У цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Рамёствы – повязь часу”

Культура

У раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася персанальная выстава Валянціны Свірскай – таленавітай майстрыхі, якая ўжо шмат гадоў працуе з саломкай, ператвараючы сціплы матэрыял ў сапраўдныя творы мастацтва.

У экспазіцыі прадстаўлены разнастайныя вырабы: кветкі, лялькі, буслы, кампазіцыі, прысвечаныя тэме маці і сям’і. Асаблівае месца займаюць вобразы жанчыны – як сімвала пяшчоты, сілы і духоўнай апоры. Напярэдадні Дня маці гэтыя работы ўспрымаюцца асабліва пранікнёна: кожная лялька нібыта захоўвае ў сабе цёплыя словы, кожныя кветка – светлыя думкі і повязь з роднымі каранямі.

На адкрыццё выставы прыйшлі калегі, сябры, аматары народнай творчасці, прадстаўнікі ўстаноў культуры. У атмасферы ўтульнасці і павагі гучалі словы падзякі, захаплення і натхнення. Госці адзначалі, што работы Валянціны Казіміраўны не толькі дэманструюць высокі ўзровень майстэрства, але і нясуць глыбокі сэнс, звязаны з традыцыямі, духоўнасцю, сямейнымі каштоўнасцямі.

— Для мяне саломка – гэта не проста матэрыял, а жывая нітка, якая злучае мінулае і сучаснасць,- падзялілася Валянціна Свірская. – У кожнай кампазіцыі стараюся перадаць тое, што блізка ўсім: любоў да маці, цеплыню сямейнага асяроддзя, памяць пра родны край.

Выстава будзе дзейнічаць да 21 кастрычніка. Гэта добрая нагода наведаць цэнтр рамёстваў, адарвацца ад штодзённай мітусні і паглядзець на свет вачыма творцы – уважлівымі, цёплымі, напоўненымі любоўю да жыцця і людзей.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *