У чарговую нядзелю жыхары аграгарадка Гальшаны, адклаўшы надзённыя справы, сабраліся на тэатралізаванае свята “Гальшанскі кірмаш-2025”. Прысутных віталі артысты, якія запрасілі да актыўнага адпачынку. У самым пачатку мерапрыемства гасцей прывітала шчодрая і прыгожая Восень, якая прыйшла да гасцей не з пустымі рукамі, а з цэлым кошыкам дароў – бурачкоў, морквы, таматаў. Яна зазначыла, што восеньская пара з’яўляецца самай шчодрай з усіх пор года. Пасля дбайныя гаспадыні пачаставалі гледачоў караваем новага ўраджаю. Была на свяце і традыцыйная каша па рэцэпце бабы Ганны, якую з асаблівым задавальненнем смакавалі маленькія госці.
З’явіліся на сцэне і вяскоўцы. Дзве гаспадыні запрасілі гасцей да ўдзелу ў сельскагаспдарчай эстафеце. Пад дружныя апладысменты ўдзельнікі спаборніцтва спраўляліся з няпростымі заданнямі. У канцы кожнага чакала заслужаная ўзнагарода. Асабліва ўзнёсла і ўрачыста гучалі народныя песні. Многія не маглі заставацца на месцы і прыняліся танцаваць. Супрацоўнікі культуры, у сваю чаргу, запрашалі гасцей быць дынамічнымі і актыўнымі.
Ці можа кірмаш адбыцца без гандлю? Вядома ж, не. Гандлёвыя палаткі з напіткамі і прысмакамі былі падрыхтаваны для самых маленькіх удзельнікаў. Яны таксама маглі папрактыкавацца ў спрыце праз удзел у адмысловых гульнях. Восеньскія дэкарацыі нагадвалі пра прыход самай багатай і прыгожай пары, якая здолела падарыць усім прысутным прыўзняты настрой.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.







