У Ашмянах прайшоў чарговы восеньскі кірмаш

События

У суботу ашмянцаў у чарговы раз паклікаў восеньскі кірмаш. Калі яшчэ тыдзень назад гараджане і вяскоўцы больш наведваліся сюды для таго, каб паглядзець на цэны і тавар, то зараз бойка набывалі запасы на зіму.

Як кажуць, на кожны тавар знайшоўся свой пакупнік. Морква, капуста, бульба, салодкі балгарскі перац, яблыкі, цыбуля, зерне, памідоры – восеньскія дары разыходзіліся вельмі хутка. Мільгалі перад вачыма мяхі з бульбай. Яе ледзьве паспявалі адносіць да машын валанцёры – навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа,члены раённай арганізацыі БРСМ, і вучні СШ №3, якія прадстаўлялі раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа. Сваю дапамогу пажылым людзям у дастаўцы бульбы і іншай гародніны аказвала сацыяльная служба тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

А што тычыцца цэн, то лідарам па самых прыемных для пакупнікоў коштах на кімашы стаў філіял аблспажыўтаварыства. Чатыры тоны адборнай бульбы па 80 капеек за кілаграм разышліся ў імгненні вока. Капусту спажывецкае таварыства прадавала па 60 капеек, па 84 капейкі – моркву, яблыкі – па 3,99. Шмат пакупнікоў было і каля гандлёвай палаткі філіяла, у якой прадаваліся мяса і мясныя вырабы, паўфабрыкаты, салаты і выпечка.

Не стаялі без справы і сельскія гаспадаркі раёна, а таксама фермеры. КРСУП “Баруны” прапаноўваў бульбу па 80 капеек. Добра разыходзілася зерне: пшаніца, авёс, ячмень.

Не маглі прайсці ашмянцы міма журавін. Гэта вітамінная ягада ў асноўным каштавала 8 рублёў за кілаграм, але была і адборная – па 10. Прасіліся ў торбу спрытныя лісічкі. Ляжалі на продаж у скрынках зухаватыя гарбузы. Не шкадавалі пакупнікі грошай на рыбу і вэнджаныя сала і каўбасу. Кожны другі купляў памідоры – класічныя чырвоныя, ружовыя, жоўтыя і амаль чорныя.

Аб тым, што зіма не за гарамі, сведчылі прымеркі цёплых шапак, шалікаў і пальчатак. Тут актыўна выбіралі абновы жанчыны. Можна было ўсяго за 90 рублёў набыць адмысловыя валёнкі з аплікацыяй.

Той, хто хадзіў па кірмашы нетаропка, мог заўважыць казіны сыр “Шэўр”, а таксама сыры накшталт адыгейскага з рознымі дабаўкамі. Гэтыя прысмакі прыехалі да нас са Смаргоні. А вось жыхарка Маладзечна Святлана прывезла на продаж дэкаратыўнае проса двух гатункаў. Жанчына заўважыла, што пакуль ашмянцы толькі прыглядаюцца да навінкі, з большай ахвотай купляюць добра знаёмыя саджанцы.

Добры настрой дапамагалі пакупнікам падтрымліваць ашмянскія артысты. Работнікі раённага цэнтра культуры радавалі сваім жартамі і народнымі песнямі, а таксама розыгрышамі. Пакупнікі на хвіліну спыняліся, каб перадыхнуць, сабрацца з думкамі і ўспомніць, што яшчэ не прыдбалі.

Нагадваем, што ашмянцаў чакае яшчэ адзін “Восеньскі кірмаш”, які запланаваны на 12 кастрычніка.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *