Захаваць сямейны агмень. Часлаў і Галіна Платановіч

Общество

Пражыць жыццё прыгожа — асаблівае мастацтва, якім, на жаль, авалодаць можа не кожны. У лёс чалавека ўплятаюцца далікатныя рэчы: каханне, мацярынства і бацькоўства, сяброўства. Усё гэта надае жыццю асаблівы сэнс, робіць поўным і гарманічным. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, Бог дае дачакацца ўнукаў і параўнукаў тым, хто жыве праведна,
з павагай ставіцца да сваіх блізкіх. Менавіта яны маюць магчымасць убачыць плён сваёй працы, любові і веры. І справа тут не толькі ў даўгалецці, але ў паўнаце жыцця, напоўненасці яго сэнсам.

Ужо 53 гады дзеляць жыццёвыя радасці і расчараванні Часлаў Іосіфавіч і Галіна Рыгораўна Платановіч з аграгарадка Кальчуны. І сёння муж і жонка ў дэталях памятаюць дзень свайго знаёмства, які цалкам змяніў жыццё. Галіна Рыгораўна прыехала працаваць настаўніцай у Ашмянскі раён. Яна была размеркавана ў вёску Крэйванцы. У хуткім парадку неабходна было вырашаць пытанне з жыллём. У выніку, кватэра знайшлася. Дзень пераезду стаў лёсавызначальным у жыцці маладой настаўніцы. Менавіта ў гэты дзень Галіна Рыгораўна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які быў сваяком сям’і, што здавала кватэру. Такім быў пачатак доўгай і прыгожай гісторыі кахання. З лёгкай усмешкай жанчына прыгадвае тую сустрэчу. Сціплы, інтэлігентны і прыгожы малады чалавек спадабаўся з першага погляду. У хуткім часе Часлаў стаў рабіць першыя крокі і праяўляць сімпатыю. Праз два гады пасля знаёмства, 22 красавіка 1972 года, маладыя людзі ажаніліся.

Абавязкі і быт не спалохалі маладую сям’ю, якая старалася з першых дзён будаваць жыццё, абапіраючыся на агульначалавечыя каштоўнасці — паважаць адзін аднаго, жыць у згодзе з суседзямі, захоўваць мір і спакой у доме. У 1973 годзе Платановічы сталі шчаслівымі бацькамі — нарадзіўся першынец Алег. З гэтага часу размераны і бесклапотны тэмп жыцця стаў больш хуткім і дынамічным. У 1975 годзе маладая сям’я пераехала ў Кальчуны і пачала абжывацца на новым месцы. З’явіліся гаспадарка, агарод. Муж і жонка адзначаюць, што любыя спрэчныя моманты вырашалі з дапамогай дыялогу. Яны лічаць, што сваркі, абразы, папрокі з’яўляюцца згубнымі для адносін. У 1988 годзе нарадзілася дачушка Святлана. Розніца з братам была істотнай, таму маленькая Света была атулена клопатам і бацькоў, і старэйшага брата.

Галіна Рыгораўна перайшла на працу ў Кальчунскую школу. Добрасумленна і адказна працаваў і Часлаў Іосіфавіч. Працяглы адрэзак жыцця ён працаваў машыністам транспартнага цэха на торфабрыкетным заводзе. За добрасумленную і плённую працу ў 2006 годзе Часлаў Платановіч быў занесены на раённую Дошку гонару. Ёсць у капілцы працаўніка і медаль “За трудовое отличие”. І сёння час ад часу ён дастае свае ўзнагароды, заглыбляецца ва ўспаміны. Для Галіны Рыгораўны галоўнай узнагародай з’яўляецца ўдзячнасць вучняў. Яна часта сустракае колішніх выпускнікоў. Зараз яны дарослыя і адукаваныя людзі, але сваю настаўніцу і школьныя часы і сёння прыгадваюць з настальгіяй. Спатыкаючы на вуліцы любімага педагога, былыя школьнікі расказваюць пра жыццё і дзякуюць не толькі за трывалыя веды, але і за грунтоўнае выхаванне.

Хутка праляцела жыццё. Дзеці выраслі і пакінулі бацькоўскае гняздо. Часлаў Іосіфавіч і Галіна Рыгораўна ад душы радаваліся нараджэнню ўнучкі Лізы. Пенсія стала новым жыццёвым этапам. Многія з доляй песімізму адносяцца да гэтага жыццёвага перыяду. Для Платановічаў гэты час стаў перыядам гармоніі. З’явілася больш часу на любімыя справы. Галіна Рыгораўна, напрыклад, заўсёды любіла хадзіць у грыбы. Аднак на ціхае паляванне не хапала часу. Пенсія дапамагла арганізаваць свой няспешны рытм. Раніцай можна без мітусні атрымаць асалоду ад кубачка свежай гарбаты, а ў другой палове дня заняцца скандынаўскай хадзьбой. Вечарам, калі сонца сядзе за гарызонт, добра і камфортна займацца “агароднымі справамі”.

Дзеці і ўнучка прыязджаюць у Кальчуны не толькі з нагоды святаў, але і без прычыны. Тады гаспадыня накрывае багаты стол, за які сядае ўся сям’я. Унучка часта гасцюе ў бабулі з дзядулем летам. Яна сядае на веласіпед і разам з сяброўкамі вандруе па навакольных вёсках. Галіна Рыгораўна і Часлаў Іосіфавіч радуюцца, што іх дом стаў цэнтрам прыцягнення для маладога пакалення. Гэта значыць, што радавое полымя не згасла, а сямейнае дрэва глыбока пусціла свае карані.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *