем суседзям. Сёння нельга стаяць на месцы. Таму імкнёмся развівацца, сочым за тэхналагічнымі і тэхнічнымі навінкамі ў галіне сельскай гаспадаркі. Вучымся ў суседзяў, — расказвае Міхаіл Скаржынскі. — У гэтым годзе з-за пагодных умоў цяжкасці ўзніклі з уборкай куркурузы на зерне. Вясеннія замаразкі, асеннія дажджы і туман дадалі складанасці ў рабоце. Сабранае кукурузнае зерне патрабуе працяглай сушкі і дадатковых выдаткаў, таму больш выгадна плюшчыць яго і захоўваць у палімерных рукавах, што мы і робім. Пасля знаёмства з вопытам СВК “Азёры Гродзенскага раёна” пачалі ўбіраць кукурузу на карнаж. Нашы спецыялісты з’ездзілі туды, паглядзелі, як арганізаваны працэс, якое патрэбна абсталяванне. Прыйшлося пашукаць патрэбныя прыстаўкі, некалькі дзён спатрэбілася на наладку, але справа пайшла. Ужо ўбрана на карнаж больш за 120 гектараў кукурузы.

Вынік там, дзе працуе каманда

У калектыве сельскагаспадарчага прадпрыемства працуе каля 380 чалавек. Дырэктар мяркуе, што кожны важны і патрэбны, займае сваё месца і працуе на агульны вынік. Толькі ў каманднай рабоце можна дасягнуць мэты. Жывёлаводы, аператары машыннага даення, механізатары, аграномы, механікі, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы — калі выпадае хоць адзін чалавек з гэтай сістэмы, гэта адчувальна. Таму забеспячэнне кадрамі і іх замацаванне — першае пытанне. У калектыве працуюць пяць маладых спецыялістаў па мэтавых накіраваннях, некалькі чалавек вучацца і ў хуткім часе папоўняць калектыў.

Касцяк кіраўнікоў гаспадаркі таксама складаюць маладыя і амбіцыёзныя кадры: намеснік дырэктара Павел Ждановіч, галоўны аграном Руслан Струхоўскі, галоўны інжынер Аляксандр Скарабагаты.

Камбайнеры КСУП “Гальшаны” не адзін год з’яўляюцца лідарамі жніва. Усе дзевяць камбайнерскіх экіпажаў гаспадаркі ў гэтым годзе дасягнулі намалота больш за тысячу тон, чатыры з іх намалацілі больш за дзве тысячы, а камбайнер Аляксандр Сасноўскі ўпершыню ў раёне перасягнуў мяжу ў тры тысячы тон.

У гаспадарцы клапоцяцца пра тое, каб людзям было камфортна дабірацца на работу і працаваць, каб яны былі забяспечаны гарачым харчаваннем. Тут заўважаюць вынікі працы кожнага. У час жніва неаднаразова ў полі віншавалі камбайнераў і вадзіцеляў. Яны атрымлівалі падарункі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, прафсаюзнага камітэта гаспадаркі.

— За кожным нашым дасягненнем стаіць вялікая штодзённая нястомная праца людзей, якія сваёй сумленнасцю і самаадданасцю рупліва клапоцяцца, каб у кожным доме на стале быў хлеб, — адзначае Міхаіл Скаржынскі. — Усім, хто працуе ў галіне сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, — вялікая ўдзячнасць і пажаданне дабрабыту і стабільнасці. Будзе хлеб — будзе і песня.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *