У Ашмянскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылася школа вучобы па саломапляценні, якую правяла Валянціна Свірская, носьбіт нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Майстрыха з вялікім стажам працы з саломай падзялілася сваім досведам, ведамі і любоўю да традыцыйнага беларускага рамяства.
Удзельнікі школы даведаліся пра асноўныя тэхнікі пляцення, асаблівасці працы з саломай, а таксама пра этапы яе падрыхтоўкі – ад выбару і сушкі да апрацоўкі і фармавання. Валянціна Казіміраўна падкрэсліла, што праца з саломай патрабуе цярпення, дакладнасці, душэўнага спакою, бо кожны выраб – гэта не проста дэкор, а носьбіт культурнай памяці.
Саломапляценне адно з найстаражытнейшых рамёстваў Беларусі, якое захоўвае сувязь з прыродай, народнымі традыцыямі і духоўнасцю. У межах школы ўдзельнікі не толькі даведаліся пра тэхніку працы, але і натхніліся на захаванне спадчыны і стварэнне сучасных твораў на аснове традыцый продкаў. Да адмысловага занятку можа далучыцца кожны, звярнуўшыся ў раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

